Пасол Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін лічыць, што палітычны дыялёг і эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі й Эўразьвязу маюць станоўчую дынаміку.
“Дынаміку можна ацэньваць па-рознаму. Калі параўноўваць апошні год з 2006, то можна ўбачыць прагрэс у вобласьці палітыкі й эканомікі. Калі ацэньваць асобныя часткі 2008 году, то патрэбна больш складаная адзнака, – лічыць дыплямат. – Але няма сумневу, што ў апошнія два гады назіраецца больш актыўны палітычны дыялёг і больш эфэктыўнае эканамічнае супрацоўніцтва”.
У панядзелак амбасадары краін Эўразьвязу сустрэліся з кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімерам Макеем, падчас якой гаворка ішла пра пэрспэктывы супрацоўніцтва Беларусі й ЭЗ. Амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін паведаміў, што сустрэча мела рутынны характар і нічога асаблівага ў ёй дыплямат ня бачыць.
Генрык Літвін: Яна ня мела прамых адносінаў да таго, што будзе адбывацца ў лістападзе ў межах падрыхтоўкі рашэньня Эўразьвязу. Кожнае старшынства ЭЗ спрабуе арганізаваць такую сустрэчу. Канечне, абмяркоўваюцца пытаньні супрацоўніцтва Беларусі з ЭЗ. Канечне, усё, аб чым гаварылі, адносіцца неяк да таго, што будзе ў рамках ЭЗ абмяркоўвацца ў лістападзе. Але размова ішла аб тым, як будзе выглядаць супрацоўніцтва у бліжэйшы час.
Камэнтуючы інфармацыю польскай “Gazety Wyborczej” аб магчымым візыце Макея ў Варшаву 5–6 лістапада, Літвін паведаміў, што ў гэтыя даты візыт не плянаваўся. “Такі візыт магчымы, але сказаць калі, я не магу. Калі дата будзе вядомая, мы паведамім”, – сказаў дыплямат.
Што тычыцца пытаньня аб пазыцыі Польшчы адносна магчымасьці адмены візавых санкцыяў у дачыненьні беларускіх чыноўнікаў, дыплямат назваў гэта “немэдыйнай інфармацыяй”. Да рашэньня, якое будзе прынята Радай ЭЗ у лістападзе, мы ня можам аб гэтым заяўляць. Гэта будзе агульнае рашэньне ўсіх сябраў Эўразьвязу - незалежна ад таго, якая дыскусія пройдзе ў рамках прыняцьця гэтага рашэньня. Тады гэта будзе й нашая пазыцыя", - заявіў амбасадар Польшчы.
Што тычыцца старшынства Польшчы ў Эўразьвязе ў другой палове 2011 году, то амбасадар адзначыў, што ў шэрагу актуальных будзе й тэма Беларусі. Аднак гаварыць больш падрабязна пра палітыку Польшчы ў старшынстве пакуль зарана.
Генрык Літвін: Адным з пунктаў асаблівай увагі будзе Беларусь. Гэта відавочны эфэкт нашай палітыкі й інакш быць ня можа. Якія будуць галоўныя тэмы нашага старшынства гаварыць зарана, бо палітыка мяняецца. Пра гэта можна будзе гаварыць у другой палове 2010 году, перашай палове 2011. Аднак сёньня можна сказаць, што адной з найважнейшых тэм будзе праграма “Ўсходняе партнэрства”.
Марыя Кароль