«Советская Белоруссия» надрукавала матэрыялы пра Курапаты менавіта на Дзень ушанаваньня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Але, быццам бы, выпадкова. Ані пра блізкія Дзяды, ані пра Дзень памяці ахвяраў рэпрэсіяў ані слова не было сказана.
Дзень памяці продкаў мае для беларусаў асаблівае значэньне. Менавіта на Дзяды з канца 1980-х гадоў ушаноўваецца памяць ахвяраў савецкага рэжыму. Менавіта ў Курапаты штогод накіроўваліся шэсьці, якія ладзіла апазыцыя. Але сёлята напярэдадні сьвята газэта Адміністрацыі прэзыдэнта «Советская Белоруссия» быццам бы перахапіла ініцыятыву й надрукавала вялікі артыкул пра Курапаты.
Адзін з кіраўнікоў беларускай сэкцыі «Мэмарыял» Вячаслаў Сіўчык бачыць у гэтым станоўчы факт.
Вячаслаў Сіўчык: Станоўча стаўлюся да таго, што ў галоўнай газэце сёньняшняга рэжыму на першай старонцы быў надрукаваны артыкул Паўла Якубовіча пра Курапаты. А на трэцяй старонцы – Круглы стол, які, праўда, адбыўся ўжо даўно. Канечне, шкада, што ні ў адным матэрыяле не было пазначана, які гэта дзень. Але тое, што гэта надрукавана на Дзень ушанаваньня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, станоўчы факт. Як станоўчымі зьяўляюцца й тыя акцыі, што праводзіла беларуская грамадзкасьць. Я перакананы, што ў будучым нацыянальным календары Беларусі будзе гэты жалобны дзень – Дзень ушанаваньня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.
«Советская Белоруссія» піша: «Прыйшоў час гучна і ясна сказаць: Курапаты — гэта могілкі, прычым могілкі, калі можна так выказацца, агульнанацыянальнага маштабу… На могілках не прынята крочыць калёнамі, сьпяваць ці павышаць голас. Могілкі прымушаюць быць больш добрымі, задумацца пра вечнае й памаліцца ў душы». Чаму ж тады СБ не абуралася, калі напачатку году Міністэрства культуры Беларусі адмовілася прадставіць Курапаты для ўнясеньня ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА, хоць з такою прапановаю выступала Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры, якое дамагаецца таксама, каб дзяржава выконвала ўскладзеныя на сябе абавязкі па ахове Курапатаў.
Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры Антон Астаповіч: У Курапатах з 1939 году зьнішчаліся выбітныя прадстаўнікі ня толькі беларускага народу, але й народаў Польшчы, Балтыйскіх краін. Гэта транснацыянальны аб'ект. Калі б была палітычная воля, дык менавіта, абапіраючыся на гэтыя пункты Канвэнцыі, можна было б працаваць. Але гэтай волі няма, і невядома, калі яна высьпее.
У Круглым стале па пытаньнях Курапатаў, матэрыялы якога надрукавала СБ, узялі ўдзел Мая Кляшторная, Андрэй Клімаў, Ігар Лашук, Мікалай Смяховіч. Без дыскусіі не абышлося, хоць спрэчка з Паўлам Якубовічам сьмеху вартая. «СБ», з аднаго боку, піша, што час зразумець для ўсіх, незалежна ад поглядаў, што «Курапаты — гэта трагічны ўрок для грамадзтва», але, зь іншага боку, «час лечыць раны», і сёньня «новыя пакаленьні палітыкаў ужо не нясуць адказнасьці за Курапаты».
Палітычнае супрацьстаяньне, на думку Паўла Якубовіча, вядзе да новых Курапатаў, бо «сталіншчына» даўно стала гісторыяй, а ўсе ахвяры рэабілітаваныя.
Як слушна заўважае «Наша Ніва», тут Павел Якубовіч лукавіць. Досыць згадаць імя выкінутай з падручнікаў Ларысы Геніюш.
Юры Чавусаў, палітоляг: Гэта ўжо ня першы раз, калі «СБ» – газэта, што адлюстроўвае пункт гледжаньня Адміністрацыі прэзыдэнта, адыходзіць ад прапагандысцкага канону. Публікацыя выглядае на спробу перахапіць ідэалягічныя кропкі, замацаваныя за палітчынай апазыцыяй. Тонкая прапагандысцкая гульня. Але дэманструе зьмены ў ідэалягічнай схеме беларускай улады. Гэтыя зьмены скіраваны не на перахоп лёзунгаў, а на інтэграцыю ў тэму дзяржаўнай ідэалёгіі некаторых нацыянальных мітаў. Адрасатам публікацыі ёсьць шырокае кола дэмакратычна настроенага грамадзтва, для каго тэма палітычных рэпрэсіяў (асабліва сталінскіх) зьяўляецца балючай. Гэта спроба дэпалітызацыі тых грамдзка-адчувальных тэмаў, зь якіх апазыцыя чэрпае свой ідэалягічны й чалавечы рэсурс. Курапаты – знакавае месца, кропка адліку процістаяньня ў беларускім грамадзтве.
Публікацыя – гэта спроба адысьці ад лабавога супрацьстаяньня. Варта нагадаць, што Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў пачалі адзначаць 30 кастрычніка яшчэ з 1974 году на ініцыятыву аднаго з ўдзельнікаў праваабарончага руху ў СССР. У Беларусі гэтая тэма не перастае быць актуальнаю.
Ганна Гарачка