Здарылася ў Беларусі


Галадоўка У. Кацоры 29.06.2009

Гомельскі лідэр Руху “За Свабоду” Ўладзімер Кацора трымае сухую галадоўку ўжо 5 дзень. Яго падтрымліваюць паплечнікі – 6 дэмакратычных актывістаў, якія таксама аб’явілі галадоўку. Жанчыны-паплечніцы напісалі зварот да старшыні Гомельскага абласнога суду Людмілы Міхальковай, а міліцыянты замалёўваюць надпіс “Галадоўка пратэсту” на браме офісу аб’яднаных дэмакратычных сілаў. За падзямі сочыць Ян Стужынскі.

Уладзімер Кацора, выйшаўшы зь ізалятара часовага ўтрыманьня, дзе ён трое сутак адбываў пакараньне за арганізацыю й правядзеньне мірнай акцыі ў Дзень памяці зьніклага генэрала Юрыя Захаранкі, заявіў пра тое, што й надалей будзе трымаць сухую галадоўку. Дарэчы, у камэры, дзе сядзеў палітык, па яго просьбе адміністрацыя адключыла ваду. Зроблена гэта было для таго, каб не было ніякіх пытаньняў.

Уладзімер Кацора: Хачу падзякаваць КДБ ды яго так званаму аддзелу абароны канстытуцыйнай законнасьці за тое, што далі час. Гэта, па-першае. Прайшло больш за месяц, як мы правялі тую акцыю 7 траўня, і толькі пазьней яны сталі рыхтавацца й пісаць пратаколы. Такім чынам яны нам далі магчымасьць падрыхтавацца. Па-другое, што вынесьлі такое рашэньне - арышт трое сутак. За той час у камэры я змог увайсьці ў рэжым сухой галадоўкі. А зараз пацьвярджаю, што галадоўка будзе працягвацца. Да якой пары – пакажа час.

Сёньня Ўладзімір Кацора накіроўваецца ў Цэнтральны суд горада Гомеля. Мэты дзьве: забраць копію пастановы суду ды паглядзець у вочы самай “справядлівай судзьдзі” Марыне Дамненцы. Заўтра, як міне 5 дзень сухой галадоўкі, а гэта ўжо крытычны час, гомельскі актывіст будзе ў абласным судзе.

Уладзімер Кацора: Пабуду ў судзе Цэнтральнага раёну, паколькі мне не далі пастановы на рукі. Я там яе папрашу. Ды паспрабую паглядзець у вочы самай справядлівай судзьдзі Цэнтральнага раёну Дамненцы. Потым пабудзем у пракуратуры, дзе пакінем нашу заяву аб тым, каб абласны суд, яго калегія разглядзела нашыя – я думаю, што й мае калегі таксама падалі – заявы. У аўторак галадоўка працягнецца ў абласным судзе да той пары, пакуль я не атрымаю адказ: Будзе разглядацца справа, ці ня будзе.

Тым часам жанчыны з гомельскай кааліцыі, як патлумачыла сябра Каардынацыйнай рады Гомельскай абласной кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Галіна Скараход, падтрымліваюць Кацору.

Галіна Скараход: Гэта, як крайняя мера супраць несправядлівасьці прысудаў дэмакратычным актывістам. Гэта ня толькі факт сёньняшняга дня – незаконнае рашэньне аб акцыі 7 траўня. Гэта рэакцыя на пастаянныя перасьледы, у тым ліку й судовай сыстэмы, людзей, якія хочуць дэмакратычных зьменаў у краіне.

Яны падрыхтавалі зварот да старшыні Гомельскага абласнога суду Людмілы Міхальковай, дзе просяць пераглядзець рашэньне судзьдзі Цэнтральнага раёну Марыны Дамненкі ды разабрацца па справядлівасьці ў справе. Таксама яны заклікаюць судзьдзю-жанчыну да міласэрнасьці. 

Галіна Скараход: Мы павінны ўмяшацца ў гэты працэс. Ды як бы парадаксальна гэта не гучала, я хачу зьвярнуцца да старшыні абласнога судзьдзі за міласэрнасьцю й спагадай. Мы падрыхтавалі такое хадатайцтва-зварот на імя старшыні абласнога суду, якая таксама жанчына, каб яна перагледзела ў рамках яе паўнамоцтваў і магчымасьцяў, тое несправядлівае рашэньне, што вынесена зноў жа жанчынай - Марынай Дамненкай.

Не падтрымліваюць галадоўкі спадара Кацоры хіба што мясцовыя ўлады. Міліцыянты Чыгуначнага аддзелу Гомеля часьцяком наведваюць офіс Аб’яднаных дэмакратычных сілаў на Палескай, 52. Іх вельмі непакоіць, што дэмакраты парушаюць грамадзкі парадак, вывешваючы расьцяжкі з надпісам “Галадоўка”, ды малююць гэты лёзунг на плоце ўласнага дома. Апошні раз літаральна прыйшлося выпіхваць за дзьверы чарговага “госьця” – капітана міліцыі Ігара Дзятлава. Ён хацеў арыштаваць ды завесьці ў пастарунак мужчыну, што маляваў на браме гэты надпіс. Бачна было, што Ігар Дзятлаў у такіх палітычных справах яшчэ неспрактыкаваны, хаця ўжо й капітан. На Палескую, 52, ён прыехаў, таму што, маўляў, на апэратыўную тэлефоную лінію паступіла паведамленьне, што ў гэтым доме парушаюць грамадзкі парадак.

Ігар Дзятлаў: Я заходжу ў любы двор, калі ёсьць паведамленьне аб выкліку. Я зайшоў. Прадставіўся. Я маю права прайсьці й пагаварыць з гаспадаром, зь любым грамадзянінам, які знаходзіцца ў гэтым доме. Я разумею, калі б дзьверы былі зачыненыя. Я ж не ламіўся. Не проста так я, напэўна, прыехаў. Я не хачу пра гэта гаварыць.

Дарэчы, для чаго прыехалі капітан Дзятлаў ды яшчэ тры міліцыянты, ён так і не патлумачыў. Якое парушэньне зьдзяйсьняюць людзі, малюючы на сваім уласным плоце, ён таксама ня змог патлумачыць. Хаця надпісам, якія паведамляюць гамяльчанам, пра тое, што ў іх горадзе праходзіць галадоўка, не “шанцуе” пратрымацца больш за 5 гадзінаў – іх то здымаюць міліцыянты, якія пастанна сочаць за “штабам” галадоўкі, то мясцовыя камунальнікі замалёўваюць фарбай.

Ян Стужынскі, Польскае радыё


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone