«На працягу 5-ці гадоў у пракуратуру паступала інфармацыя аб тым, што ў ваколіцах гораду Астровец Сьвентакшыскі бацька прымушае да казіродзтва сваю дачку. Увесь гэта час пракуратура “палец аб палец ня ўдарыла”. У выніку дзяўчына нарадзіла ад свайго бацькі дзьве дачкі. Пра жахлівую гісторыю, якая ўсхвалявала палякаў, піша сёньня на першай старонцы "Gazeta Wyborcza".
49-гадовага Зьбігнева паліцыя затрымала некалькі дзён таму. Яго абвінавацілі ў сэксуальным кантакце з 22-гадовай дачкой Аннай. Дзяўчына нарадзіла дзьве дачкі. Генэтычныя дасьледаваньні пацьвердзілі, што іх бацькам зьяўляецца бацька іх мамы.
Як стала пазьней вядома, Зьбігнеў С. упершыню быў асуджаны за сэксуальнае дамагальніцтва ў дачыненьні да дачкі на пачатку 90ых, калі ёй было 6 гадоў. Тады яго асудзілі да 4 гадоў пазбаўленьня волі. Калі мужчына выйшаў з турмы, то ён ізноў пачаў камунікаваць з дачкой. Калі дзяўчыне было 16 гадоў, яна нарадзіла ад яго першае дзіця. Яшчэ ў 2004 годзе кіраўніцтва дзіцячага дому, дзе тады пражывала дзяўчына, паведаміла ў суд, што дзіця нарадзілася ў выніку казіродзтва. Суд перадаў дакумэнты ў пракуратуру, але тая не адказала. Паралельна гэтай справай занялася пракуратура ў Сандомежы, бо менавіта там была прапісаная дзяўчына, але зварот ізноў застаўся без адказу.
Сёньня прадстаўнікі пракуратуры тлумачаць сваё бязьдзеянне тым, што аналіз ДНК быў зроблены з памылкаю. Паўтарыць дасьледаваньне было нельга, бо дзяўчына пераехала. Яна жыла ў той час у Доме адзінокай маці ў Астроўцы й далей працягвала сустракацца са сваім бацькам. Праз два гады, калі дзяўчыне споўнілася 18 гадоў, сацыяльная служба гораду зьвярнулася ў суд зь інфармацыяй, што дачка жыве разам з бацькам. Празь некалькі дзён пракуратура адмовілася пачынаць сьледзтва ў гэтай справе. Справай заняўся суд, менавіта ён прызначыў куратара, які сачыў за бацькам і дачкой. Калі нарадзілася другое дзіця, куратар зьвярнуўся ў пракуратуру. Тая ізноў не адрэагавала. У адказе было напісана, што сабраны матэрыял не пацьвярджае інфармацыі, што бацькам дзяцей зьяўляецца 49-гадовы Зьбігнеў. Увесну гэтай справай заняліся суседзі й участковы. Толькі тады гэта прынесла вынік.
Бліжэйшыя тры месцы Зьбігнеў С. правядзе ў ізалятары, – піша выданьне, - потым дакумэнту сьледзтва будуць накіраваныя ў суд.
Польская нацыянальная меншасьць на Віленшчыне мае намер падаць скаргу на Летуву ў Эўрапейску суд правоў чалавека ў Страсбурзе, паведамляе "Rzeczpospolita". Палякі не пагаджаюцца з пастановай Канстутыцыйнага суду Летувы аб тым, што польскія прозьвішчы ў пашпартах павінны пісацца па-летувіску. Згодна з рашэньнем суду, па-польску прозьвішча можа быць напісанае выключна як дапаможны запіс, на першай старонцы запіс мае быць на дзяржаўнай мове.
Гісторыя гэтага канфлікту сягае 1994 году. Тады, праўда, палякам дазволілі запісваць свае імёны й прозьвішчы па-польску, але так працягнулася да 1999 году. У чэрвені гэтага году летувіскі Сэйм у чарговы раз зьвярнуўся ў Канстутыцыйны суд, каб ён паўторна разгледзеў справу. Нядаўна, дарэчы, у сувязі з запісам польскіх імёнаў адбыўся інцыдэнт у адной з польскіх школаў у Летуве. Кіраўніцтва школы хацела назваць навучальную ўстанову ў гонар Эміліі Плятэр. Улады пагадзіліся, але з адной умовай, што імя будзе гучаць – Эміліёс Плятэрытэс.
Польскія палітыкі лічаць рашэньне суду ў Вільні няправільным. У Летуве пражывае больш за 200 тыс. этнічных палякаў, а гэта каля 7%. Гэта найбуйнейшая нацыянальная меншасьць у краіне. Варшава таксама нагадвае, што летувісы, якія жывуць у Польшчы, ня толькі маюць права запісваць у польскіх пашпаратах свае імёны на роднай мове, але й могуць патрабаваць ад мясцовых уладаў усталёўваць дзьвухмоўныя шыльды каля ўезду ў населеныя пункты.
З польскім пунктам гледжаньня пагаджаюцца й некаторыя летувіскія палітыкі, але да справы можна будзе вярнуцца не раней, чым праз 10 гадоў.