Здарылася ў Беларусі


Грып 02.11.2009 слухаць 1,52 MB

Галоўная тэма, што непакоіць сёньня больш за іншыя, гэта эпідэмія грыпу. Трывожныя зьвесткі працягваюць паступаць з Украіны, не зусім зразумелая сытуацыя ў Беларусі.

У Польшчы колькасьць захворваньняў на грып не зьмянілася. Паводле галоўнага санітарнага інспэктара Аджэя Вайтылы, узмоцнены кантроль падарожных на мяжы з Украінаю.

Аджэй Вайтыла: Манітаруецца эпідэміялягічная сытуацыя. Памежны рух выразна паменшыўся цягам двух сьвяточных дзён. Не было выяўлена хворых, якія перакрочвалі мяжу. Або нават прастуджаных, якія перакрочвалі мяжу й павінны былі быць накіраваныя да лекара.

Украінскае Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што колькасьць хворых на грып дасягнула 191 тысячы чалавек. Ужо памерла ў зьвязку з эпідэміяй 60 чалавек. У Польшчы падазраюцца ў захворваньні, выкліканым вірусам A/H1N1, толькі чатыры чалавекі.

Незалежныя сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі робяць вялікія намаганьні, каб дабываць нейкія зьвесткі на гэтую тэму. А дакладных, афіцыйна пацьверджаных зьвестак вельмі мала.

Можа быць, гэта ўсё толькі неабгрунтаваная паніка? Зрэшты, яшчэ зусім нядаўна панікавалі з нагоды птушынага грыпу. А чаму цяпер пра яго нічога не чуваць? Лекар Андрэй Вітушка кажа, што ім і надалей заражаюцца людзі ад хворых птушак, проста тэма стала ўжо неактуальнаю.

Андрэй Вітушка, лекар: Птушыны грып перадаецца ад птушкі да чалавека. Не перадаецца ад чалавека да чалавека. Па сваёй здольнасьці выклікаць хваробу й па тым, як яна працякае, ён больш цяжкі. А новы грып перадаецца ад чалавека да чалавека. Таму ўзьнікае эпідэмія. У Менску дзіўная сытуацыя. Абвесьцілі карантын у шпіталях. А ў школах карантыну не абвесьцілі, толькі працягнулі вакацыі. Фактычна тое самае, але названа інакш. Эпідэміялягічныя мерапрыемствы праводзяцца. Ёсьць падставы меркаваць, што яны патрэбныя. Але прэпарату Тэміфлю, які дапамагае змагацца зь вірусам тыпу A/H1N1, у Менску няма. Яго ўвесь выграблі. Марлевых масак няма, разабралі. Усе супрацьвірусныя прэпараты таксама разабралі. Вядома, было б лепш, каб людзям сказалі, якія трэба ўжываць лекі.

А што з запаленьнем лёгкіх, чаму людзі так хутка сталі ад яго паміраць?

Андрэй Вітушка, лекар: Паводле афіцыйнай інфармацыі, не было знойдзена сувязі гэтых сьмерцяў з гэтым вірусам. А па клінічнай карціне ўсё адпавядае. Захворваюць маладыя людзі. 30-35 гадоў. Пачынаецца татальнае пашкоджаньне лёгкіх.

Відаць, яны ня надта хутка да таго ж зьвяртаюцца да лекара?

Андрэй Вітушка, лекар: Так. Каб усе зьвярнуліся, дык сыстэма аховы здароўя беларуская ляснула б. Яна неэфэктыўная. Яна б проста ня вытрымала такой колькасьці зваротаў.

З апошняй інфармацыі, пацьверджанай у Драгічынскім раённым цэнтры гігіены й эпідэміялёгіі, вядома, што раптоўна памерла ад пнэўманіі 37-гадовая настаўніца, якая днямі вярнулася з Украіны.

Устанавіць, ёсьць вірус або яго няма, можна з дапамогаю аналізу крыві. Пытаньне да маладога ўчастковага лекара Вольгі, ці робяць аналіз крыві на вірус A/H1N1 усім, хто зьвярнуўся з падазронымі сымптомамі, гучыць рытарычна.

Вольга, лекар: У нас робяць яго ўжо потым, на ўскрыцьці трупа. Такім чынам дыягназ пра тое, што ў чалавека быў менавіта грып, установіць хутчэй патолягаанатам. Тыя людзі, што памерлі ад пнэўманіі й мелі гэты вірус A/H1N1, у іх былі чорныя лёгкія. Лёгкія цалкам згараюць. Аналіз паказвае, што так, быў сьвіны грып. Гэта ў асноўным маладыя людзі. І з павышанай масай цела. Але ў нас нічога асабліва не афішуюць. Але ўсё роўна, лекаў манавіта ад гэтага грыпу няма.

У менскіх аптэках бракуе супрацьвірусных прэпаратаў і звычайных марлевых павязак.

Ганна Гарачка

 


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone