Экалягічная тканіна супраць штучнага цэляфану
Абласное грамадскае аб’яднаньне Асацыяцыя дзяцей і моладзі ў Гомелі наладзіла шэраг экалягічных акцыяў. Валянтэры АСДЭМА, а менавіта так скарочана называецца іх арганізацыя, у дзьвюх крамах абласнога цэнтра праводзілі анкетаваньне жыхароў і раздавалі ім “экалягічныя торбачкі”.
Сябры арганізацыі задаліся пытаньнямі, што сёньня людзі ўвогуле ведаюць пра экалягічную ўпакоўку, ці бачаць яны альтэрнатыву звыклым аднаразовым цэляфанавым пакетам. Альтэрнатыва ёсьць - кожнаму апытанаму прапанавалі торбы з тканіны – матэрыялу прыроднага, а не хімічнага. Дарэчы, такіх торбаў сёньня ў беларускіх крамах не адшукаеш – перакананая валянтэрка Кацярына Барсук.
Кацярына Барсук: Няма абсалютна нідзе. Чалавек ня можа набыць сёньня сапраўдныя экалягічныя торбы й таму ён вымушаны купляць поліэтыленавыя пакеты. Ён купляе прадукты ў пакунку з плястыку. А, як нам вядома, гэта нічога не гніе. Гэта складуецца ў нас на палігонах. Палігоны растуць, забруджваецца навакольнае асяродзьдзе – вадаёмы, каналізацыя... Ад гэта пакутуюць усе, ня толькі людзі, але і навакольле, і жывёлы. Гэта вельмі глябальная праблема зараз. Сёньня ў сьвеце ў многіх краінах увогуле забаронены продаж поліэтыленавых пакетаў. У Кітаі дакладна забаронены, Японія таксама, здаецца, забараніла. А ў нас, нават калі падыходзіш да людзей, даеш ім торбу з тканіны й распавядаеш, што гэта такое, яны не разумеюць, для чаго гэта трэба, яны нават не ўяўляюць, што менавіта такія торбы трэба выкарыстоўваць.
Паводле словаў Кацярыны, акцыі праходзілі вельмі пазытыўна. І людзі зь вялікім задавальненьнем распавядалі эколягам пра сваё бачаньне гэтай праблемы. Напрыклад, адказваючы на пытаньне, якая ўпакоўка лічыцца найбольш бясьпечнай для здароўя, каля 70 адсоткаў жанчын абралі торбу з тканіны.
Кацярына Барсук: У рамках анкетаваньня мы раздавалі палатняныя торбы – экалягічныя. Людзі зь вялікім задавальненьнем іх бралі і нават прасілі яшчэ для сваіх сваякоў. Многія пыталіся, дзе ж можна будзе набыць такую торбу, на выпадак, калі адной будзе мала. На гэтае пытаньне нам было няёмка адказваць, бо прыходзілася казаць, што, на жаль, гэта адзінкавая акцыя. Калі я прыходзіла да адміністрацыі крамаў, то ў мяне складвалася ўражаньне, што яны нэгатыўна паставіліся б да таго, калі б ім прапанавалі праз свае гандлёвыя кропкі рэалізоўваць менавіта такія экалягічныя торбы. Яны пачынаюць казаць, што гэта вельмі дорага.
І, нягледзячы на тое, што сапраўды прыкладны кошт такой торбы будзе складаць 3 тысячы беларускіх рублёў, вынікі анкетаваньня гавораць, што народ сёньня гатовы імі карыстацца - заўважае Кацярына Барсук.
Кацярына Барсук: Высьветлілі, ці гатовыя людзі, калі б зьявілася альтэрнатыва, выкарыстоўваць экалягічныя пакункі, набываць іх. І нас вельмі парадавала, што сапраўды людзі сёньня гатовыя гэта набываць. Калі мы іх анкетавалі, яны зьдзіўляліся, маўляў, ці сапраўды поліэтыленавыя пакеты прыносяць такую шкоду навакольлю. У нас вельмі актыўнае насельніцтва. Галоўнае - даць ім магчымасьць рабіць выбар. А ў нас чамусьці спрацоўвае стэрэатып, што быццам бы нашыя людзі не гатовыя думаць пра экалёгію. Проста большасьць зь іх не інфармаваная. Яны проста ня ведаюць, што для іх сапраўды шкодна. Ня ўсе сёньня нават ведаюць, што ёсьць прадукты харчаваньня ў экапакунках. На жаль, у нашых крамах такіх прадуктаў вельмі мала, таму напэўна й ня ведаюць ды ня зьвяртаюць увагі.
Зразумела, што гэта праблема не аднаго дня. Хаця Эўропа гэтае пытаньне вырашыла – буйныя гандлёвыя сеткі даўно прапаноўваюць адмысловыя торбы, напрыклад, са сваёй рэклямай. Беларускія валянтэры сёньня могуць толькі акумуляваць свае прапановы ды шукаць альтэрнатывы.
Кацярына Барсук: Нават бабулі, калі мы ім давалі нашыя торбы, казалі, маўляў, яны могуць яшчэ лепшыя зрабіць. Нават можна заклікаць нашых бабуляў: шыйце экалягічныя торбы сваім дзецям ды ўнукам. І ўжо будуць торбы. Мы тлумачылі, што нашая арганізацыя ня можа абяцаць, што празь месяц пачнуць прадавацца такія торбы. Нашая акцыя была скіраваная на тое, каб адміністратары крамаў зацікавіліся й убачылі, што людзі хочуць набываць такія торбы. Спажывец ёсьць. Мы хочам, каб дзяржаўныя ворганы таксама гэта заўважылі, і мы абавязкова будзем да іх зьвяртацца з такім пытаньнем.
Акцыя актуальная ня толькі ў Гомелі. Валянтэраў таксама бачылі ў буйных гандлёвых кропках Менску. Там працавалі партнэры АСДЭМА з “Цэнтру экалягічных рашэньняў” ды грамадзкай арганізацыі “Экадом”. Усё разам – гэта агульны праект “Экаўпакоўка як стыль жыцьця”.
Ян Стужынскі, Польскае радыё