У Менску адбыўся паўторны ўстаноўчы сход партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”. Сюрпрызаў і нечаканасьцяў ён не прынёс.
Аргкамітэт партыі быў вымушаны правесьці паўторны ўстаноўчы сход пасьля таго, як Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі, знайшоўшы пэўныя неадпаведнасьці ва ўстаноўчых дакумэнтаў. Памяшканьне для правядзеньня зьезду партыя атрымала толькі за два дні да самога мерапрыемства. Перад гэтым было адмоўлена ў адзінаццаці заяўках, і кіраўніцтва аргкамітэту партыі было гатовае правесьці ўстаноўчы сход на Кастрычніцкай плошчы Менску.
У зьезьдзе прынялі ўдзел 311 дэлегатаў і больш за 300 гасьцей. Прысутнічала многа прадстаўнікоў партнэрскіх арганізацый хрысьціянска-дэмакратычнай скіраванасьці Эўропы: з Нарвэгіі, Латвіі, Летувы, Украіны. Былі зачытаныя вітальныя тэлеграмы ад хрысьціянска-дэмакратычных партый Вялікабрытаніі, Фінляндыі, Малдовы, Чэхіі, Польшчы. Таксама прывітаньні прадстаўнікам БХД прыйшлі ад польскага дэпутата Эўрапарлямэнту Яцэка Пратасевіча, лідэра ХДС Нямеччыны Рональда Пофалы.
Найперш былі вырашаныя менавіта пытаньні, якія тычыліся заснаваньня партыі. Былі абраныя сустаршыні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”. Гэта палітыкі Павал Севярынец, Аляксей Шэйн, Віталь Рымашэўскі, Георгій Дзьмітрук. Таксама зьезд прыняў шэраг неабходных устаноўчых дакумэнтаў.
Другой важнай часткай зьезду БХД было вырашэньне пытаньняў адносна ўдзелу хрысьціянскіх дэмакратаў у дзьвюх бліжэйшых выбарчых кампаніях. Першая – выбары ў мясцовыя саветы вясною наступнага году, другая – прэзыдэнцкія выбары 2011 году.
Большасьць дэлегатаў прагаласавала за ўдзел у выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы з умоваю ісьці да канца, то бок да этапу галасаваньня. Сваю пазыцыю на гэты конт агучыў сустаршыня БХД Георгій Дзьмітрук.
Георгій Дзмітрук: Мне сорак гадоў. Палітыкай займаюцца да васьмідзесяці. Таму дзесяць разоў вы тут мяне яшчэ будзеце бачыць. Калі палітыкай займаюцца, то займаюцца. Калі футбалісты гуляюць у футбол, то яны выходзяць на поле незалежна ад таго, якое надвор’е й ці падкупленыя судзьдзі, таму што яны футбалісты. І калі вы палітыкі, то як выбары пройдуць бяз вас, як вы патлумачыце празь дзесяць гадоў, калі падрастуць вашыя дзеці й запытаюцца: “Тата, чаму ты пабаяўся ісьці?”.
Партыя Беларуская хрысьціянская дэмакратыя прыняла рашэньне ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2011 году на ўмовах вылучэньня свайго кандыдата. Гаворыць сустаршыня БХД Павал Севярынец.
Павал Севярынец: Мы з вамі цудоўна разумеем, што гэтая кампанія будзе цудоўным шанцам зьмяніць сытуацыю. Нацыянальная рада БХД у траўні вылучыла кандыдатам Віталя Рымашэўскага. Мы рабілі гэта загадзя, разумеючы, што рашэньне аб удзеле-няўдзеле ў кампаніі будзе прымацца пазьней. Зараз гэты час надышоў. Што тычыцца маіх уражаньняў, то сэрцам я за байкот гэтых выбараў. Я разумею сваіх калегаў, якія гавораць, што патрэбная альтэрнатыва, сіла, якая будзе супрацьстаяць рэжыму, як выбар для беларускага народу. Я разумею аргумэнтацыю як прыхільнікаў байкоту, так і ўдзельнікаў у выбарах. Большасьць нашых партнэраў па Беларускім незалежніцкім блёку вызначыліся, што яны будуць удзельнічаць у выбарчай кампаніі.
Але адзіным ад Беларускага незалежніцкага блёку будзе абраны той, хто арганізуе самую вялікую ініцыятыўную групу. Пры гэтым на галасаваньне быў вылучаны яшчэ варыянт, што ў прэзыдэнцкіх выбарах будзе абавязкова ўдзельнічаць партыйны кандыдат ад БХД. Аднак такая прапанова не набрала большасьці галасоў. Шляхам галасаваньня ад партыі для ўдзелу ў прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі быў вылучаны Віталь Рымашэўскі.
Апроч таго, дэлегаты зьезду вызначылі рэйтынг беларускіх палітыкаў, зь якімі яны гатовыя супрацоўнічаць падчас выбарчай кампаніі.
Віталь Рымашэўскі — 201 голас
Аляксандар Мілінкевіч — 131 голас
Зянон Пазьняк — 97 галасоў
Аляксандар Казулін — 36 галасоў
Лявон Баршчэўскі — 14 галасоў
Алесь Міхалевіч — 10 галасоў
Мікола Статкевіч — 10 галасоў
Анатоль Лябедзька — 4 галасоў
Аляксандар Лукашэнка — 3 галасы
Сяргей Калякін — 0 галасоў.
Зьезд партыі завяршыўся супольнай малітвай і сьвяточным канцэртам “Хрысьціянскі хіт”.
Марыя Кароль