Запрошаны на Беларускі Эўрапейскі форум дэпутат ПАРЭ Хрыстос Пургурыдэс ня зможа прыехаць у Беларусь.
Падчас сустрэчы прадстаўнікоў ПАРЭ з кіраўніком місіі Беларусі пры Радзе Эўропы Андрэем Бушылам было заяўлена, што беларускія ўлады не дазволяць Хрыстосу Пургурыдэсу прыехаць у Беларусь. Прадстаўнік беларускага ўраду даў зразумець, што вядомы дэпутат кіпрскага парлямэнту не атрымае візы ні ў беларускім консульстве ў Парыжы, ні ў менскім аэрапорце.
Хрыстос Пургурыдэс у 2004 годзе быў спэцдакладчыкам ПАРЭ па Беларусі й займаўся расьсьледаваньнем палітычных зьнікненьняў. Ягоныя даклады пра зьніклых людзей у Беларусі, а пазней пра злоўжываньні ў сыстэме крымінальнага правасудзьдзя ў Беларусі атрымалі вялікі міжнародны розглас і падвысілі ўвагу да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Цяпер дэпутат кіпрскага парлямэнту Хрыстос Пургурыдэс зьяўляецца першым намесьнікам старшыні Камітэту ПАРЭ па юрыдычных справах і правах чалавека.