У выдавецкай сэрыі “Гарадзенская бібліятэка” пабачыла сьвет чарговае выданьне – кніга знакамітага гісторыка Алеся Краўцэвіча “Рыцары й дойліды Гародні”. Гэта ўжо восьмая кніга, выдадзеная намаганьнямі гарадзенскага Руху “За Свабоду”.
«Рыцары й дойліды Гародні» – гэта тры навэлы, якія аўтар пісаў на працягу 10 гадоў. Кніга адрасаваная дзецям старэйшага ўзросту, хаця яе мова здольная зацікавіць любога чытача. Першая навэла прысьвечаная Гарадзенскаму замку, другая - князю Вітаўту, а трэцюю можна сьмела назваць падручнікам па археалёгіі беларускага позьняга Сярэднявечча й пачатку новага часу. У апошняй гаворка ідзе пра раскопкі, знойдзеныя рэчы й зьвесткі, пра якія шырокай публіцы невядома.
А. Краўцэвіч: Гэты горад уведзены ў кантэкст беларускай гісторыі. Гэта наша спадчына, якой мы павінны ганарыцца. Невыпадкова кніга названа “Рыцары й дойліды Гародні”, таму што гэта дзьве галоўныя функцыі. Адныя горад баранілі ад ворагаў, бо ён разьмяшчаўся на мяжы з Тэўтонскім ордэнам, а другія горад будавалі. Ёсьць гіпотэза, што цэрквы ў Гародні будаваў Пётр Міланэг. Рыцар і будаўнік нашага гораду – гэта гарадзенскі князь Вітаўт, гэта была ягоная першая пасада. Ён збудаваў гатычны замак у Гародні. Гэта таксама сотні й тысячы людзей, пра якіх мы нічога ня ведаем, але пасьля якіх засталіся рэчы, зробленыя імі.
Рэчы, якія сёньня перажываюць свае ненайлепшыя часы, як, напрыклад, Гарадзенскі замак. Ад замку засталіся фактычна руіны. У старым замку месьціцца музэй. Ёсьць праект рэканструкцыі, але ў гісторыі ён выклікае больш непакою, чым радасьці. Цікавым для гісторыкаў зьўляюцца руіны ніжняй царквы, якія знаходзяцца 6 мэтраў ніжэй узроўню зямлі й накрытыя павільёнам.
Пра шмат якія гістарычныя каштоўнасьці гораду могуць сьведчыць цудоўныя ілюстрацыі, зробленыя Паўлам Татарнікавым. Яны маюць ня толькі высокую мастацкую вартасьць, але й, на думку Краўцэвіча, адпавядаюць гістарычнай рэальнасьці.
П. Татарнікаў: Было вельмі цікава працаваць над гэтай кнігай. Было цікава пазнаёміцца з Алесем Краўцэвічам. Калі ён прапанаваў ілюстраваць яго кнігу, то я з задавальненьнем згадзіўся. Працаваў я амаль цэлы год. Над кожнай тэмай прыходзілася папрацаваць, дзесьці шукаць матэрыялы, дзесьці дадаваць фантазію, дзесьці даводзілася выязджаць на месца й рабіць тапаграфічныя дасьледаваньні. Алесь Краўцэвіч павадзіў мяне па музэях і па зачыненых сховішчах, таму праца была вельмі цікавай.
“Рыцары й дойліды Гародні” - гэта ўжо восьмае выданьне сэрыі “Гарадзенская бібліятэка”. Стваральнікі выдавецкай сэрыі імкнуцца дапамагчы будаваць у гарадзенцаў пачуцьцё лякальнага патрыятызму й беларускай самасьвядомасьці. Гаворыць каардынатар сэрыі Павал Мажэйка.
П. Мажэйка: Ідэя гэтай кнігі, як зрэшты і ўсёй сэрыі, у тым, каб паказаць, што беларусы маюць багаты гістарычны й культурны здабытак, але й тое, што гэта спадчына мае канкрэтных герояў, канрэтныя гістарычныя падзеі, факты, месцы. На гэтай гісторыі варта будаваць нацыянальную самасьвядомасьць і лякальную сьвядомасьць, у нашым выпадку гарадзенцаў. Менавіта спалучэньне добрапададзенага тэксту з выдатнымі малюнкамі можа спрыяць таму, што моладзь і старэйшыя зацікавяцца гэтай кнігай, і яна трошкі паверне іх да беларушчыны.
Кнігу “Рыцары й дойліды Гародні” можна набыць у гарадзенскай кнігарні “Кнігі” (Гарнавых, 7), а таксама ў Цэнтры беларускай кнігі (Будзёнага 48а-44, памяшканьне Таварыства беларускай школы). Прадаецца яна і ў кнігарнях Менску.
Выдавецкая сэрыя “Гарадзенская бібліятэка” заснавана ў 2006 годзе гарадзенскім Рухам “За Свабоду” ў шчыльным супрацоўніцтве з Калегіюмам Усходняй Эўропы з Уроцлава. Сэрыя знаёміць зь гісторыяй горада, свабоднай ад ідэалягічнай хлусьні, з мастацкімі творамі й навуковымі працамі гарадзенцаў, якія сталі значным унёскам у культуру беларускага народу й суседзяў.
Дзьмітры Гурневіч