Эпідэмія грыпу – гэта галоўная тэма, якая хвалюе сёньня цэлую Эўропу. Галоўная ўвага зьвернутая на Ўкраіну.
Польскае міністэрства аховы здароўя пераконвае, што ў краіне няма прычынаў для панікі. Паводле міністэрства, гэта не сьвіны, а звычайны сэзонны грып. У сваю чаргу выпадкі захворваньня вірусам A/H1N1 зьяўляюцца выключнымі. Міністар аховы здароўя Эва Копач супакойвае й кажа, што да гэтага часу ў Польшчы не было ніводнага сьмяротнага выпадку захворваньня сьвіным грыпам.
Э. Копач: Да гэтага часу ў Польшчы захворваньняў, зьвязаных зь вірусам A/H1N1, і якія пацьверджаныя лябараторнымі аналізамі, было 185. Адначасова падазрэньняў на сьвіны грып было нашмат больш - каля 700. Аднак ізаляваныя былі толькі 185 чалавек. Хвароба ў іх праходзіла памяркоўна. У Польшчы не было ніводнага сьмяротнага выпадку.
Польшча пакуль ня купіць вакцыны ад сьвінога грыпу. Міністар Эва Копач зазначыла, што прэпарат можа быць куплены толькі пасьля завяршэньня ўсіх клінічных дасьледваньняў леку.
Кіраўнік польскага Цэнтру па справах грыпу Лідзія Брыдак пераконвае, што сэзонны грып зьяўляецца больш небясьпечным, чым сьвіны. Штогод такім грыпаў у сьвеце хварэе 1,5 мільярды чалавек, а памірае да мільёна хворых.
Л. Брыдак: Часта звычайны грып заканчваецца ўскладненьнямі, зь якімі ўвогуле немагчыма змагацца. У некаторых выпадках яны заканчваюцца сьмерцьцю.
Пры гэтым экспэрты зазначаюць, што пік захворваньняў наступіць паміж студзенем і сакавіком.
Аднак найбольшая ўвага зьвернутая на Ўкраіну, дзе аб’яўлена эпідэмія грыпу. Лічба хворых складвае амаль 200 тысяч чалавек. Каля 60 хворых памерлі. Польскія экспэрты аднак перакананыя, што гэта не сьвіны грып. Такога меркаваньня прытрымліваецца й прэм’ер-міністар Украіны Юлія Цімашэнка.
Польшча аказвае дапамогу суседняй Украіне. У асноўным высылаюцца марлевыя павязкі й лекі. У Польшчы таксама праводзяць аналізы крыві, якія паступаюць з Украіны. Тэсты праводзяцца ў двух лябараторыях у Пулавах, якія штодзённа могуць выканаць 300 аналізаў.
Маршалэк Люблінскага ваяводзтва перадаў дапамогу Луцкай вобласьці ва Ўкраіне. Муніцыпальныя ўлады польскага ваяводзтва закупілі 200 тысяч марлевых павязак і два расьпіратары. Як кажа маршалэк Кшыштаф Грабчук, дапамога Ўкраіне зьяўляецца маральным абавязкам.
К. Грабчук: Гэта наш маральны абавязак дапамагаць сабе ўзаемна, але й дапамагаць нашым суседзям, якія апынуліся ў складанай сытуацыі. Польшча часта карысталася такой дапамогай. Украінскія ўлады вызначылі шпіталь, дзе знаходзіцца шмат хворых, туды трапяць расьпіратары. Калі казаць пра павязкі, то яны трапяць у школы, ВНУ, а таксама ў месцы, дзе зьбіраецца шмат людзей.
Палова павязак трапіць на Валынь, а палова ў Львоўскую вобласьць, зь якой Люблінскае ваяводзтва мае падпісанае пагадненьне аб супрацы.
Сваю дапамогу прапануюць ня толькі мясцовыя ўлады. Старшыня Саюзу аптэкараў у Любліне Кшыштаф Пшыступа заклікаў аптэкі бясплатна перадаць Украіне частку мэдыкамэнтаў. Ён кажа, што найбольшая надзея ўскладваецца на вялікія аптовыя склады.
К. Пшыступа: Аптавікі могуць запрапанаваць значна больш, бо яны арганізацыйна цалкам інакш да гэтага падрыхтаваныя. Польскія аптэкі баяцца, што неўзабаве могуць таксама застацца без лекаў, паколькі ў Польшчы таксама пачынаецца іншы падыход да справы. Людзі шукаюць марлевыя павязкі, якіх няма. А няма іх, паколькі да гэтага часу яны не былі патрэбныя.
За дапамогаю зьвяртаюцца самі ўкраінскія муніцыпальныя ўлады. Івана-Франкоўск зьвярнуўся да партнэрскага Аполя з просьбаю дапамагчы ў эпідэміі грыпу. Прэс-сакратар мэра Аполя Міраслаў Пятруха кажа, што мэр Івана-Франкоўска выслаў ліст, дзе напісаў, што сытуацыя ў горадзе трагічная. Ад грыпу памерла 5 чалавек.
М. Пятруха: Мэр просіць мэдыкамэнты, сродкі, якія ўжываюцца ў выпадку эпідэміі, марлевыя павязкі. Гэта невялікі сьпіс лекаў, гаворка ідзе пра сродкі, якія неабходныя мэдычнаму пэрсаналу. Неабходна забясьпечыць людзей, якія аказваюць дапамогу іншым.
Калі казаць пра іншыя выпадкі, то ў Расеі ад сьвінога грыпу памерла 14 чалавек, а хворых каля 3100. Італьянскія ўлады паведамілі пра 18 сьмяротных выпадкаў ад сьвінога грыпу. Сярод эўрапейскіх краін, гэта лідэр сярод колькасьці ахвяраў новага вірусу. Паніка павышаецца й у Румыніі, дзе хворых вірусам A/H1N1 555. Румынскія ўлады ўвялі надзвычайныя сродкі бясьпекі. Колькасьць хворых сьвіным грыпам расьце й у Нямеччыне - ад пачатку чэрвеня вірусам захварэла 30 тысяч немцаў.
Алена Пытэль