Пултуск знаходзіцца ў паўночнай частцы Мазавецкага ваяводства, у 60 км ад Варшавы на рацэ Нарва. У горадзе жыве каля 20 тыс. чалавек. Праз горад ідзе шлях на славутае Мазурскае й Аўгустоўскае паазер’е.
Пра багатую 900-гадовую гісторыю Пултуска сьведчыць мноства помнікаў. Каменны брук на галоўнай плошчы гораду, акружаная дамамі пабудовы XVIII і XIX стагодзьдзяў, была сьведкам многіх важных падзеяў. У 1806 і 1807 гадах тут кватаравалі атрады Вялікай Арміі, а пасьля крывавай бітвы пад Пултускам і Галымінам многія пабудовы й манастырскія памяшканьні былі прыстасаваны пад лязарэт. У горадзе працуюць 3 каталіцкія касьцёлы.
Пасярод Цэнтральнай плошчы стаіць Ратуша зь вежай у стылі готыкі-рэнэсансу, дзе цяпер разьмешчаны Рэгіянальны музей. На ўсходняй сьцяне ратушы, у даніну павагі да маршала Лана й яго атрадаў, якія далі адпор расейскай арміі генэрала Бенігсэна, зьмешчаная памятная шыльда.
У доме пад нумарам 29 начаваў брат Напалеона, Жэром Банапарт. На працягу двух дзён пасьля бітвы пад Галымінам і Пултускам тут начаваў і сам імпэратар. Некаторыя дасьледчыкі аднак лічаць, што Напалеон спыняўся ў замку, дзе ў той час былі арганізаваны палявы шпіталь і галоўны штаб.
У замку разьмяшчаецца багатая бібліятэка. Там сабраныя прадметы й карціны, якія нагадваюць пра тое, што акрамя вайны Напалеон вёў шырокую дзейнасьць у галіне адукацыі, культуры, навукі й заканадаўства.
У заходняй частцы Цэнтральнай плошчы знаходзіцца базыліка. Яна была ўзьведзеная ў 1449, пазьней перабудавана ў стылі рэнэсансу. Непаўторны росьпіс скляпеньня, выкананы тэхнікай фрэскі, атрымаў спэцыяльную назву: пултускі звод. У працах прымаў удзел італьянскі дойлід Джыявані Батыста з Вэнэцыі.
У Пултуску дзейнічае Вышэйшая гуманітарная школа, заснаваная ў 1994 годзе па ініцыятыве прафэсуры Варшаўскага ўнівэрсытэту й Польскай акадэміі навук. У горадзе знаходзіцца славуты на ўсю Польшчу Дом Палёніі, дзе праходзяць сустрэчы й канфэрэнцыі палякаў з усяго сьвету, у тым ліку й зь Беларусі. Для турыстаў мясцовыя фірмы прапануюць мноства цікавых маршрутаў: на роварах, байдарках і пешшу.