Пра гэта размаўляюць у Польшчы


Зыгмунт Бэрдыхоўскі стаў 9 ляўрэатам узнагароды імя Ежы Гедройца 06.11.2009 слухаць 2,11 MB

Прагматычная „канкрэтная палітыка” пазбаўляе людзей вялікіх мэтаў і перашкаджае марыць. Кожны ўзважвае, як аптэкар, каб даваць іншым дакладна столькі, колькі сам атрымлівае, лічыць сёлетні ляўрэат прэміі імя Ежы Гедройца. Ім стаў Зыгмунт Бэрдыхоўскі, заснавальнік Інстытуту дасьледаваньняў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы.

Прэмію заснавала й прысуджае рэдакцыя штодзёнкі „Rzeczpospolita” людзям, якія ў грамадзкай дзейнасьці клапоцяцца пра агульныя справы й займаюцца ўмацаваньнем пазыцыі Польшчы ў дэмакратычнай эўрапейскай супольнасьці, а таксам падтрымліваюць добрыя адносіны з краінамі Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы.

Галоўны рэдактар штодзёнкі „Rzeczpospolita” Павал Лісіцкі, які зьяўляецца старшынём журы, падкрэсьліў, што сёлетні ляўрэат атрымаў узнагароду за стварэньне Эканамічнага форуму ў Крыніцы, называнага польскім Давосам, які ўжо 25 гадоў зьбірае на поўдні Польшчы вядомых палітыкаў і бізнэсоўцаў ня толькі з Эўропы, а нават з усяго сьвету.

Павал Лісіцкі: Не сакрэт, што калі ў Польшчу прыязджаюць нейкія важныя палітыкі ці бізнэсоўцы з Усходу, але ня толькі, то яны прыязджаюць менавіта ў Крыніцу. Прыезд прэм’ер-міністраў і прэзыдэнтаў розных краінаў, старшыні Эўрапарлямэнту, кіраўнікоў вядучых эўрапейскіх канцэрнаў зьяўляецца вялікай справай.

Павал Лісіцкі дадаў, што Эканамічны форум у Крыніцы мае велізарную значэньне ня толькі для палякаў.

Павал Лісіцкі: Агульнае значэньне - гэта прамоцыя Польшчы, але асноўная вартасьць форумаў у Крыніцы - гэта сустрэча розных людзей, падчас якой яны могуць пазнаёміцца, паразмаўляць альбо ўсталяваць супольныя бізнэсовыя інтарэсы. А трэцяя вартасьць - мерапрыемства адбываецца ў рэгіёне, для якога правядзеньне падобнага роду імпрэзаў зьяўляецца вельмі вялікай фінансавай падтрымкай.

На ўрачыстасьці ўручэньня ўзнагародаў прысутнічаў прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі. Ён зазначыў, што Эканамічны форум стварае пляцоўку для дыялёгу з такімі краінамі, як Беларусь і Ўкраіна, такім чынам кшталтуючы польскую ўсходнюю палітыку.

Сам ляўрэат прызнае, што ў сваёй дзейнасьці кіруецца спадчынай Ежы Гедройца.

Зыгмунт Бэрдыхоўскі: Ягоная спадчына зьяўляецца ўнікальнай, паколькі нават сёньня дазваляе палякам мець уласныя мары. Мары пра тое, што ў гэтай частцы Эўропы яны могуць рэалізаваць вялікія ідэі, служыць гэтым ідэям, а гэта своеасаблівая рамантыка.

Бэрдыхоўскі падкрэсьліў, што ў паўсядзённай працы ён і ягоныя спадзьвіжнікі ў першую чаргу канцэнтруюцца на эканамічнай галіне, але ня толькі яна зьяўляецца важнай.

Зыгмунт Бэрдыхоўскі: У сёньняшняй палітыцы паяўляецца ўсё больш матываў эканамічна-гаспадарчага характару. Можа менавіта таму фундамэнтам разьвіцьця Эканамічнага форуму была менавіта эканоміка. Але самае важнае, што мы стараемся рабіць цягам апошніх гадоў, гэта таксама дэбаты пра палітыку, пра культуру, пра агульныя каштоўнасьці.

Урачыстасьць уручэньня ўзнагароды адбылася ў Каралеўскім замку ў Варшаве.

Папярэднімі ляўрэўатамі ўзнагароды былі, між іншым, прафэсар Ежы Клачкоўскі, Цэнтар гістарычных дасьледаваньняў КАРТА, расейская паэтка й перакладчыца Натальля Гарбанеўская, а таксама заснавальнік цэнтра „Pogranicze- Памежжа” ў Сэйнах Кшыштаф Чыжэўскі.

Сёлета сярод кандыдатаў на ўзнагароду імя Ежы Гедройца былі Норман Дэвіс - ангельскі гісторык, дасьледчык Другой сусьветнай вайны, дыплямат Адам Даніель Ротфэльд і Фэдэрацыя катынскіх сем’яў.

Ежы Гедройц – выбіты дзеяч польскай пасьляваеннай эміграцыі, рэдактар часопіса «Культура», які нарадзіўся ў Менску й быў гарачым прыхільнікам прысуджэньня Нобэлеўскай прэміі Васілю Быкаву, папулярызатарам творчасьці беларускага пісьменьніка.  Гедройц лічыў, што калі б атрымалася рэалізаваць згаданую ідэю, гэта вельмі сур’ёзна паўплывала б на сытуацыю ў Беларусі. У 1998 годзе выйшаў адмысловы беларускі нумар часопісу «Культура».

КР


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone