Здарылася ў Беларусі


“Дзяржустановы й палітычнае жыцьцё Гародні. XV-XX ст.” 07.11.2009

Як функцыянавалі дзяржаўныя ўстановы ў Гародні ў 15-20 ст.ст? Чым было адметнае палітычнае жыцьцё гораду ў гэтыя пэрыяд? Адказы на гэтыя пытаньні шукалі ўдзельнікі навуковай канфэрэнцыі “Дзяржустановы й палітычнае жыцьцё Гародні. XV-XX ст.”, якая сёньня распачалася ў горадзе на Нёмане. У сустрэчы бяруць удзел гісторыкі з Гародні, Менску й польскага гораду Аполе.

Гэта ўжо другая Міжнародная навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная гісторыі Гародні. Першая адбылася летась, яна была прысьвечаная агульнай гісторыі гораду 16-18 ст. Дата правядзеньня мерапрыемства невыпадковая: у гэтыя дні гарадзенцы адзначаюць сьвята свайго патрона, сьвятога Губэрта. Згаданая канфэрэнцыя праходзіць дзеля інтэлектуальнай і навуковай падтрымкі Дзён Губэрта.

Пра мэты й задачы сустрэчы распавядае дырэктар Інстытута гістарычных дасьледаваньняў Беларусі (ЭГУ), доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.

А. Смалянчук: Сёлета мы зрабілі больш заплянаваную навуковую акцыю. Год працавалі дзьве дасьледчыя групы, якія дасьледавалі праблему дзяржаўных ворганаў кіраваньня й палітычнае жыцьцё Гародні. Зараз мы падсумоўваем гэтую працу. Я спадзяюся, што гэта доўгатэрміновы праект па дасьледаваньні гісторыі нашага гораду. Справа ў тым, што наш гістарычны факультэт ня робіць той працы, якую ён павінен рабіць. І таму гэтай тэмай даводзіцца займайцца людзям, якія не зьвязаныя з факультэтам.

У канфэрэнцыі бяруць удзел гісторыкі й дасьледчыкі Аляксей Шаланда, Зьміцер Яцкевіч, Вадзім Урублеўскі, Алесь Доўнар, Іна Сарокіна, Вольга Сабалеўская, Тацяна Казак, Сяргей Токць і шмат іншых беларускіх навукоўцаў. На дыскусіях уздымаюцца самыя розныя тэмы: Гародня й Гарадзеншчына ў Мэтрыцы ВКЛ, адукацыя ў Гародні ў першай палове ХІХ ст., гарадзенскі магістрат у ХVІІ ст., замкавы й земскі суды ў Гарадзенскім павеце й шмат іншых тэмаў.

Завершыцца канфэрэнцыя прэзэнтацыяй праекту “Гародня і Гарадзенскі павет у XV – XVIII ст.”, якую прадставіць кандыдат гістарычных навук Натальля Сьліж.

Н. Сьліж: Гэта няпроста навуковая канфэрэнцыя, гэта паэтапнае вывучэньне гісторыі горада й асяродзьдзя. Па сутнасьці, гэта першы крок да высьвятленьня пытаньня: што ж тут насамрэч адбывалася. Таму ў цэнтры нашай увагі замкавы суд, земскі, магістрат, соймікі. Гэта дазваляе зразумець, якім чынам адбывалася кіраваньне ў нашай краіне. Гэта досьвед, якім чынам людзі кіравалі й якія стваралі структуры. Гэта могуць выкарыстоўваць і сёньняшнія ўлады, бо гэта менавіта наш вопыт, нашых беларускіх зямель, а не запазычаны звонку.

Чым была адметная тагачасная палітычная сыстэма? Паводле Натальлі Сьліж, грамадзяне ў той час мелі магчымасьць узьдзейнічаць на ўладу.

Н. Сьліж: Гэта было станавае кіраваньне, таму шляхта мела свае суды - земскія, былі замкавыя суды для тых, хто быў падпарадкаваны старасьце. Былі і парлямэнтарызм, і выбарнасьць, і прызначэньне. І пры гэтым людзі маглі ўзьдзейнічаць на ўладу. Гэта не было проста падпарадкаваньне, але і ўзьдзеяньне.

Нагадаем, што Дні Губэрта, у рамках якіх адбываецца й згаданая сустрэча, будуць адбывацца да 11 лістапада. Што чакае цягам бліжэйшых дзён гарадзенцаў і гасьцей Гародні, распавядае адзін з арганізатараў грамадзкіх дзён гораду Павал Мажэйка з Руху “За Свабоду”.

П. Мажэйка: У нядзелю, 8-га лістапада, пройдзе адкрыты публічны круглы стол, тэмай якога будзе “Пэрспэктывы й разьвіцьцё гарадзенскага раёну Новы Сьвет”. Забудова гэтага раёну паўстала ў 20-30-х гадох мінулага стагодзьдзя. Доўгі час мясцовыя ўлады намагаюцца яго разбурыць. Грамадзкія актывісты, гісторыкі, актывісты, фатографы, маладыя людзі працавалі ўвесь гэты год, каб знайсьці магчымасьць пэрспэктываў для гэтага раёну. Ад 9 па 11 лістапада адбудзецца фэстываль “Свабоднае кіно”. На ім будуць прэзэнтавацца апошнія фільмы тэлеканалу Белсат, у прыватнасьці, трылёгія “Беларусь пад нямецкай акупацыяй”, а таксама фільмы на праваабарончую тэматыку, якія нам прадставіў чэскі міжнародны кінафэстываль “Адзін сьвет”.

Ініцыятыва сьвяткаваньня дзён заступніка Гародні – сьвятога Губэрта нарадзілася яшчэ на пачатку 1990-х, калі Беларусь вярнула незалежнасьць. Але ў практыцы гэта сталася магчымым толькі летась. Актывісты гарадзенскага Руху “За Свабоду”, якія адрадзілі дні патрона гораду, кажуць, што Дні Губэрта стануць штогадовай традыцыяй. 

Дзьмітры Гурневіч

 


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone