У Беларусі сёньня сьвяточны дзень. Краіна сьвяткуе 92 гадавіну Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 году. Беларусь гэта адзіная краіна, якая афіцыйна сьвяткуе гэты дзень, і надалей усхваляе Кастрычніцкую рэвалюцыю.
У 1917 годзе у Расеі адбыўся дзяржаўны пераварот, у выніку якога прыйшлі да ўлады бальшавікі на чале зь Леніным. Рэвалюцыя пачалася ў Петраградзе, дзе бальшавікі арганізавалі ўзброенае паўстаньне. У той жа самы дзень пачаўся ІІ зьезд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. На зьезьдзе быў сфармаваны ўрад на чале з Уладзімерам Леніным.
Сьвяткуючы гэты дзень у Беларусі, зазначаецца толькі адзін бок гэтай падзеі. У прыватнасьці тое, што дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі Беларусь выйшла на сусьветную палітычную арэну як самастойная краіна, яна атрымала магчымасьць эканамічнага й культурнага разьвіцьця.
Ня ўзгадваецца аднак, што дзеяньні бальшавікоў у выніку прывялі да расколу ў грамадзтве, а таксама да грамадзянскай вайны ў Расеі.