Таварыству беларускай мовы імя Францішка Скарыны ў Гомелі два разы адмовілі ў памяшканьні, дзе ў панядзелак меўся прайсьці канцэрт на “Дзяды”.
На пачатку была дамова, што мерапрыемства пройдзе ў абласным Доме мастацкай і тэхнічнай творчасьці на праспэкце Кастрычніка. Але за два дні да імпрэзы “па тэхнічных прычынах” заля аказалася не гатовая. Мерапрыемства перанеслася ў Гарадзкую бібліятэку імя Герцэна, адтуль адмова прыйшла літаральна за дзьве гадзіны да пачатку імпрэзы, паведаміла Польскаму радыё сябра Таварыства беларускай мовы Марыся Тульжанкова:
Марыся Тульжанкова: Працэс ціску на беларускую мову ды на беларушчыну як на Гомельшчыне нідзе не набываў такога маштабнага памеру ў Беларусі. Чырвонай ніткай нашага праекту праходзіла ідэя – нагадаць людзям пра іх гістарычнае мінулае, пра продкаў іх вядомых аўтарытэтных асобаў. Там не было ніякай палітыкі – былі запрошаныя клюбы рэканструкцыі, сярэднявечных танцаў, былі запрошаныя фольк-гурты. І абурае насамрэч тое, што абсалютна бяскрыўдны культурніцкі праект выклікае такую незразумелую рэакцыю ва ўладах ды такі ціск. Гэта вельмі страшная сытуацыя.
Аматары беларускай мовы разрэклямавалі мерапрыемства. У выніку чаго людзі прыйшлі як да Дома мастацкай і тэхнічнай творчасьці, так і да бібліятэкі імя Герцэна. Але там іх чакалі толькі арганізатары, каб сказаць прабачэньне за тое, што “Дзяды” ў Гомелі ня пройдуць.