3% беларусаў не прынялі ўдзелу ў перапісе насельніцтва, які завершыўся ў суботу.
Пры гэтым 2,7% насельніцтва падчас перапісу не знаходзіліся па месцы пражываньня. Для іх з 25 па 29 кастрычніка будзе адбывацца кантрольны абход.
Першыя вынікі перапісу стануць вядомыя ў лютым будучага году. Будуць падрыхтаваныя дадзеныя аб колькасьці насельніцтва з разьмеркаваньнем па месцы жыхарства й полу. Да 1 верасьня 2010 году будуць сфармаваныя асноўныя выніковыя лічбы з разьмеркаваньнем па полу, узросьце, нацыянальнасьці, мове, адукацыі, даходах. Поўная апрацоўка пэрсанальных дадзеных будзе завершана да 30 сьнежня 2011 году.
Сацыёляг Алег Манаеў кажа, што перапіс насельніцтва - гэта вельмі важная й патрэбная працэдура, якая павінна праводзіцца ў кожнай краіне. Гэта дае інфармацыю аб структуры грамадзтва, зьменах у гэтай структуры, сацыяльна-дэмаграфічным і геаграфічным стане. Гэтая крыніца інфармацыя важная ня толькі для сацыялёгіі, але й для шэрагу іншых навук, між іншым, паліталёгіі й эканомікі.
Алег Манаеў аднак называе некалькі недахопаў перапісу насельніцтва ў Беларусі.
А. Манаеў: Вялікі недахоп заўсёды быў у тым, што апрацоўка дадзеных вядзецца надзвычай павольна. Поўныя вынікі будуць толькі ў 2011 годзе. Гэта першае. Па-другое, гэтыя вынікі ня так лёгка й здабыць. Напрыклад, вынікі апошняга перапісу, які быў у студзені 1999 году, зьмешчаныя толькі ў адным зборніку, які ўтрымлівае тысячную долю ўсіх афіцыйных табліцаў, якія існуюць.
Большасьць пытаньняў, як кажа сацыёляг, была стандартная, як і ў іншых краінах. Аднак прынамсі пра два пытаньні ў сёлетнім перапісе можна казаць як пра неканкрэтныя. Гаворка пра пункты, дзе кожны грамадзянін павінен быў назваць родную мову й нацыянальнасьць.
А. Манаеў: Гэтыя пытаньні былі не да канца правільна сфармуляваныя. Я нават сам ня ведаў, як адказаць, і прасіў свайго перапісчыка патлумачыць. Ім праводзілі пэўныя курсы, але не навучылі самаму галоўнаму. Ім не сказалі, як патлумачыць некаторыя фармулёўкі. Невядома, якая мова родная. Адныя тлумачаць, што першая пачутая. Іншыя - на якой размаўляеш. І гэта было істотнай праблемай. Праблема ў шматзначнасьці пытаньня, якое ў адпаведнасьці з падыходам да яго, можа мець розныя вынікі. Падобная праблема з пытаньнем аб тым, кім я сябе адчуваю. Што маецца больш на ўвазе: культура, літаратура, якую я больш чытаю, ці мова, на якой я думаю. Перапісчык мне сказаў, што кожны па-рознаму адказвае на гэтае пытаньне, хто як. На маю думку, мінімум гэтыя два пытаньні з 37-і дапускалі шматзначнасьць. Як сацыёляг я магу сказаць, што гэта закончыцца тым, што ўсе гэтыя пытаньні будуць зьведзеныя ў адну форму, але зьмест на самой справе будзе адрозьнівацца. Я ня ўказваю, якая канкрэтна павінна была быць фармулёўка, але яна павінна была быць адназначнаю. Калі б я запытаўся, што гэта значыць, мне павінны адказаць - гэта й гэта.
Ці былі парушэньні падчас перапісу насельніцтва, на якія варта зьвярнуць увагу? На гэтае пытаньне нам адказваў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
В. Стэфановіч: Якія тут могуць быць заўвагі… Няма заўваг, бо працэдура вельмі дзіўная сама па сабе. Перапісчык, які бярэ інфармацыю ў грамадзяніна, нават яе не правярае. Я магу казаць усё, што заўгодна. Ніхто мяне не праверыць. Магу нават сказаць, што я Леапольд.
Канечне, заўвагу выклікае фармулёўка пытаньня аб роднай мове. Адказ на пытаньне пра мову, якую я чуў першаю ў дзяцінстве, можа не адпавядаць таму, якую мову я лічу роднай. Першая мова, якой я авалодаў у дзяцінстве, была расейская, але цяпер я гавару па-беларуску. А што казаць пра выпадкі, калі чалавек нарадзіўся, напрыклад, у Афганістане.
Ёсьць яшчэ такая праблема. Звоняць студэнты платных факультэтаў. Іх прымусілі працаваць на перапісе, а пераразьлік унівэрсытэты рабіць ня хочуць. А ў дакумэнтах усё ў парадку, бо фармальна іх ніхто не прымушаў.
Магчыма, былі й іншыя парушэньні. Як расказала нам вясковая жыхарка спадарыня Надзея, ёй задалі толькі два пытаньні, замест неабходных 37.
Спадарыня Надзея: Запыталі ў нас, хто мы па нацыянальнасьці. Мы сказалі палякі. Потым запыталі, на якой мове размаўляем. Я сказала, што дома паміж сабою гаворым па-простаму. Больш пра нішто не пыталіся.
Відаць, перапішчык палічыў, што задаваць іншыя пытаньні, напрыклад, аб адукацыі, даходах і доступу да інтэрнэту старэйшым вясковым жыхарам няварта.
Алена Пытэль