Падзеі й камэнтары


Сяброўства з Украінаю на новым узроўні 06.11.2009

Завершыўся афіцыйны візыт беларускага прэзыдэнта ва Ўкраіну, які праходзіў з 4 па 6 лістапада. Цягам гэтых дзён Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з прэзыдэнтам Віктарам Юшчанкам і прэм’ер-міністрам Юліяй Цімашэнкай ды шэрагам іншых важных асобаў у краіне.

У бягучым годзе ўжо адбыліся тры працоўныя сустрэчы паміж прэзыдэнтамі. І гэта ўсё пасьля 10-гадовага перапынку. Падчас цяперашняга візыту быў падпісаны шэраг двухбаковых пагадненьняў. Галоўнае зь іх датычыць пытаньня мяжы. Дамова аб дзяржаўнай мяжы так і не была ратыфікаваная беларускім бокам. Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што дамова ўрэшце ўвойдзе ў сілу. Узамен Украіна паабяцала выплаціць запазычанасьць, якая засталася яшчэ з часоў Савецкага Саюзу. Менавіта гэта было галоўнаю прычынаю, па якой Менск не хацеў дамовіцца па пытаньні мяжы. Зварот запазычанасьці будзе адбывацца за кошт ільготаў на пастаўкі ўкраінскай электраэнэргіі ў Беларусь. Лукашэнка заявіў, што ў будычыні Ўкраіна магла б стаць адным з галоўных пастаўшчыкоў электраэнэргіі ў Беларусь.

Візыт Аляксандра Лукашэнкі ва Ўкраіну мае ня толькі важнае эканамічнае значэньне, але й палітычнае. Яшчэ да нядаўняга часу Менск і Кіеў варожа ставіліся адзін да аднаго, але зьмяніць накірунак адносінаў, як кажуць экспэрты, прымусіў прагматызм.

Дырэктар украінскага Цэнтру дасьледаваньняў праблем грамадзянскай супольнасьці Віталій Кулык зазначае, што пацяпленьне адносін паміж Беларусьсю й Украінаю былі аб'ектыўнымі й патрэбнымі кожнай з краін.

В. Кулык: У двухбаковых адносінах было шмат нявырашаных пытаньняў, зьвязаных з гандлёва-эканамічнай супрацай, прамысловасьцю, а таксама палітычным дыялёгам, напрыклад, у пытаньні мяжы. Гэтыя пытаньні надзвычай важныя для Ўкраіны, паколькі наш таваразварот расьце вельмі павольна. Эканамічным адносінам перашкаджалі палітычныя праблемы - адсутнасьць дыялёгу паміж Менскам і Кіевам. Каб разблякаваць гэты дыялёг, адбылася карэктыроўка афіцыйнага курсу Кіева ў дачыненьні да Беларусі ў бок прагматызацыі адносін. Зь іншага боку, Менск цяпер знаходзіцца ў складанай палітычнай кан'юнктуры й вымушаны наладжваць адносіны з Захадам, у тым ліку з Эўразьвязам. Таксама ён вымушаны будаваць больш стрыманую палітыку ў дачыненьні да Расеі.

Для Беларусі Ўкраіна зьяўляецца бліжэйшым саюзьнікам у дыялёгу з Эўропай. І ў гэтым Лукашэнка не памыліўся. Украінскі прэзыдэнт паабяцаў, што абавязкова выступіць „адвакатам Беларусі ў Брусэлі”.

Таксама Ўкраіна й Беларусь выступаюць адным фронтам у адносінах з Расеяй.

В. Кулык: Лукашэнка ўжо цяпер хацеў бы ад Украіны атрымаць перакваліфікацыю адносін паміж Кіевам і Менскам. Ён хацеў бы інстытуцыянальнай супрацы, напрыклад, паміж Радамі бясьпекі, паміж урадамі, а таксама на ўзроўні міжурадавых камісій.

Для Ўкраіны важна вырашыць праблему зь мяжою. Галоўнае, гэта тое, што мы выйдзем зь мёртвага пункту ў эканамічных адносінах, напрыклад, каапэрацыя намаганьняў Беларусі й Украіны ў вытворчасьці сельгастэхнікі, а таксама шэраг іншых пытаньняў, зьвязаных з гарманізацыяй мытнага й падатковага заканадаўства Ўкраіны й Беларусі. Таксама важна ліквідаваць штучныя праблемы, якія ўзьніклі ў гандлі паміж дзьвюма краінамі.

Юры Шаўцоў кажа, што гэта ўнікальны візыт, падчас якога вырашаныя вельмі важныя аспэкты двухбаковых адносін. Палітоляг зазначае, што візыт адбываўся ў пэрыяд выбарчай кампаніі ва Ўкраіне, што дае значныя плюсы Юліі Цімашэнцы, але найперш Віктару Юшчанку. У абодвух бакоў цяпер ёсьць глеба для далейшага разьвіцьця палітычных адносінаў, незалежна ад таго, хто будзе ў далейшым кіраваць Украінаю.

Адной з падзеяў стала ўручэньне Аляксандру Лукашэнку ганаровага тытулу honoris causa Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі. Тытул уручаны „за ўклад у разьвіцьцё двухбаковых адносін, умацаваньне культурных і адукацыйных сувязяў”. Аляксандар Лукашэнка пастаўлены на адным узроўні зь Індзірай Гандзі, Вацлавам Гавелам, Білам Клінтанам.

На думку Юрыя Шаўцова, такі важны жэст гаворыць сам за сябе.

Ю. Шаўцоў: Я б сказаў, што гэта сьведчыць пра вельмі вялікую вагу Беларусі ва ўнутранай украінскай палітыцы ў дадзеным моманце. У нас яшчэ гэта нечакана й не асэнсавана, але ва Ўкраіне гэта ўжо зразумелі. Я б хацеў зьвярнуць увагу на дадзеныя сацыялягічнага апытаньня, праведзенага перад візытам Лукашэнкі, на тэму сымпатыі да беларускага прэзыдэнта сярод украінцаў. Нэгатыўнае стаўленьне да Лукашэнкі выказвае толькі 4% украінцаў, а сымпатыю маюць больш за 60%. Нават у нас у Беларусі на сёньняшні дзень наўрад ці мы будзем мець такія спрыяльныя лічбы для Лукашэнкі.

Ідэалягічныя адрозьненьні паміж краінамі, канечне, застаюцца, але ёсьць нешта больш значнае – вага Лукашэнкі на ўнутраным, грамадзкім і палітычным полі Ўкраіны.

Аляксандар Лукашэнка й Віктар Юшчанка таксама дамовіліся аб тым, што разам будуць прымаць удзел у праектах Усходняга партнэрства.

Алена Пытэль

 


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone