Дэклярацыя ў справе эўрапейскай палітыкі бясьпекі й абароны – гэта міжурадавая дамова паміж Польшчай і Францыяй. У чацьвер адбыліся міжурадавыя пермовы паміж абедзьвюма краінамі.
Прэм’ер-міністар Дональд Туск сустрэўся з прэзыдэнтам Францыі Нікаля Сарказі, а польскія міністры замежных справаў, абароны, эканомікі й сельскай гаспадаркі – са сваімі францускімі калегамі.
Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі, падсумоўваючы вынікі перамоваў, выказаў меркаваньне, што яны ствараюць „незвычайны паварот”, калі гаварыць пра польскае заангажаваньне ў эўрапейскую абаронную палітыку. Сарказі выказаў задавальненьне, што такім чынам Польшча мяняе вэктар з атлянтычнага на эўрапейскі.
Нікаля Сарказі: Заангажаваньне Польшчы ў эўрапейскую абаронную палітыку, правядзеньне пэўнай рэвізіі стратэгіі NATO й супраца па прынцыпе „рука ў руку” Польшчы з Францыяй – гэта капітальная справа. Гэта толькі першы дакумэнт. Му знаходізмся на пачатку дарогі, але гэта, сапраўды, незвычайны паварот.
Польскі прэм’ер-міністар Дональд Туск падкрэсьліў, што падпісаная ў Парыжы дэклярацыя зьяўляецца першым крокам на шляху эўрапейскай бясьпекі, а таксама вялікай падтрымкай для эўрапейскай палітыкі бясьпекі й абароны.
Дональд Туск: Дэклярацыя, якую мы прынялі, па-першае, будзе таксама вялікай падтрымкай для эўрапейскай палітыкі бясьпекі й абароны. Адначасова мы ўзгоднілі, што ў двухбаковых польска-францускіх адносінах бясьпека, абаронныя магчымасьці будуць адной з ключавых тэмаў.
Кіраўнік польскай дыпляматыі Радаслаў Сікорскі лічыць падпісаную дэклярацыю важным дакумэнтам. Ён параўноўвае яе з француска-ангельскай дэклярацыяй з Сан-Малё з 1998 году.
Радаслаў Сікорскі: Гэта вельмі вялікі акт падтрымкі з боку Францыі таго, што можа стаць прыярытэтам польскай палітыкі, калі Польшча пачне кіраваць працамі ЭЗ. Гэта стварэньне рэальнай палітыкі абароны й бясьпекі ЭЗ. Мы зьяўляемся краінай, якую ў мінулым лічылі тормазам ЭЗ, а цяпер яна будзе прамотарам і аўтарам важнага інтэграцыйнага праекту.
Міністар Сікорскі дадае, што ён упэўнены ў тым, што да польска-францускай ініцыятывы неўзабаве далучацца іншыя краіны ЭЗ.
На думку кіраўніка польскага абароннага ведамства Богдана Кліха, большае заангажаваньне Польшчы ў эўрапейскую абаронную палітыку будзе даволі карысным для Польскага войска.
Богдан Кліх: Польшча далучаецца да групы тых краінаў, якія зьяўляюцца рухавіком эўрапейскай палітыкі бясьпекі й абароны. Для Польскага войска паяўляецца карысная пэрспэктыва, паколькі паяўляецца пэрспэктыва вайсковай эўрапейскай інтэграцыі.
Міжурадавая дэклярацыя ў справе эўрапейскай палітыкі бясьпекі й абароны, падпісаная Польшчай і Францыяй, прадугледжвае абмен афіцэрамі, падрыхтоўку сілаў спэцыяльнага прызначэньня, а таксама пратнэрства ў сэктары марскога флёту й супрацьпаветранай абароны.
Абедзьве краіны задэкляравалі працу на карысьць узмацненьня ЭЗ ды плянаваньня й правядзеньня цывільных і вайсковых апэрацыяў.
У дэклярацыі Францыя загарантавала, што будзе падтрымліваць усе намаганьні Польшчы, якая імкнецца стварыць магчымасьць Эўразьвязу й ягоным краінам удзелу ў эўрапейскай, атлянтычнай і глябальнай бясьпецы.
КР