Здарылася ў Беларусі


Шэсьце на Дзяды 02.11.2009

Больш за паўтысячы чалавек узялі ўдзел у традыцыйным шэсьці на Дзяды. Арганізаваная калёна людзей упершыню прыйшла ва ўрочышча напрыканцы 80-х.  Яны хацелі ўшанаваць памяць забітых сталіністамі беларусаў, палякаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў. Тады іх разагналі газам і дручкамі. У нядзелю міліцыя не прымяняла сілы, мерапрыемства было санкцыянаванае менскімі ўладамі.

Удзельнікі шэсьця прайшлі традыцыйным маршрутам: сабраліся яны ля Гадзіньнікавага заводу, затым праспэктам Незалежнасьці накіраваліся ў бок Курапатаў. Шлях немалы. У шэрагах ішлі як старэйшыя, моладзь, так і самыя маленькія. У руках яны несьлі нацыянальныя палотнішчы, расьцяжкі з заклікамі асудзіць злачынствы камуністычнага рэжыму на тэрыторыі Беларусі, а таксама больш за дзясятак крыжоў, якія пазьней былі ўсталяваныя ў Курапатах.

Распавядае агранізатар шэсьця, выконваючы абавязкі старшыні партыі КХП-БНФ, Юры Беленькі.  

Ю. Беленькі: Атмасфэра была добрая. Я б сказаў, што атмасфэра пэрспэктыўная. Пазытыў быў ад пачатку да канца мерапрыемства. Пазытыў ва ўсім: у настроі людзей, у зьнешнім аздабленьні калёны, было шмат нацыянальных сьцягоў. Пазытыў таксама ў тым, што абсалютная большасьць – гэта маладыя людзі. Было добрае надвор’е й хораша ішлося. Пазытыў у тым, што прагучалі добрыя й адпаведныя ў гэтым месцы словы.

Падчас мітынгу зачытаны зварот адкрыўцы трагедыі ў Курапатах – старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі – Зянона Пазьняка. У лісьце да ўдзельнікаў жалобнага мерапрыемства ён напісаў:

За часы савецкай акупацыі Беларусі з 1919 па 1953 год (год сьмерці Сталіна) сталіністы-русіфікатары забілі больш 2-х мільёнаў беларусаў ( і гэта ня ўлічваючы вайны). Ворагі чалавецтва зьнішчылі заможнае працавітае сялянства, вынішчылі фізічна амаль дазваньня беларускую шляхту, расстралялі адукаваных людзей”.

Пазьняк працягвае, што “гэтага нельга забыць ніколі, пакуль будзе стаяць белы сьвет і будзе жыць Беларусь”. “Савецкая акупацыя Беларусі пэрыяду Леніна-Сталіна павінна быць прызнаная як рэжым генацыду й пацыфікацыі Беларускага Народу” – падкрэсьлівае Зянон Пазьняк.

Лідэр руху “Разам” Вячаслаў Сіўчык прыгадвае, што менавіты Дзяды паклалі пачатак беларускаму нацыянальнаму руху. Гэта было першае масавае мерапрыемства прыхільнікаў перамен напрыканцы 80-х.

В. Сіўчык: Сёлета было вельмі шмат моладзі, нацыянальных сьцягоў, розных арганізацый. Гэта ўсё выглядала велічна. Дзяды для нас вельмі важнае мерапрыемства. У першую чаргу – гэта ўшанаваньне памяці нашых продкаў, а ў другую чаргу – менавіта зь Дзядоў з 1989 пачынаецца найноўшая гісторыя беларускага нацыянальнага руху.

Больш за 10 гадоў нацыянальны рух падзелены. Нягледзячы на тое, што задачы й мэты ў яго тыя ж самыя, шмат гадоў на Дзяды ў Курапаты прыходзіла па некалькі шэсьцяў. Сёньня, як заўважае сустаршыня БХД Павал Севярынец, шэсьце было адно.

П. Севярынец: Думаю, што гэта пэўны сыгнал, пэўная тэндэнцыя, пасьля таго, як незалежніцкія сілы зьбіраюцца разам, як прыходзіць новае пакаленьне. Гэта паказвае, што час зьбіраць камяні, бо ўжо досыць іх параскідалі за апошнія 10 гадоў. Уражаньні ад шэсьця вельмі прыемныя. Надвор’е паспрыяла.  Шмат моладзі. Уражаньне сьветлае. Чалавечая памяць пра нявінных ахвяраў – гэта нешта сьвятое. Зьвярну вашую ўвагу, што й патрыях Кірыл, падчас візыту ў Беларусь, згадаў Курапаты. Невыпадкова рупар Адміністрацыі прэзыдэнта „СБ-Беларусь сегодня” паказвае, што згода па гэтым пытаньні можа быць дасягнутая. Пакуль нельга сказаць, што яна дасягнутая, але рух у гэтым кірунку ёсьць. Вось канкрэтна тут справа ідзе да лепшага.

Меркаваньне Паўла Севярынца падзяляе й Юры Беленькі. Ён кажа, што цікавасьць да Курапатаў павялічваецца, усё больш людзей бяруць удзел у стварэньні Народнага мэмарыялу.

Ю. Беленькі: Курапаты ведаюць усё больш і больш людзей і калі мы знаходзімся ў гэтым месцы, то мы гэта заўважаем.  Таксама гэта бачна падчас талокаў, калі нашыя сябры прыводзяць у парадак урочышча. З кожным разам прыходзіць больш і больш людзей, у тым ліку і з Польшчы, і зь Летувы. Гэтую праўду схаваць ужо немагчыма. Справа беларусаў – ушаноўваць памяць нявінна забітых ахвяраў і будаваць сваю дэмакратычную й вольную краіну.

Па розных падліках, у 30-я гады мінулага стагодзьдзя бальшавікі расстралялі ў Курапатах ад 30 да 200 тыс. чалавек. Сёньня ва ўрочышчы знаходзіцца Народны мэмарыял.

Дзьмітры Гурневіч


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone