Здарылася ў Беларусі


«Расстраляная гістарыяграфія» 31.10.2009 слухаць 1,1 MB

«Расстраляная гістарыяграфія» - гэтак называецца прадмова рэдактара Валера Булгакава да сьвежага, сёмага, нумару часопіса "ARCHE". Гэты артыкул зьяўляецца ўводзінамі ў нумар, які складаецца з твораў беларускіх гісторыкаў, апублікаваных у 20-х гадох ХХ ст. Гісторыкаў, якія былі фактычна зьнішчаныя сталінскім рэжымам пасьля сваіх публікацыяў. У лепшым выпадку аўтарам публікацыяў удалося выехаць зь Беларусі. У горшым выпадку, навукоўцы былі брутальна зьнішчаныя сталінскім апаратам тэрору.

Валер Булгакаў, рэдактар: Гэта агромністы інтэлектуальны досьвед судакранацца з тэкстамі беларускіх гісторыкаў, створанымі ў 20-х гадох. Гэта сапраўдная гістарыяграфія. Яна закладала базу для ўсёй пазьнейшай гістарыяграфічнай традыцыі ў Беларусі. Яна была створаная на вельмі высокім мэтадалягічным узроўні. Праз 80 гадоў пасьля публікацыі гэтых тэкстаў можна сказаць, што некаторыя зь іх мэтадалягічна застаюцца непераўзыйдзенымі. Друкуючы гэтым тэкстам, мы сутыкнуліся з рознымі праблемамі. Яны вельмі складаныя. Напісаныя ў асноўным па-беларуску, але з уключэньнем іншых моваў. Нават на іўрыце ёсьць асобныя фрагмэнты. Пры публікацыі нумару гэта складала пэўныя клопаты. Аўтары – гэта карыфеі тагачаснай гістарыяграфіі. Сярод іх Мацей Любаўскі, Уладзімер Пячэт, Васіль Друшчыц, Зьмітро Даўгяла, Антон Ясінскі, Тодар Забела... Бальшыня гэтых людзей праходзіла па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», сфабрыкаванай спэцслужбамі. Гэта вельмі багаты нумар, я быў захоплены гэтым багацьцем – мэтадалягічным, акадэмічным. Я нават ня меў уяўленьня, што мы маем такі кантынэнт мысьленьня, які, перш за ўсё, зь ідэалягічных прычынаў быў да гэтага недаступны. Фактычна крывавая зачыстка гуманітарнай прасторы была зроблена ў мэтах прафіляктыкі таталітарным рэжымам, каб здабыткі гэтай гістарыяграфіі не маглі быць пазьней выкарыстаныя для ўмацаваньня беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Самае страшнае, што пасьля фізычнага зьнішчэньня чакала аўтараў, гэта забыцьцё іх публікацый. Тэксты былі даступныя для вельмі абмежаванага кола дасьледчыкаў.

Рыхтуючы нумар, выдаўцы сутыкнуліся з тым, што крыніцы, адкуль браліся тэксты, былі расьцярушаныя па менскіх сховішчах, бібліятэках. Ні ў адной бібліятэцы не было цалкам камплекта. Апроч таго, тэксты былі даступныя толькі ў Менску. Цяпер у рэдакцыю тэлефануюць з Полацка, Гарадзенскага ўнівэрсытэту, каб замовіць нумар. Бо цяперашнія гісторыкі, дасьледчыкі беларускай мінуўшчыны ня маюць шанцаў працаваць з гэтымі тэксатамі, калі яны жывуць па-за Менскам.

Ганна Гарачка


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone