ХІІ-ы Менскі форум праходзіць пад знакам Усходняга партнэрства. Сёлета мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў 21 дзяржавы й больш за трыста ўдзельнікаў. Сэнсацыі на адкрыцьці Форума, як летась, калі да публікі выйшаў кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей, не было. Чыноўнік унікнуў адкрытай дыскусіі з заляю, абмежаваўшыся адной толькі прамоваю з дэклярацыяй ужо вядомых прынцыпаў беларускай палітыкі.
Падчас свайго выступу Ўладзімер Макей заявіў, што Беларусь чакае, каб на лістападаўскім пасяджэньні Рады Эўрапейскага Зьвязу было прынятае рашэньне аб поўнай адмене санкцый у адносінах да Беларусі.
Уладзімер Макей: Нельга адначасова працягваць адну руку для палітычнага дыялёгу, а ў іншай трымаць сьпіс патрабаваньняў і абмежаваньняў. Эўразьвяз заўсёды выступаў за разьвіцьцё кантактаў паміж грамадзянскай супольнасьцю Беларусі й эўрапейскіх краін. Але пасьля ўводу візавага рэжыму для паездак у суседнія краіны колькасьць беларускіх грамадзян, якія наведваюць Эўразьвяз, зьменшылася на 20 працэнтаў.
Паводле слоў Макея, Беларусь падтрымлівае дыялёг з Эўропаю на прынцыпах узаемапавагі й роўнасьці, для гэтага ёсць эканамічныя перадумовы й палітычная воля абодвух бакоў.
Уладзімер Макей: Аднак будзе няправільна на гэтым шляху заўважаць некаторыя нэгатыўныя тэндэнцыі. Памылкаю зьяўляецца ацэнка сытуацыі ў нашай краіне, як гэта часта робіць Эўразьвяз, толькі па маштабу рэформ выключна ў грамадзка-палітычнай сфэры.
Павольнасьць зьменаў у бок дэмакратыі Макей абгрунтаваў цытатаю зь Гётэ: “Той, хто хоча рабіць упэўненыя крокі, мусіць рабіць іх павольна”.
Усходняе партнэрства, паводле словаў чыноўніка, прадстаўляе для Беларусі несумнеўную цікавасьць, і яна гатовыя ўдзельнічаць у праграме.
Уладзімер Макей: Несумнеўную цікавасьць для нас уяўляе ініцыятыва “Ўсходняе партнэрства”. Мы гатовыя ўдзельнічаць у ёй без усялякіх агаворак як у аднабаковым, так і шматбаковых фарматах.
Своеасаблівы рэвэранс быў зроблены ў бок старшыні Ўсходняга камітэта германскай эканомікі прафэсара Кляўса Мангольда. “Я хачу адзначыць пазытыўную ролю Ўсходняга камітэта й асабіста спадара Мангальда, майго добрага сябра, у актывізацыі дзелавых кантактаў. Прычым не толькі ў сфэры ўзаемавыгаднага дзелавога супрацоўніцтва, але й добразычлівым давядзеньні да біснэс-супольнасьці Германіі, Эўразьвязу аб’ектыўнай, рознабаковай інфармацыі аб рэальным патэнцыяле Беларусі й рэформах, якія яна праводзіць”, сказаў Макей. У сваю чаргу Кляўс Мангольд падтрымаў Макея ў меркаваньні, што “павольныя крокі” – гэта рацыянальны выбар.
Завяршыў свой выступ кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта цытатаю са Шпэнглера пра незваротнасьць усяго, што адбываецца, а таксама параіў быць абачлівымі ў сваіх рашэньнях, каб пасьля не шкадаваць пра страчаныя магчымасьці. Пасьля прамовы Ўладзімер Макей сышоў з залі, спаслаўшыся на іншыя справы.
Удзельнікам Форуму было зачытанае вітаньне фэдэральнага міністра замежных справаў Нямеччыны Гідо Вэстэрвэле.
“У траўні на саміце Эўрапейскага Саюзу ў Празе была прынятая палітыка «Ўсходняга партнэрства». Яна адкрывае шанец на стварэньне новай асновы для адносінаў паміж Беларусьсю й ЭЗ шляхам паступовага палітычнага асыцыяваньня й эканамічнай інтэграцыі. Я ўпэўнены, што ўсё гэта можа стаць рэчаіснасьцю пры наяўнасьці далейшага прагрэсу ў далейшым ажыцьцяўленьні рэформ у Беларусі. Гэты працэс у асаблівай ступені абапіраецца на мадэрнізацыю ў палітычнай, эканамічнай і грамадзкай сфэрах. Таму цалкам слушна, што праграма «Ўсходняга партнэрства» мае шырокую скіраванасьць”.
Невялікая дыскусія, што была заплянаваная арганізатарамі, зьвялася да кароткіх выступаў-тэзаў усё аб тых жа магчымасьцях, якія няварта ўпускаць, і кроках насустрач.
Сёлетняя праграма Менскага форуму прадугледжвае працу некалькіх групаў па тэмах «Усходняга партнэрства», эканамічнага супрацоўніцтва, узаемадзеяньня дзяржавы й грамадзтва, моладзевай палітыкі.
Марыя Кароль