Вакол сьвету


Тэадор Жыўкаў - бацька балгарскага “застою” 10.11.2009

Тэадор Жыўкаў - апошні генэральны сакратар Камуністычнай партыі Балгарыі, быў для гэтай краіны такім жа самым сымбалем як Брэжнеў для Савецкага Саюзу. Шмат хто з грамадзянаў Балгарыі ўзгадваюць гэтыя часы, як часы стабільнасьці й спакою.

У пэрыяд усяго кіраваньня Жыўкава, а гэта 33 гады, у Балгарыі не адбывалася  такіх бурных падзеяў як ў Польшчы, Вергрыі ці Чэхаславакіі. Балгарыя была адным з найбольш верных сатэлітаў СССР і атрымоўвала шчодрую эканамічную дапамогу ад усходняга суседа. Больш таго, краіна сталася адной з самых папулярных турыстычных мейсцаў для краінаў Усходняга блоку. Сувязі паміж Балгарыяй і СССР былі настолькі цеснымі й добрымі, што Жыўкаў неаднаразова прапаноўваў Брэжневу ўвайсьці ў склад СССР як 16 рэспубліка. Балгарыя брала актыўны ўдзел у падаўленьні рэвалюцыі 1968 году ў Чэхаславакіі.

Аднак жа стабільнасьць у Балгарыі забясьпечвалася таксама й дзейнасьцю рэпрэсійнага апарата.

А перад усім, так званага Камітэту за държавна сигурност, ці мясцовага КГБ. І хаця пры Жыўкаве былі зачынены некаторыя лагеры працы, у якіх трымаліся й палітвязьні, напрыклад канцэнтрацыйны лагер у Беленах, рэпрэсіі супраць іншадумства не зьмяншаліся. Рукі камуністычнага рэжыму дасягалі й да замежжа. Так, пры сумеснай супрацы балгарскіх і савецкіх спэцслужбаў у 1978 годзе ўколам парасона ў Лёндане быў забіты вядомы балгарскі дысыдэнт Георгій Маркаў. Таксама існуе гіпотэза, што ў 1981 годзе пры ўдзеле ўсё тых жа балгарскіх службаў было здзейсьнена пакушэньне на Яна Паўла ІІ.

Па дадзеных спэцыяльнай камісіі, якая вывучала дзейнасьць балгарскай спэцлужбы на сёньняшні дзень каля 10 % людзей, якія займаюць значныя пасады ў бізнесе й палітыцы супрацоўнічалі з Камітэтам бясьпекі. Найбольш вядомым прыкладам такой супрацы, стала апублікаваньне інфармацыі аб тым, што сёньняшні прэзыдэнт Балгарыі Георгій Пырванаў меў дачыненьне да Камітэту бясьпекі й меў псэўданім Гоце.

У пэрыяд праўленьня Жыўкава ў Балгарыі зьявілася вядомая ўсімі Ванга.

Улады ставіліся да яе прароцтваў вельмі спакойна й талеравалі яе дзейнасьць. Больш таго, у 1967 годзе Ванга была аформлена як дзяржаўная служачая й атрымоўвала заробак у 200 леваў у месяц. Улады не забаранялі візытаў да яе. Так, візіт для грамадзянаў сацыялістычнага лагеру каштаваў 100 леваў, а для грамадзянаў з Заходніх краінаў 50 даляраў. Некаторыя скептыкі казалі, што Ванзе дапамагалі супрацоўнікі спэцслужбаў. Так ці інакш, да Вангі зьвярталіся нават першыя асобы дзяржаваў, сярод іх Індзіра Гандзі і сам Тэадор Жыўкаў. Ягоная дачка Людміла, якая займала пасаду міністра культуры Балгарыі, апекавалася Вангай і падтрымлівала на той час вельмі сьмелыя ідэі несацыялістычнай культуры. Напрыклад, цікавілася ідэямі Рэрыха, Агні Ёгі і рэлегійнага руху New Age. У 1981 годзе Людміла Жыўкава памерла пры загадкавых абставінах. Не выключана, што дапамаглі ёй у гэтым мясцовыя ды савецкія спэцслужбы.

У 1989 годе „дзядя Тошо”, альбо як яго яшчэ назывлаі “Тато” (Бацька) добраахвотна зыйшоў у адстаўку, тым самым пазбавіўшы Балгарыю балючых пераменаў. У 1990 ён быў арыштаваны па абвінавачваньню ў злоўжываньнях і асуджаны на 7 год вязьніцы. Потым заменена турму дамовым арыштам. Памёр балгарскі дыктатар ва ўзросьце 86 гадоў у 1998 годзе.

Павал Усаў

 

 


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone