„Рэквіем па непатрэбных рэчах”- гэтак называецца зборнік прозы аўтарства гарадзенскага блюзмэна Віктара Шалкевіча. Кініга выйдзе ў сэрыі “Гарадзенская бібліятэка“. Сэрыя знаёміць зь гісторыяй гораду, з мастацкімі творамі й навуковымі працамі гарадзенцаў, якія сталі значным унёскам у культуру беларускага народу й суседзяў.
Трэба дадаць, што гэта ўжо другая кніга Віктара Шалкевіча. Першая, пад назвай „Блюз Вясна”, зьмяшчае выбраныя вершы й песьні гарадзенскага блюзмэна. Што схіліла музыка пачаць пісаць кнігі?
Віктар Шалкевіч: Гэта такая можна сказаць „вечная памяць” усім тым рэчам, якія нас калісьці выхоўвалі, якія зрабілі нас такімі, якімі мы ёсьць сёньня. Сярод тых рэчаў ёсьць, напрыклад, матацыкал „Усход -2М”, ці радыёла „Урал – 57”, ці тэлевізар „Атлянт”, ці бацькоўскія папругі, ці машынка, якой нас усіх стрыглі. Гэта такія рэчы, зь якімі чалавек сутыкаецца ў дзяцінстве, і яны нешта ў ім фарміруюць. Пра кожную з такіх непатрэбных рэчаў напісана эсэ- большае ці меншае.
Узьнікае пытаньне, ці такім чынам аўтар хацеў выразіць сваю настальгію па мінулых часах?
Віктар Шалкевіч: Ні ў якім разе гэта ніякая не настальгія. Гэта такі нармальны эмпірычны вопыт пакаленьня, які трэба перадаваць. Я думаю, што атрымалася цікавая кніжка. Хаця яна яшчэ не прайшла рэдактарскай праўкі, але тыя, хто чыталі, выказаліся пра яе дастаткова цікава, што гэта будзе нейкая зьява. Па-другое, частка яе ў перакладзе на расейскую мову была апублікаваная ў часопісе „Сібірскія агні” ў гэтым годзе.
„Рэквіем па непатрэбных рэчах” пабачыць сьвет напрыканцы бягучага, пачатку наступнага году. Кніга будзе надрукаваная ва Ўроцлаве, як, дарэчы, і ўсе кнігі згаданай сэрыі.
Выдавецкая сэрыя “Гарадзенская бібліятэка” заснавана ў 2006 годзе гарадзенскім Рухам “За Свабоду” ў шчыльным супрацоўніцтве з Калегіюмам Усходняй Эўропы з Уроцлава.
У рэдкалегію сэрыі ўваходзяць знаўцы Гародні, сярод якіх, вядомыя гарадзенцы Данута Бічэль, Уладзімір Кіслы, Мікола Маркевіч, Алесь Смалянчук ды Алесь Краўцэвіч.
Сярод выдадзеных па-беларуску кніг ёсьць творы аўтарства вядомых гарадзенскіх пісьменьнікаў, паэтаў, гісторыкаў, журналістаў і публіцыстаў.
Апошнім часам сьвет пабачылі кнігі „Магдэбургская Гародня” Юрыя Гардзеева, „Хадзі на мой голас” Дануты Бічэль, „Разьвітанне зь ілюзіямі” Аляксея Карпюка, ”Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця” 1 2 том.
Днямі адбылася прэзэнтацыя кнігі доктара гістарычных навук Алеся Краўцэвіча „Рыцары й дойліды Гародні”. Гэта ўжо 8 кніга, выдадзеная ў “Гарадзенскай бібліятэцы”.
КР