Беларуская Служба

Беларускае слова стала мець значэнне для грамадства

26.09.2019 15:55
У Менску прайшло ўзнагароджанне лаўрэатаў Прэміі Гедройца, якая лічыцца галоўнай незалежнай літаратурнай прэміяй Беларусі.
Аўдыё
  • Прэмія Гедройца ў беларускай літаратурнай прасторы.
    2019
Узнагароджанне лаўрэатаў Прэміі Гедройца 2019 годаscreenshot z Youtube.com

Сёлетняя цырымонія паказала, што Прэмія адпавядае гэтаму статусу, кажуць у Беларусі.

Прэмія Гедройца прысуджаецца ўжо восьмы год у Беларусі. Папярэднімі пераможцамі станавіліся вядомы беларускія літаратары, як Уладзімір Някляеў, Ігар Бабкоў, Зміцер Бартосік, Уладзімір Арлоў ды іншыя.

Сёлета арганізатары – беларускі ПЭН-Цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў – моцна пастараліся, каб прэмія стала гучнай падзеяй. Яшчэ на этапе адбору можна было ня проста даведацца, хто ўвайшоў у так званы «кароткі спіс» 6 прэтэндэнтаў, але і адчуць смак напісанага слова, прачытанага аўтарамі. У сеціве можна было знайсці фрагменты з некаторых кніг.

Цырымонія ўручэння ўзнагарод прайшла ў менскім Палацы мастацтва, сярод партнёраў Прэміі былі замежныя амбасады, Польскі інстытут у Менску, уплывовыя медыі ды бізнесоўцы. Гэта сведчанне таго, што Прэмія Гедройца важная падзея для беларускай літаратуры, кажа паэт і перакладнік Андрэй Хадановіч.

Прэмія Гедройца – адна з найлепшых падзей у апошнія гады ў беларускай літаратурнай прасторы. Гэта самая вялікая з незалежных прэміяў што да матэрыяльнага ўзнагароджання і што да розгаласу. У Беларусі, дзе кепска працуе кніжны рынак, да таго ж пануе сітуацыя значнай маргіналізаванасці пісьменніка, які піша са слабой надзеяй на зваротную сувязь, менавіта Прэмія прыцягвае ўвагу да імёнаў, да вокладак, да кніжак. Прэмія – безумоўна важная штука! Яна дазваляе адкрываць новыя імёны альбо пацвярджаць рэпутацыю.

Найлепшай мастацкай кнігай 2019 года выдадзенай на беларускай мове журы Прэміі прызнала раман Іллі Сіна «Libido». Журы патлумачыла свой выбар «увасабленнем светаадчування сучаснага грамадства» і «авангардысцкімі тэхнікам пісьма» выкарыстаным у дадзеным творы. Пісьменнік Ілля Сін зазначыў, што гэта не зусім тое, што ён укладаў у свой раман, але кожны мае права на сваё прачытанне ягонага твору.

Я шчыра ўдзячны кожнай рэакцыі на мой тэкст. Рэакцый было на дзіў для мяне багата, усе былі вельмі розныя. Яны адрозніваліся ад таго сэнсу, якія я сам укладаў у гэты тэкст. Чытанне – гэта працэс сумоўя, таму я нічому не пярэчу. «Libido» – гэта тэкст пра святую, умоўна кажучы ХХІ-га стагоддзя. Безумоўна гэта таксама адлюстраванне маіх нейкіх унутраных станаў, кожны аўтар хоцькі-няхоцькі піша пра сябе.

Сёлета шмат працы мела і журы Прэміі. Чытаць давялося некалькі дзясяткаў літаратурных твораў, ацэньваць і адбіраць найлепшыя. Гэта цяжкая праца і цікавы досвед, – падзялілася сваім меркаваннем пісьменніца Марыя Мартысевіч, якая ў гэтым годзе ўпершыню ўваходзіла ў склад журы Прэміі Гедройца.

У журы я была першы раз за ўсе гады. Для мяне гэта быў першы досвед чытання такой колькасці беларускіх кніг запар. Агулам мы прачыталі кожны больш за 30 кніг. Для мяне гэта было цікавае чытанне ды камфортнае лета. Я чытала на вёсцы ў бацькоў на Берасцейшчыне. Было вельмі захапляльна. Нягледзячы на тое, што толькі 12 твораў выйшлі ў доўгі спіс, а 6 у кароткі, а пераможцаў было толькі 3, я ўдзячная ўсім аўтарам, якія напісалі кніжкі летась па-беларуску. Кнігі мелі розны літаратурны ўзровень, але з кожным аўтарам было б цікава пагутарыць і знайсці штосьці каштоўнае ў тым, што ён робіць. Я бачыла шчырае жаданне працаваць для літаратуры. Для мяне гэта важна. Вельмі важна тое, што я бачыла на сцэне фундатараў – беларускіх бізнесоўцаў. Гэта самая вялікая ацэнка, што беларускае слова стала мець значэнне для грамадства. На першай цырымоніі я нават не магла ўявіць, што некалі бізнесовец падымецца на гэтую сцэну і скажа, што падтрымлівае беларускую культуру.

У Менску прайшло ўрачыстае ўзнагароджанне лаўрэатаў Прэміі Гедройца. Трыма найлепшымі кнігамі ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы на беларускай мове прызнаныя раман Іллі Сіна «Libido», кніга «Поўня» Міхала Андрасюка ды «Садомская яблыня» Алены Брава.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч