Ніводная з выставачных заляў Менску не пагадзілася прыняць выставу з нагоды 1000-годзьдзя Літвы. Летувіскія дыпляматы кажуць, што прычынаю стала частка выставы, якая прадстаўляе пэрыяд савецкай акупацыі. У выніку выстава адчыненая ў летувіскай амбасадзе ў Менску. Яна прысьвечаная першым гістарычным запісам, у якіх выкарыстана назва „Літва”, і тычыцца гісторыі й культуры сучаснай Летувы.
Выстава падзеленая на дзьве часткі: ад фармаваньня літоўскай дзяржаўнасьці, праз Грунвальдзкую бітву да сучаснасьці. Найбольш спрэчнымі для беларускіх уладаў зьяўляюцца два разьдзелы – „1940-1941 і 1944-1991 савецкая акупацыя”. Паводле арганізатараў выставы, менавіта гэтыя разьдзелы сталі прычынаю адмовы выдзяленьня залі для выставы.