Пра гэта размаўляюць у Польшчы


Пульс польскай эканомікі 03.11.2009


         Неўзабаве вырашыцца, ці Польшча будзе купляць дызэльнае паліва на Мазырскім НПЗ

Празь некалькі тыдняў вырашыцца, ці будзе пракладзена труба ў Малашэвічы.

Па гэтым нафтаправодзе ў Польшчу зь Беларусі магло б пастаўляцца дызэльнае паліва. Гэтае пытаньне разглядае дзяржаўнае Прадпрыемства эксплюатацыі нафтаправодаў „Дружба”. Супраць выступаюць польскія нафтаканцэрны Lotos i PKN Orlen.

Прадстаўнікі фірмы Lotos лічаць, што нафтаправод зь Беларусі не патрэбны. У наступным годзе гэты канцэрн плянуе павялічыць вытворчасьць дызэльнага паліва на 2,5 млн. тон. Прыблізна падобная колькасьць магла б пастаўляцца на новым трубаправодзе зь Беларусі. Па польскім баку хопіць пабудаваць 10 кілямэтраў трубы на паліўную базу ў Малашэвічах, дзе знаходзіцца аўтамабільны й чыгуначны тэрміналы. Магчымым пастаўшчыкам паліва ў Польшчу зьяўляецца Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, які вырабляе паліва згодна з нормамі Эўрапейскага Зьвязу.

Экспэрты паліўнай галіны непатрэбным лічаць пратэст польскіх канцэрнаў, бо, паводле іх, калі попыт на дызэльнае паліва ў Польшчы будзе расьці такімі тэмпамі як дагэтуль, то на польскім рынку хопіць месца і польскай, і беларускай салярцы.

 

         Эўрапейскі банк рэканструкцыі й разьвіцьця намаўляе Польшчу да незалежнасьці ад заходніх банкаў.

Польскі фінансававы сэктар празьмерна падпарадкаваны заходнім банкам, а палякі бяруць надта многа крэдытаў у замежных валютах – б’е трывогу Эўрапейскі банк рэканструкцыі й разьвіцьця.

Паводле згаданай установы, менавіта таму бліжэйшыя гады польская эканоміка будзе разьвівацца памалу. Нават горш, чым славацкая ці ўкраінская. У 2010 годзе ЭБРР прагназуе, што польскі ВУП складзе 1,8%, славацкі – 3,5%, украінскі– 3%.

Галоўны эканаміст ЭБРР Эрык Бэрглаф тлумачыць, што крызыс востра ўдарыў па посткамуністычных краінах таму, што яны цесна зьвязаныя зь фінансавым сэктарам Заходняй Эўропы. І калі заходнія банкі напаткалі цяжкасьці, гвалтоўна сталі сьцягваць капітал з аддзяленьняў ва Ўсходняй Эўропе.

Другая прычына зьмяншэньня ВУП у Польшчы, паводле ЭБРР  - вялікая колькасьць крэдытаў у замежнай валюце. Разам з замацаваньнем курсу даляра, эўра, швайцарскага франка ўзьніклі праблемы зь вяртаньнем пазык, а гэта ў сваю чаргу паглыбіла крызыс.

Лёнданскі банк раіць польскаму ўраду падтрымаць разьвіцьцё нацыянальных банкаўскіх груп і такім чынам зьменшыць падпарадкаваньне замежным фінансавым рынкам.

Польскія эканамісты не пагаджаюцца з пэсымістычнымі прагнозамі ЭБРР. Лічаць, што банк не даацэньвае аптымізму палякаў, якія не перастаюць купляць, а таксама росту інвэстыцыі, між іншым, за сродкі  з Эўразьвязу. Да таго ж, паводле польскіх прагнозаў, у 2010 годзе ВУП у краіне складзе не 1,8%, а 2,7%.

         Павялічаецца колькасьць цягнікоў Танных чыгуначных ліній

З пачаткам лістапада з раскладаў руху цягнікоў зьніклі хуткія цягнікі. АТ PKP Intercity вырашыла, што ўсе будуць рэклясыфікаваныя на цягнікі TLK – абрэвіятуру расшыфроўваем як Танныя чыгуначныя лініі. Прэс-сакратр АТ PKP Intercity Павал Нэй тлумачыць, што фірма імкнецца такім чынам упарадкаваць гандлёвую прапанову. Кіраўніцтва PKP супакойвае, што зьмена назову ня выкліча падаражэньня білетаў. Невядома, ці будзе адменена плацкарта ў цягніку TLK - у хуткім цягніку дастаткова было купіць толькі білет бязь месца. У TLK вымагаецца плацкарта, але кошт яе невялікі – 5 злотых.  Таксама экспрэс-цягнікі памалу замяняюць TLK. Скарыстаюцца гэтым найперш пасажыры– зазначае Павал Нэй.

П. Нэй: Частка экспрэс-цягнікоў будзе заменена цягнікамі TLK, а гэта азначае зьніжэньне кошту на білеты на гэтыя цягнікі. Першыя цягнікі катэгорыі TLK перайменаваныя з экспрэс-цягнікоў выйшлі на трасы Цэнтральнай чыгуначнай магістралі й курсуюць на лініі Кракаў-Варшава.

Прэс-сакратар PKP Intercity Павал Нэй не выключае, што ў наступным годзе фірма перагледзіць тарыфікатар, а гэта азначае, што білеты на TLK падаражэюць. 

Білет на цягнік TLK найлепш купіць загадзя, таму што ўсе цягнікі ахоплены браніраваньнем месцаў. Можна таксама купіць білет у кандуктара, але ў гэтым выпадку рызыкуем, што ўвесь шлях прыдзецца прастаяць у калідоры.

Падарожжа на TLK атрымліваецца таньней, чым на цягніках іншых кампаній. Напрыклад, кушэтка на цягніках TLK каштуе на 60% таньней, чым у хуткіх ці экспрэс-цягніках – прыблізна 20-25 злотых ($8,5) У начных цягніках за бясьпекай пасажыраў сочыць ахова. У кожным складзе TLK ёсьць вагон-рэстаран.

Трэба аднак зазначыць, што цягнікі TLK курсуюць толькі на некаторых маршрутах. 


         Зімой палякі не застануцца бяз газу

Газпром у сьнежні паставіць Польшчы паўмільярда кубамэтраў газу, дакладна столькі, колькі не хапала. Узамен расейцы менш заплацяць Польшчы за транзыт.

Насуперак страху, што зімой у Польшчы ня хопіць газу, краіна будзе забясьпечана гэтай сыравінай. Учорашняе выданьне „Коммерсантъ” паведаміла пра падпісанае на мінулым тыдні пагадненьне паміж Газпромам і Польскай нафтагазавай кампаніяй. Бакі выпрацавалі кампраміс адносна спрэчнага пытаньня - пасярэдніцтва ў транзыце фірмы EuRoPol Gaz, якая кантралюе адрэзак Ямальскага газаправоду.

У сваю чаргу Газпром можа чакаць зьніжэньня стаўкі за транзыт газу па тэрыторыі Польшчы. Існуе магчымасьць, што расейцы заплацяць менш, чым 1,4 эўра за 1000 кубамэтраў на адлегласьці 100 кілямэтраў. Гэтыя рашэньні павінны яшчэ адобрыць урады абедзьвюх краін.


      Сярэднія курсы валют у пунктах абмену валют у Польшчы


Эўра можна купіць па 4.24, прадаць па 4.31
Даляр ЗША абменьнікі прадаюць па 2. 87, купляюць па 2.93

Я.С.


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone