Гомельскі судзьдзя Рыгор Дзьмітрэнка пакараў верніка царквы “Сьведкі Яговы” Зьмітра Смыка штрафам у памеры 100 базавых адзінак за ўхіленьне ад вайсковай службы. Малады чалавек вельмі добра разумее тое, што ён ведае свае абавязкі перад дзяржавай, але служыць у войску не дазваляюць яму рэлігійныя перакананьні.
Зьміцер Смык: Усё дастаткова элемэнтарна. Я перагледзеў сваё жыцьцё паводле сваіх перакананьняў і Бібліі ды вырашыў, што буду жыць так, як гэтага патрабуе ад мяне Бог. І, напрыклад, у пытаньні войска я цьвёрда перакананы, што я не магу служыць ды трымаць зброю ў руках. Я згодны з тым, што я павінен аддаць абавязак дзяржаве. Я казаў на судзе, што я гатовы гэта зрабіць, але нейкім іншым чынам – альтэрнатыўным, каб гэта не супярэчыла маім перакананьням. Калі дзяржава вырашыць, што, напрыклад, гэты тэрмін павінен быць большым, то я да гэтага гатовы. Я гэта разумею – гэта мой выбар. Я гатовы цярпець, каб захаваць сваё сумленьне перад Богам.
Атрымліваецца, што Зьміцер Смык вымушаны заплаціць штраф памерам у тры з паловай мільёны рублёў за тое, што ён мае канстытуцыйнае права на альтэрнатыўную службу. Толькі вось дзяржава пакуль не распрацавала адпаведнага закону. Так гэтую сытуацыю бачыць праваабаронца й рэлігіязнаўца Віктар Адзіночанка.
Віктар Адзіночанка: Гэта іх агульная ўстаноўка: яны кажуць, што Біблія забараняе забіваць. Але кожны свабодны ў сваім выбары, кожны сам прымае рашэньне - служыць яму ў войску, альбо не служыць. Толькі “Сьведкі Яговы” ў нашай краіне адмаўляюцца служыць у войску. Я лічу, што гэтая сытуацыя - вынік бязьдзейнасьці нашых чыноўнікаў. Перш за ўсё нашых парлямэнтароў, бо ў 1996 годзе была прынятая новая рэдакцыя Канстытуцыі, дзе ёсьць 57 артыкул, які прадугледжвае альтэрнатыўную службу ў войску. Адпаведна павінны быць распрацаваны закон аб альтэрнатыўнай службе. Але такога закона сёньня няма.
Старшыня камісіі па справах свабоды сумленьня БХК, рэлігіязнаўца Віктар Адзіночанка ўзгадвае, што адпаведны выпадак здараўся ўжо на тэрыторыі Гомельшчыны ды тады праваабаронцы давялі справу да Канстытуцыйнага суду.
Віктар Адзіночанка: Першы такі працэс быў у 2000 годзе, калі судзілі жыхара Рэчыцы Валянціна Гулая. Гэтай справай займалася нашая праваабарончая арганізацыя - Беларусі Хэльсінскі камітэт і мы атрымалі рашэньне Канстытуцыйнага суду, дзе было напісана, што ў выпадку адсутнасьці закона дзейнічаюць нормы Канстытуцыі. Пад гэтым рашэньнем стаяў подпіс Рыгора Васілевіча - зараз гэта генэральны пракурор Рэспублікі Беларусь. І на нейкі час гэтых “Сьведак Яговых”, якія ня могуць служыць у войску, пакінулі ў спакоі.
Сапраўды, пра альтэрнатыўную службу гаворыцца і ў Канстытуцыі, і ў Законе “Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе”, - заўважае Міхась Пашкевіч, каардынатар праекту “За альтэрнатыўную службу”. Але адпаведнага закона пра альтэрнатыўную службу няма. Пра яго гаворыцца ўжо больш за дзесяць гадоў і нават пачалася праца, якая потым прыпынілася, маўляў, праблема неактуальная.
Міхась Пашкевіч: Летам на наш запыт з парлямэнту адказалі, што ў плянах працы гэты законапраект ёсьць. Але на працягу наступных двух месяцаў падчас перапіскі ды кантактаў зь дзяржаўнымі ворганамі мы даведаліся, што іх запал некуды зьнік. Цяпер нацыянальны цэнтар законатворчай дзейнасьці ня хоча гэтым займацца, бо там ня бачаць актуальнасьці. Мне здаецца, актуальнасьць вялікая, таму што ёсьць прэцэдэнт: вось гэты хлопец, які гатовы адстойваць свае перакананьні. Я лічу, што выпадак са Зьмітром Смыком стане паказальным для астатніх.
Напрыклад, падчас апошняй восеньскай прызыўной кампаніі ў суседняй Расеі 270 маладых асобаў былі накіраваныя на альтэрнатыўную службу. Паводле словаў Міхася Пашкевіча, у Эўропе альтэрнатыўная служба – зьява распаўсюджаная. А ў Беларусі яна толькі прапісаная ў артыкуле Канстытуцыі № 57. Там сказана: Абарона Рэспублікі Беларусь - абавязак і сьвяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Парадак праходжаньня вайсковай службы, падставы і ўмовы вызваленьня ад вайсковай службы ці замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам». Невядома толькі, якім законам.
Ян Стужынскі, Беларуская служба Польскага радыё