Падзеі й камэнтары


Прыватная ўласнасьць ды адкрытая эканоміка – рэцэпты выхаду з крызысу Беларусі 07.02.2009 слухаць 3,44 MB

Цяперашні сусьветны крызыс змушае палітыкаў ды экспэртаў шукаць усё новыя й новыя рэцэпты: якую палітыку павінны ажыцьцяўляць дзяржавы, як павінны сябе паводзіць звычайныя людзі. Для Беларусі выхадам з крызысу павінна стаць правядзеньне спыненых рэформаў.

Эканамічны крызыс, які пачаўся ў 2007 годзе, ахапляе паволі большасьць краінаў сьвету. На сёньняшні дзень ніхто ня можа прадказаць, калі ён скончыцца й якімі будуць наступствы. Некаторыя экспэрты кажуць пра тое, што крызысныя тэндэнцыі спыняцца праз тры гады, дзякуючы рашучым скаардынаваным дзеяньням урадаў розных краінаў. Пры гэтым чакаецца, што крызыс, апрача рэцэсіі ды падзеньня ўзроўню жыцьця, можа прывесьці да аднаўленьня сусьветнай эканомікі. Зьявіцца новы этас эканамічнай дзейнасьці ды людзі стануць больш адказныя й ашчадныя ў сваіх выдатках. Тык было ў выпадку папярэдніх сусьветных эканамічных крызысаў, якія здараліся ў ХХ-ым стагодзьдзі.

Аляксандар Лагвінец: Цяперашні крызыс пацьвердзіў наяўнасьць цыклічнасьці ў разьвіцьці эканомікі й няздольнасьць чалавецтва кантраляваць цалкам эканамічную каньюктуру. Наступствы крызысу - гэта адкрытае пытаньне. З аднаго боку, будуць нэгатыўныя наступствы. Напрыклад, вынікам крызысу 1930-х гадоў стала вайна. З другога боку, пасьля вайны пачаўся доўгі пэрыяд эканамічнага разьвіцьця й росту дабрабыту ў краінах капіталістычнай эканомікі. Увогуле любы крызыс вядзе да якасных зьменаў як унутры кожнай краіны, так і ў міжнароднай сыстэме ў цэлым. Ключавым пытаньнем выхаду з крызысу зьяўляецца спалучэньне прадуманай дзяржаўнай палітыкі ды актыўнасьці бізнэсовых колаў, паколькі паасобку ні дзяржава, ні бізнэс ня ў стане адказаць на выклікі крызысу.  

У сувязі з крызысам беларускія экспэрты  пачалі казаць пра патрэбу эканамічных рэформаў у краіне. Панятак рэформаў даволі шматзначны, таму мы пацікавіліся: якія  рэформы трэба правесьці й на прыкладах якіх краінаў магла б вучыцца Беларусь. На гэтыя пытаньне даў адказ менскі эканаміст Міхась Залескі.

Міхась Залескі: Першае, што трэба пачынаць - змену ўласьнікаў, хоць цяпер і нявыгадны момант для гэтага. Першую ўласнасьць, што трэба тут укараняць - гэта ўласнасьць на зямлю, а потым на сродкі вытворчасьці. Інакш не зьяўляецца чалавек зацікаўленым у энэргазьберажэньні, у адшчаднасьці, у правільным выкарыстаньні працоўнай сілы. Нашыя сучасныя дырэктары - чыноўнікі дзяржавы. Другое - нам варта браць прыклад з Паўднёвай Карэі. Яны найбольш выйграюць пасьля крызысу. У іх пачалася праграма 27-мі мільярдаў даляраў інвэстыцыяў у стварэньне інтарнэт-сетак па краіне. Уся іх сувязь і ўся сыстэма ІТ узмоцніцца на парадак. Такая мгчымасьць была і ў нас, але мы яе не разьвілі. Аднак трэба працягваць будаваць гэты сэктар, бо за ім будучыня.

Другім антыкрызысным крокам для Беларусі, пасьля рэформы ўласьнасьці, павінна стаць лібэралізацыя ды адкрыцьцё эканомікі. Наколькі гэта важна, тлумачыць беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў.

Леанід Злотнікаў: Выхад з крызысу адбываецца пры нізкіх коштах на прадукцыю.  Ва ўмовах крызысу выжываюць толькі тыя фірмы, якія найбольш эфэктыўныя, знаходзяць рэсурсы, каб абнаўляць тэхналёгію, прадукаваць лепшую па якасьці прадукцыю зь меншай цаной. У Беларусі такіх шанцаў няма. Таму што ўсе крэдытныя рэсурсы ідуць на падтрыманьне неэфэктыўнай вытворчасьці. У нас закрытая эканоміка й няма інвэстыцыяў, якія ідуць у аднаўленьне вытворчасьці. Беларусі патрэбна нармальная лібэралізацыя ды трэба адчыніць эканоміку. Дзякуючы гэтаму мы ўпішамся ў міжнародны падзел працы. Па дадзеных вучоных, за апошнія 20 гадоў тэмпы росту ў краінах з адкрытай эканомікай склалі  6-7% у год, а з закрытай эканомікай - 0,7% у год. Гэта значыць, што трэба ўключацца ў сусьветны рынак, але гэтага ня можна зрабіць пры каманднай эканоміцы. Гэта абмяжоўвае інвэстыцыі ды эфэктыўнасьць. Сёньня Беларусь ставіць на імпартазамяняльную вытворчасьць, пры гэтым інвэстыцыі ў асноўныя фонды застаюцца ў памеры 1-2%, тады як у Расеі - 16%. Пакуль мы ня ўпішамся ў сусьветную эканоміку, ня будзе выхаду з крызысу, бо ня будзе эфэктыўнай і канкурэнцыйнай прадукцыі.

Гэтыя рэформы не зьяўляюцца адзіным рэцэптам выхаду з эканамічнага крызысу. Беларускі ўрад можа знайсьці іншыя крокі, галоўнае, каб яны былі выніковымі. Разам з тым сёньняшні крызыс стварае добрую магчымасьць распачаць дыскусію пра далейшае разьвіцьцё беларускай дзяржавы.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч 

 


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone