Падзеі й камэнтары


Рэдакцыйная дыскусія 12.11.2009

Два лісты, якія я зараз працытую, прыйшлі да нас зь Пінска. Дарэчы, як вы напэўна ўжо заўважылі, у гэтым горадзе ў нас шмат актыўных слухачоў. Допісы зусім розныя, але вам ацэньваць.

“Добры дзень. Мяне завуць Сінкевіч Аляксандар Віктаравіч. Некалькі разоў я слухаў вашу радыёстанцыю. Хачу заўважыць, што яна не зьяўляецца настолькі цікавай, каб яе трансьляваць у столькіх краінах, таму што пра навіны ў Польшчы мы й так можам даведацца з тэлевізіі й радыё ў той краіне, у якой жывем. Я лічу, што такая колькасьць моваў, на якіх выходзяць праграмы, зусім непатрэбная. Калі чалавек валодае некалькімі мовамі, навошта яму слухаць адну й тую ж інфармацыю некалькі разоў? Мне здаецца, што гэта радыёстанцыя нудная й ня мае вялікай колькасьці слухачоў, паколькі яна не прыцягвае маладога пакаленьня, якое магло б стаць асноўнай аўдыторыяй Польскага радыё для замежжа. Я так і не пачуў аніводнай вясёлай, забаўляльнай праграмы, якая магла б падняць настрой. А дзе музыка? Мне здаецца, што радыё й існуе дзеля таго, каб трансьляваць музыку, а на вашым яе амаль няма!

Я маю для вас толькі адно пажаданьне – зьмяніце фармат на Польскім радыё для замежжа або ўнясіце зьмены: дадайце больш музыкі, стварайце моладзевыя й пазнавальныя праграмы. Працуйце, каб прыцягваць слухачоў, а не пазбывацца іх!”

Допіс слухача – гэта ня першы закід у наш бок, што нашы праграмы занадта інфармацыйныя, мала ў іх музыкі й забаўляльнага зьместу. У нас даволі рэгулярна ўзьнікае дыскусія – як са слухачамі, так і ўнутры рэдакцыі, каб зрабіць перадачы больш лёгкімі й музычнымі. Але фармат нашага радыё зьяўляецца менавіта інфармацыйным, а не музычным, а за некалькі гадзінаў эфіру, якія ёсьць у нашым распараджэньні, цяжка перадаць усе важныя навіны, і яшчэ з музычным афармленьнем. Дарэчы, прыём перадачаў не заўсёды настолькі якасны, каб слухаць музыку. Але будзем старацца пераплятаць інфармацыю музычнымі паўзамі.

“Добры дзень, паважаныя супрацоўнікі Беларускай рэдакцыі Польскага радыё!

Вырашыў напісаць вам ліст і выразіць удзячнасьць за тую вялікую й карысную працу, якую вы робіце! Маё імя – Уладзімер, прозьвішча – Ступак. Я жыву ў невялікім сяле непадалёк ад Пінска, у бок украінскай мяжы. Мая адукацыя – інжынер, закончыў Украінскі інстытут інжынераў воднай гаспадаркі ў горадзе Роўна ва Ўкраіне, па спэцыяльнасьці інжынер-будаўнік. Так склаўся лёс, што пераехаў зь сям’ёй жыць у Беларусь. Увесь час падтрымліваў апазыцыю, за што меў масу праблемаў. У выніку страціў працу па спэцыяльнасьці, цяпер працую звычайным рабочым-будаўніком. Зь першых дзён вашых трансьляцый зьяўляюся вашым актыўным слухачом. Недахоп інфармацыі ў Беларусі, або, хутчэй, абсалютная аднабаковасьць інфармацыі, якая падаецца СМІ, асабліва расейскімі, сваю справу зрабілі. Народ, асабліва старэйшае пакаленьне, максымальна замбаваны. Расея – выратавальнік сьвету, Захад – ворагі, NATO – ворагі, ЭЗ – ворагі, Украіна й Грузія прадаліся Захаду й гэтак далей.

Зразумела, ня ўсе так думаюць, але падаўляючая бальшыня. І ў гэтым сэнсе вашы трансьляцыі цяжка пераацаніць! Хто слухае, той хаця б пачынае думаць. І вось зь нядаўняга часу наш Лука павярнуў галаву нарэшце ў бок Эўропы. Паверце, аж дыхаць стала лягчэй! Я лічу, што ў гэтым ёсьць вялікая частка й вашай заслугі. І народ пачаў неяк больш ляяльна да вашых перадчаў ставіцца. Адно дрэнна – ня чуюць вас у Менску. Нядаўна былі там у камандзіроўцы, зь людзьмі шмат гутарылі. Было б нядрэнна, каб вы й там трансьляваліся. Пастарайцеся, гэта вельмі важна! На гэтым буду заканчваць. З найлепшымі пажаданьнямі ваш слухач Ступак Уладзімер Георгіевіч, г. Пінск, Беларусь.”

Вялікі дзякуй, дарагі спадар Уладзімер, за добрыя словы. Сапраўды, у Менску цяжэй знайсьці нашы перадчы, але гэта магчыма, я сама слухала праграмы нашага радыё ў сталіцы, і якасьць прыёму была задавальняючай. Зь нядаўняга часу ў нас новы перадатчык, магчыма, якасьць прыму дзякуючы гэтаму палепшыцца. Пішыце нам, дасылайце свае пажаданьні, прапановы, заяўкі ў канцэрт віншаваньняў. Нашы адрасы: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.

Сваю карэспандэнцыю вы таксама можаце накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча.

Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абанэнцкая скрынка 28/78, г. Віньніца, 21027, Украіна.

З намі таксама можна вельмі кантактавацца па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl. А адрас сайта - www.radyjo.net.
 

Натальля Грышкевіч


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone