Пра гэта размаўляюць у Польшчы


Радаслаў Сікорскі знаходзіцца з трохдзённым візытам у ЗША 03.11.2009 слухаць 1,93 MB

Міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі знаходзіцца з трохдзённым візытам у ЗША, які пачаўся ў панядзелак. Кіраўнік польскай дыпляматыі сустракаецца з амэрыканскімі палітыкамі й прымае ўдзел у канфэрэнцыях, якія ладзяць прэстыжныя аналітычныя цэнтры ў Вашынгтоне.

Падчас першага дня візыту міністар Сікорскі прыняў удзел у канфэрэнцыі на тэму Ўсходняга партнэрства, якую зладзіў Brookings Institution. Канфэрэнцыя ладзілася з мэтаю зацікавіць ЗША праграмай падтрымкі ЭЗ для краінаў былога савецкага блёку, якія засталіся па-за межамі Эўрапейскай супольнасьці. Акрамя Радаслава Сікорскага, у згаданай канфэрэнцыі прынялі ўдзел міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більдт і эўракамісар па пытаньнях міжнароднай палітыкі Бэніта Фэрэра-Вальднэр.

Падчас дыскусіі было прыгадана недружалюбнае стаўленьне Расеі да праграмы Ўсходняга партнэрства. Міністар Сікорскі заявіў, што Эўразьвяз не патрабуе дазволу Расеі на тое, каб прыняць у праграму Ўкраіну ці Беларусь.

Кіраўнік польскага зьнешніпалітычнага ведамства назваў „актам непрыязьні” манэўры расейскага войска на тэрыторыі Беларусі, шырока камэнтаваныя як дэманстрацыя сілы ў дачыненьні да Польшчы.

Сікорскі падкрэсьліў, што гэта былі самыя вялікія манэўры на ўсходняй мяжы NATO ад моманту завяршэньня халоднай вайны. Ён дадаў, што ў альянсе ведаюць, якую магутнасьць мае расейскай армія, і дадатковая прэзэнтацыя сілы была зусім непатрэбная.

Кіраўнік польскай дыпляматыі сустрэўся ўчора з кіраўніком Камісіі замежных справаў амэрыканскага Сэнату Джонам Кэры. Падчас сустрэчы Сікорскі паведаміў, што Эўразьвяз павінем прыняць пакет дапамогі для Пакістану ў памеры некалькіх мільярдаў эўра. Ён зьвярнуў увагу на тое, што нядаўна ЗША прызначыла на дапамогу Пакістану 7,5 мільярдаў даляраў.

Радаслаў Сікорскі: У мяне ёсьць амбіцыя, каб Эўразьвяз, які мае большую эканоміку й які выдзяляе значна больш сродкаў на замежную дапамогу ў параўнаньні з ЗША, мог прыкласьці больш намаганьняў і прыняць пакет дапамогі для Пакістану й Афганістану.

Міністар Сікорсі дадаў, што дапамога Пакістану з боку ЭЗ ляжыць таксама ў інтарэсе Польшчы, паколькі можа непасрэдна прычыніцца да паляпшэньня сытуацыі ў Афганістане.

Радаслаў Сікорскі: Праблема ляжыць па абодвух баках мяжы: і ў Пакістане, і ў Афганістане. Чым хутчэй улады абедзьвюх краінаў зробяць парадак з радыкальнымі экстрэмістамі, тым большыя шанцы будуць мець маладыя пакістанцы й афганцы на атрыманьне лепшай адукацыі ды нармальнае жыцьцё. А гэта стварае лепшую пэрспэктыву на хуткае вяртаньне дадому нашых жаўнераў.

Радаслаў Сікорскі даў зразумець, што, нягледзячы на сумневы адносна правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у Афганістане, трэба прызнаць перамогу дагэтулешняга прэзыдэнта Хаміда Карзая.

Міністар Сікорсі паведаміў журналістам, што падчас гэтага візыту ў ЗША ня будзе закранаць пытаньня адмены амэрыканскіх візаў для грамадзянў Польшчы. Кіраўнік польскай дыпляматыі іранічна скамэнтаваў амэрыканскую візавую палітыку.

Радаслаў Сікорскі: Калі гаварыць пра візы, то амэрыканскі бок дакладна ведае нашую пазыцыю й добра ведае, як нас злуе такое стаўленьне. Аднак амэрыканская эміграцыйная палітыка прыхільна ставіцца да нелегальных эмігрантаў з Мексыкі й краінаў Лацінскай Амэрыкі. Мы з пашанай ставімся да гэтай палітыкі.

Сёньня Радаслаў Сікорскі прымае ўдзел у Саміце „ЭЗ- ЗША”, які адбываецца ў Вашынгтоне.

Сустрэча эўрапейскіх лідэраў з амэрыканскім прэзыдэнтам будзе першым фармальным самітам пасьла абраньня Барака Абамы на гэтую пасаду.

Пасьла першых месяцаў вялікіх спадзяваньняў на збліжэньне ЭЗ з ЗША ў Брусэлі адчуваецца выразнае расчараваньне. Нягледзячы на эўрапейся спадзяваньні, Барак Абама ня выказаў вялікага зацікаўленьня ЭЗ.

На сераду заплянаваная сустрэча міністра замежных справаў Польшчы з кіраўніком амэрыканскай дыпляматыі Хілары Клінтан. Плянуецца,  што падчас сустрэчы будуць абмеркаваныя падрабязнасьці новай канцэпцыі супрацьракетнай абароны.

КР


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone