Здарылася ў Беларусі


Экспэрт: Беларусь – гэта дзяржава, якая ўжо адбылася 06.11.2009

Беларусь як самастойнае дзяржаўнае ўтварэньне даўно адбылася. І гэта прызнаюць экспэрты як з Расеі, так і Захаду. Далейшы выбар геапалітыкі Беларусі будзе толькі вагацца ў межах каньюнктурных інтарэсаў паміж Эўропай і Расеяй. Такое меркаваньне агучылі экспэрты падчас працы адной з сэкцый ХІІ-га Менскага форуму.

Дырэктар маскоўскага Цэнтру Карнэгі Дзьмітры Трэнін заявіў, што вынікам двух дзесяцігодзьдзяў беларуска-расейскіх адносінаў ёсьць выснова аб тым, што інтэграцыя гэтых дзяржаваў больш не актуальная. А беларускі рэжым вельмі нязручны паводле сваёй сутнасьці для расійскіх дамоў.

Дзьмітры Трэнін: Беларусь – гэта дзяржава, якая ўжо адбылася. Пытаньне аб тым, ці ўтварылася Беларусь як дзяржава, ужо вырашанае, прычым даволі своеасаблівым і нават іранічным спосабам. Той чалавек, які высунуў канцэпцыю саюзнай дзяржавы, каб стаць кіраўніком гэтай дзяржавы, бо ў гэтым быў сэнс канцэпцыі, затым выкарыстоўваў гэтую канцэпцыю на працягу наступнага дзесяцігодзьдзя, каб атрымліваць датацыі. Ён, здавалася б, самы неверагодны стваральнік беларускай дзяржавы, ён яе стварыў. Тая воля да ўлады, якая была й ёсьць у гэтым чалавеку, стварыла канкрэтны рэжым, і яна ж дабавіла сувэрэнітэту краіне. То бок сувэрэнітэт Беларусі – прадукт улады чалавека, які кіруе краінай.

Тое, што Беларусь асвойвае шматвэктарную палітыку, паводле словаў экспэрта, абсалютна нармальна для краіны. Беларусь не ўваходзіць у сфэру інтарэсаў Расеі з-за сваёй неляяльнасьці да палітычных элітаў усходняй суседкі й немагчымасьці кіраваць унутранымі беларускімі падзеямі з Масквы. “Усходняе партнэрства” не зьяўляецца новым курсам, яно толькі выкрыла існуючыя рэальныя памкненьні афіцыйнага Менску. 

Дзьмітры Трэнін: Расея насамрэч не прапануе інтэграцыйнага праекту, бо разумее, што за любую інтэграцыю нехта мусіць плаціць. За інтэграцыю Эўропы ў многім заплаціла Заходняя Нямеччына. Расея ня хоча яшчэ раз плаціць за гэта, нават калі яна будзе лідэрам інтэграцыі.

Кіраўнік Цэнтру міжнародных дасьледаваньняў БДУ Ўладзімер Улаховіч згодны, што шматвэктарнасьць зьнешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь – натуральны працэс, аднак экспэрт ня лічыць, што цяпер можна гаварыць аб крызысе беларуска-расейскіх адносінаў.

Уладзімер Улаховіч: Я б ня стаў адштурхоўвацца ад эмоцый і падвяргаць сумневу ўзровень беларуска-расейскага ўзаемадзеяньня. Я ўспрымаю цяперашнюю дынаміку ўзаемадзеяньня з Эўропай як натуральную карэктыроўку зьнешнепалітычнага беларускага курсу. Бо разьвіваць нацыянальную дзяржаву, будаваць яе па прынцыпу адчужэньня аднаго вэктара – неразумна й нерэальна. Зразумела, што разьвіцьцё паўнавартасных, фундамэнтальных адносінаў з Эўропай – частка нацыянальных беларускіх зацікаўленасьцяў. 

Важны кампанэнт беларуска-эўрапейскага дыялёгу закрануў старшыня міжнароднага кансорцыюма “ЭўраБеларусь” Улад Вялічка. Найперш ён апэляваў падчас дыскусіі да неабходнасьці далучыць да цяперашніх зьнешнепалітычных працэсаў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці.

Улад Вялічка: Пакуль прыярытэт - эўрапейская норма, але значная частка грамадзян ня мае магчымасьці ўлічваць свае інтарэсы, пазыцыі, прыярытэты ў гэтым дыялёгу. Таму мусяць быць нейкія іншыя мэханізмы, якія будуць гэтую задачу вырашаць. І такі кампанэнт “Усходняга партнэрства” як форум грамадзянскай супольнасьці – у першую чаргу надзвычай важная камунікатыўная пляцоўка.

У выніку дыскусіі экспэрты зь Беларусі, Эўропы, Расеі сышліся на думцы, што цяпер афіцыйны Менск мае некалькі варыянтаў далейшага разьвіцьця. Аднак у кожным зь іх будуць фігураваць як Эўропа, так і Расея. Прычына таму – узаемная зацікаўленасьць бакоў.


Марыя Кароль

 


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone