Здарылася ў Беларусі


«... вялікі беларускі паэт Анатоль Сыс (1959—2005)» 31.10.2009 слухаць 987,74 KB

31 кастрычніка ў вёсцы Гарошкаў адбылося традыцыйнае сьвята паэзіі ў гонар Анатоля Сыса, прымеркаванае да 50-годзьдзя паэта, да якога ён не дажыў. Над Дняпром каля Рэчыцы сабраліся родныя й землякі паэта, прыехалі ягоныя сябры, а таксама паэты, барды й мастакі.

Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Барыс Пятровіч.

Барыс Пятровіч: Усе, хто хацеў, выступілі. А потым на доме, дзе жыў Анатоль, была адчыненая мэмарыяльная шыльда, якую зрабіў Павел Лук. "У гэтай хаце нарадзіўся, жыў і тварыў вялікі беларускі паэт Анатоль Сыс (1959—2005)". Дом цяпер стаіць пусты. Яго даглядае сястра паэта. Тут павінен паўстаць музэй. Ужо цяпер тут ёсьць пачатак экспазыцыі – стаяць кнігі, часопісы, карціны, падараваныя мастакамі, партрэты Анатоля.

Творчасьць Анатоля Сыса працягвае абуджаць усё новыя пакаленьні беларусаў. Вінцук Вячорка быў адным з тых, хто чуў выступленьні паэта, хто чытаў і перапісваў ягоныя вершы тады, калі яны ствараліся.

Вінцук Вячорка: Анатоль Сыс быў няўрымсьлівы. І ў жыцьці, і ў творчасьці. Немагчыма апісваць ягоную ўнікальную постаць у стандартных катэгорыях – палітычны трыбун, правадыр... Ён браў іншым. Ён браў духам. І неверагоднай (да нематы навакольных) геніяльнасьцю слова. Ягоныя вершы, якія спачатку чыталіся сябрам у вузкім коле, потым разьляталіся ў рукапісах. Станавіліся неабходнай часткаю маральнага падгруньця дзеля той беларускай справы, справы свабоды, якую мы тады пачыналі рабіць.

Уладзімер Арлоў таксама асабіста быў знаёмы з паэтам. Гісторык, а таксама й паэт, ён уключыў постаць Анатоля Сыса ў сваю кнігу “Імёны Свабоды”.

Уладзімер Арлоў: Там ён сустрэўся зь Янкам Купалам, Васілём Быкавым, Максімам Багдановічам... Якіх лічыў сваякамі, каго па крыві, каго па духу. Я ўпершыню сустрэўся з Анатолем у 1984 годзе ў Вінцука Вячоркі, дзе ён цэлую ноч чытаў вершы. Ён толькі што вярнуўся з войска. Служыў ён у Польшчы ў часы надзвычайнага становішча, “Салідарнасьці”. Гэта паўплывала на ягоную грамадзянскую пазыцыю. Гэта быў неардынарны чалавек. Адзін зь лідэраў сваёй генэрацыі. Адзін зь лідэраў тагачасных адраджэнскіх працэсаў. Ён быў арганізатарам і выступоўцам на Дзядах '87 году, дзе ім былі прамоўленае слова “генацыд” у адносінах да сталінскага тэрору. Я памятаю, як Сыс зь сябрамі аднойчы спыніў калёну бронетэхнікі, якая рыхтавалася да кастрычніцкага параду. З крыкам – акупанты прэч! – яны перагарадзілі праспэкт. Мужчына. Беларус. Паэт. Геній. У апошнім няма аніякага перабольшаньня.

Падчас сьвята адбылася прэзэнтацыя кнігі прысвячэньняў Анатолю Сысу «Ягамосьць» і выбранага томіка паэзіі «Алаіза», а таксама нумару часопіса «Дзеяслоў», прысьвечанага юбілею паэта.

Ганна Гарачка


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone