Нямеччына ды ўся Эўропа сьвяткуюць 20-ю гадавіну падзеньня Бэрлінскай сьцяны. Галоўныя ўрачыстасьці адбываюцца ў нямецкай сталіцы, якая на працягу 28-і гадоў была падзеленая высокім бэтонным мурам.
Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркэль разам зь Міхаілам Гарбачовам, Лехам Валэнсам і былымі ўсходненямецкімі дысыдэнтамі сымбалічна перасяклі мост у Бэрліне, непадалёк былога памежнага пераходу пры Барнхольмэр Штрасэ. Менавіта на згаданым пераходзе ўвечары 9 лістапада 1989 году былі зрынутыя першыя шлягбаўмы, адчыняючы мяжу паміж Заходняй і Ўсходняй Нямеччынамі.
Канцлер Мэркэль сказала, што разрушэньне сьцяны 20 гадоў таму зьяўляеецца ўкладам мільёнаў людзей.
А.Мэркэль: Кожны, хто тут прысутнічае, мог бы распавесьці сваю доўгую гісторыю аб тым, якім чынам прычыніўся да вяртаньня свабоды. Я хачу падзякаваць кожнаму, хто сёньня сюды прыйшоў.
Канцлер Нямеччыны падкрэсьліла, што неабходна захоўваць і перадаваць наступным пакаленьням памяць пра мірную рэвалюцыю ў Бэрліне. Ангела Мэркэль падкрэсьліла, што пакаленьне, якое нарадзілася пасьля падзеньня сьцяны, можа сябе лічыць сапраўднымі грамадзянамі аб’яднанай Эўропы.
А.Мэркэль: Пра падзеі 20-гадовай даўніны павінны памятаць маладыя людзі, якіх тады яшчэ не было на сьвеце. Цяпер яны закончылі школы, вучацца ва ўнівэрсытэтах.
Людзі ў маім узросьце з радасьцю назіраюць за тым, як моладзь жыве, працуе й вучыцца. Яны – новае пакаленьня аб’яднанага Эўразьвязу.
Падзеньне Бэрлінскай сьцяны – гэта ня толькі канец таталітарнай сыстэмы ў Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропе, гэта сымбаль аб’яднаньня старога кантынэнту, лічыць старшыня Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэль Барозу. Ён падкрэсьліў, што вялікі ўплыў на зьнішчэньне Бэрлінскай сьцяны аказалі грамадзка-палітычныя перамены ў Польшчы.
Ж.М.Барозу: Людзі з-за жалезнага занавесу не чакалі цуду, яны самі зьдзейсьнілі цуд у цэлай Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропе. Насамрэч перамены пачаліся ў 1980 годзе, калі ў Польшчы быў створаны прафсаюз “Салідарнасьць”. Перамога “Салідарнасьці“ была першай касьцяшкай даміно, якая ўпала й выклікала ланцуговую рэакцыю.
Паводле старшыні Эўрапейскага парлямэнту Ежы Бузэка, зьнішчэньне Бэрлінскай сьцяны зьяўляецца сымбалем аб’яднанай Эўропы. Ежы Бузэк сказаў журналістам, што дасканала памятае атмасфэру, якая суправаджала падзеньне Бэрлінскага муру ў 1989 годзе.
Е.Бузэк: Я памятаю, што тады канцлер Коль быў зь візытам у Польшчы. Мы ўжо жылі ў свабоднай краіне, польскі прэм’ер-міністр ня быў камуністам. Кацлер Коль прыпыніў візыт на некалькі гадзін, паехаў у Нямеччыну, але вярнуўся ў Польшчу для завяршэньня візыту.
Удзел ва ўрачыстасьцях у Бэрліне прымаюць кіраўнікі дзяржаў, прэм’ер-міністры й высокапастаўленыя чыноўнікі, між іншым, прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі, кіраўнік Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў і дзяржсакратар ЗША Гіляры Клінтан.
Урачыстасьці адбываюцца ня толькі ў Нямеччыне, але й іншых краінах. Так, у сталіцы Эўразьвязу, Брусэлі, пачаўся тыднёвы кінафэстываль, падчас якога будуць паказаны мастацкія й дакумэнтальныя фільмы аб нямецкіх падзеях 1989 году.
Валера Саўко