Здарылася ў Беларусі


Дні Губэрта пачаліся ў Гародні 04.11.2009 слухаць 2,16 MB

У днях ад 4 па 11 лістапада ў Гародні пройдуць Дні Губэрта – грамадзкія дні гораду.
Арганізатарамі мерапрыемства зьяўляюцца гарадзенскія актывісты Руху  „За Свабоду
”. Дні Губэрта ладзяцца другі раз, першае мерапрыемства адбылося ў мінулым годзе. 

Сьвяты Губэрт – заступнік Гародні. Сюжэт са сцэнай зьяўленьня Аленя з залатым крыжом паміж рагамі перад Губэртам, а менавіта такім ёсьць герб гораду, быў вельмі папулярны сярод гарадзенцаў. У Дні Губэрта аднаўляецца традыцыя шанаваньня сьвятых-заступнікаў,  распавядае адзін з арганізатараў Дзён Губэрта Эдвард Дзьмухоўскі.

Эдвард Дзьмухоўскі: Ініцыятыва правядзеньня Дзён Губэрта ўзьнікла ў нашым горадзе вельмі даўно, калі Беларусь стала незалежнай, калі гораду быў вернуты яго сапраўдны герб, які ў яго быў не адно стагодзьдзе. Уся гэтая гісторыя са сьвятым Губэртам прыйшла ў наш горад з далёкай Францыі, тут яна асвоілася й стала роднай.  Яна нас натхняе й дае магчымасьць кожны раз прыдумваць новыя ідэі. Нашыя гісторыкі казалі, што калісьці Дзень Губэрта быў днём гораду, і мы вырашылі адрадзіць гэтую традыцыю. Мы – эўрпейская краіна, хрысьціянская традыцыя ў нашым горадзе вельмі моцная й хрысьціянскі патрон над нашым горадам вельмі дарэчны. Таму мы вырашылі ў гэтыя дні праводзіць Дні Губэрта. Гэта яшчэ й канец году, таму можна зрабіць падсумаваньне, што мы, гарадзенцы, добрага зрабілі для нашага гораду.

Арганізатары падрыхтавалі даволі багатую культурніцкую й навуковую праграму, у рамках якой адбудзецца круглы стол “Гарадзенскі “Новы сьвет”. Пэрспэктывы рэнавацыі й захаваньня”; ІІ Міжнародная навуковая канфэрэнцыя “Гарадзенскі палімпсэст. Дзяржаўныя ўстановы й палітычнае жыцьцё Гародні. ХV – XX ст.”, а таксама канцэрты, прэзэнтацыі кніжак і паказ кінастужак міжнароднага фэстывалю праваабарончых фільмаў “Адзін сьвет” – “Моц бясьсільных”.

У сераду  ў Троннай залі Старога Замка прайшла першая ў Беларусі прэзэнтацыя кнігі “Рыцары й дойліды Гародні” аўтарства гісторыка Алеся Краўцэвіча. Спадар Краўцэвіч кажа, што ў старадаўнія часы менавіта рыцары й дойліды былі самымі важнымі прафэсіямі ў кожным горадзе, у тым ліку і ў Гародні, і менавіта пра іх распавядае гэтая кніга.

Алесь Краўцэвіч: У кнізе ёсьць тры навэлы пра гарадзенскі замак, пра яго будаўнікоў, пра абаронцаў, пра Гародню, пра вялікага князя Вітаўта, які гэты замак збудаваў. Таксама пра архэалягічныя раскопкі экспэдыцыяў, зьвязаныя з Гарадзеншчынай. Рыцары баранілі, дойліды будавалі, але заўсёды найважнейшымі былі дойліды. У любой гісторыі заўсёды на першым месцы павінен быць чалавек. Менавіта пра гэта й ёсьць гэтая кніга. Кожны чытач зацікавіцца нечым іншым. Найперш, цікавымі будуць ілюстрацыі, зробленыя выдатным мастаком-графікам Паўлам Татарнікавым, адным зь лепшых ілюстратараў краіны. Некага зацікавіць панарама гораду, некага - партрэты, некага – зброя, некага - рэчы, знойдзеныя ў раскопках.

У чацьвер 5 лістапада адбудзецца творчая сустрэча з бардам Віктарам Шалкевічам. Нагодай стаў кніжны дэбют мэтра беларускага шансона – „Блюз Вясна”. Што схіліла барда напісаць кнігу?

Віктар Шалкевіч: Усё, што я назьбіраў і панапісваў за 50 гадоў. Гэта не мая ініцыятыва. У мяне ёсьць выдатныя сябры, адзін зь іх у Маскве – Валеры Мікалаевіч Казакоў. Ён і запрапанаваў мне, што яны  выдадуць кніжку. Вось яны ўзялі й выдалі. А перад гэтым я пасядзеў, дакладна падумаў і пазьбіраў вершы й песьні. Увайшлі ня ўсе, а толькі тыя, якія на думку рэдактараў заслугоўвалі, каб увайсьці.

Амаль усе мерапрыемствы ў рамках грамадзкіх Дзён гораду будуць адбывацца ў памяшканьні Таварыства беларускай школы на вуліцы Будзёнага 48а-44. Уваход на ўсе імпрэзы свабодны.
 
Падрабязная праграма Дзён Губэрта знаходзіцца на http://ruh-u-hrodna.livejournal.com

Караліна Русіновіч


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone