Цэнтрысцкае выданьне „Gazeta Wyborcza” піша пра ўцечку інфармацыі з Польшчы ў беларускае КДБ. Гаворка ідзе пра сотні дадзеных аб пакупках беларусаў у Польшчы.
Да журналіста газэты зьвярнуўся жыхар Горадні, які прасіў застацца ананімным. Ён займаецца дробным гандлем. Тавары купляе ў Польшчы, а прадае ў Беларусі. У ліпені бягучага году гарадзенец атрымаў ліст ад Гарадзенскага мытнага камітэту, які, спасылаючыся на інфармацыю ад беларускага КДБ, абвінаваціў яго ў нелегальнай дзейнасьці. Да ліста быў далучаны сьпіс каля 200 апэрацыяў па вяртаньні падатку на дададзеную вартасьць - ПДВ (VAT), які гарадзенец легальна атрымліваў у Польшчы, вывозячы тавары за мяжу.
Варта нагадаць, што падобнай магчымасьцю карыстаецца большасьць беларусаў, якія займаюцца дробным гандлем. Згодна з законам, калі купленыя рэчы прызначаныя на продаж, а не для прыватнага карыстаньня, кожны беларус павінен заплаціць дзяржаве падатак.
У выпадку гарадзенца, які расказаў сваю гісторыю журналістам польскай штодзёнкі, кожны зварот падатку ПДВ быў дакладна апісаны (дата, від тавару). Зьвесткі ахоплівалі 2004-2009 гады й маглі быць атрыманыя толькі ў Польшчы.
Мужчына быў выкліканы ў КДБ. „Мне сказалі, што я вёў прадпрымальніцкую дзейнасьць і не плаціў мыта падчас перавозкі тавараў у Беларусь,” – расказвае жыхар Горадні, які правозіў празь мяжу дрэлі, абутак і каву. Ён ніколі не перакрочваў дазволенай нормы. Аднак як кожны дробны гандляр езьдзіў часта, і гэтым самым павялічваў колькасьць перавезеных тавараў.
Цяпер ён павінен заплаціць мыта. Разам з штрафам гэта каля 90 тысяч даляраў. Усё дзякуючы дакумэнтам, якія КДБ атрымала з Польшчы.
Інфармацыя аб тым, што Польшча перадала Беларусі інфармацыю аб апэрацыях па звароту падатку ПДВ, хутка распаўсюдзілася сярод чаўнакоў. Павесткі ў КДБ і на мытню атрымалі некалькі дзясяткаў чалавек. Усім паказаныя доказы іх апэрацыі на тэрыторыі Польшчы. Крыніцу сваёй інфармацыі КДБ не называе. „Мы не даем інфармацыі ў гэтай справе,” – сказала журналістам штодзёнкі „Gazetа Wyborczа” прэс-сакратар гарадзенскага КДБ Натальля Баклада. Намесьнік страшыні Гарадзенскай мытні Аляксандар Багдзевіч сьцьвярдзіў, што гэта інфармацыя „абмежаванага доступу”.
Журналісты спрабавалі высьветліць, якая з польскіх установаў магла перадаць інфармацыю беларускім службам. У Міністэрстве фінансаў сказалі, што інфармацыя не паходзіць з падаткавай інспэкцыі і мытнай службы – адзіных установаў, якія маюць такія зьвесткі. Прэс-сакратар міністэрства адназначна сьцьвердзіла: „Дамова зь Беларусьсю не прадугледжвае перадачы дакумэнтаў аб звароце падатку ПДВ. Беларускі бок некалькі гадоў запар зьвяртаецца з такой просьбай. На падставе міжнародных пагадненьняў польскае міністэрства кожны раз адмаўляецца прадастаўляць гэтую інфармацыю”. У Міністэрстве фінансаў паабяцалі высьвятліць, якім чынам гэтыя зьвесткі маглі трапіць у непажаданыя рукі.
Далей журналісты запыталі ў Агенцтве ўнутранай бясьпекі (АBW), ці ўстанова, да якой зьвяртаецца беларускае КДБ, павінна аб гэтым паінфармаваць адпаведныя ворганы. Аказалася, што дзяржаўныя ўстановы такога абавязку ня маюць. Яны павінны гэта зрабіць толькі ў выпадку, калі якія-колечы акалічнасьці ў справе могуць пагражаць бясьпецы дзяржавы.
На думку журналістаў, такімі акалічнасьці якраз выступілі. Усё сьведчыць аб тым, што інфармацыя аб звароце падатку ПДВ была перададзена нелегальна.
Акрамя гэтага, з размоваў з гарадзенцамі вынікае, што КДБ выкарыстоўвае атрыманыя зьвесткі ня толькі ў барацьбе з чаўнакамі, якія парушаюць падаткавае заканадаўства. Чаўнакі расказваюць, што ім абяцалі спыніць справу ўзамен за інфармацыю аб польскіх мытных установах. Іх цікавіла, як такія ўстановы працуюць, ці нехта з мытнікаў бярэ хабар, хто з кім сябруе.
У міліцыю выклікалі таксама беларусаў, якія працуюць у польскім консульстве ў Горадні. Фармальнай прычынай сталі парушэньні ў выдачы візаў. Аднак адзін з консулаў лічыць, што міліцыя спрабуе запалохаць працаўнікоў консульства. „Міліцыянт дакладна ведаў: хто, што й калі купляў у Польшчы. Крыніцаю было КДБ. Гэтая інфармацыя можа быць выкарыстаная для шантажу. Гэта скандал, калі зьвесткі былі перададзеныя з Польшчы,” – кажа працаўнік консульства.
Справу апісала „Gazeta Wyborcza”.