Індыйскі факультэт на UW
Каля 270 тысячаў эўра атрымаў Варшаўскі ўнівэрсытэт з Эўрапейскага Зьвязу на стварэньне Цэнтру дасьледаваньня сучаснай Індыі.
Гэта будзе першы такога роду цэнтар у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Цягам двух гадоў у рамках згаданага праекту на ВНУ ўзьнікне таксама новы факультэт, прысьвечаны індыйскай тэматыцы.
Як паясьняе прафэсар Эдвард Галішак, дырэктар Інстытуту міжнародных адносінаў Варшаўскага ўнівэрсытэту, студэнты новага факультэту атрымаюць веды на тэму культуры, палітычнай і эканамічнай сытуацыі ў Індыі. Дзякуючы гэтаму яны змогуць працаваць у індыйскіх прадпрыемствах у Эўропе й эўрапейскіх канцэрнах, якія дзейнічаюць на індыйскім рынку.
У тэндэры за эўразьвязаўскія сродкі на стварэньне Цэнтру дасьледаваньня сучаснай Індыі ўдзельнічала каля 20 ВНУ з Эўропы й Індыі. Варшаўскі ўнівэрсытэт перамог у згаданым спаборніцтве, між іншым, з вучэльнямі ў Нямеччыне й Францыі.
Заняткі будуць адбывацца на ангельскай мове, а група выкладчыкаў будзе насіць міжнародны характар. Новы факультэт будзе прызначаны таксама для замежных студэнтаў, таму Варшаўскі ўнівэрсытэт хоча прамаваць яго ў эўрапейскіх унівэрсытэтах.
ІІ лінія мэтро ў Варшаве – сур’ёзны выклік для інжынераў!
Неўзабаве ў польскай сталіцы пачнецца будаўніцтва другой лініі мэтро, якая спалучыць цэнтар Варшавы з раёнам Прага.
За 6 кілямэтраў тунэляў і шэсьць станцыяў гарадзкія ўлады заплацяць больш за 4 мільярды злотых (каля 1,5 мільярда даляраў), у тым ліку амаль 3 мільярды злотых на згаданую інвэстыцыю выдаткуе Эўразьвяз.
Паводле ўступных ацэнак, новым адрэзкам мэтро кожны дзень будзе карыстацца каля 300 тысячаў пасажыраў.
Генэральным выканаўцам інвэстыцыі будзе італьянскі канцорцыюм Astaldi, а таксама фірма з Турцыі ды польскае „Прадпрыемства будаўніцтва дарогаў і мастоў”.
Паводле экспэртаў, будова цэнтральнага адрэзка другой лініі мэтро - гэта вялікі тэхнічны выклік. Грунт пад польскай сталіцай неаднародны, а раскопкі будуць праходзіць пад старой часткай горада. Апрача таго, трэба будзе прабіць тунэль пад Віслай.
Будаўніцтва павінна пачацца ў верасьні 2010 году. Два паралельныя тунэлі будуць капаць тры аўтаматычныя тачыльныя кругі даўжынёй у 85 мэтраў, дыямэтрам у 6,7 мэтраў, якія будуць рухацца наперад з хуткасьцю 20 мэтраў у суткі. Некалькі станцыяў цэнтральнага адрэзка другой лініі мэтро ад плошчы Дашыньскага да Віленскага чыгуначнага вакзалу павінны быць здадзеныя ў эксплюатацыю праз чатыры гады.
Сабакі больш разумныя, чым малпы
Сабакі становяцца больш разумнымі і ўсё больш падобнымі да чалавека. Калі гаворка ідзе пра грамадзкую інтэлігенцыю, яны апераджаюць іншыя гатункі, нават малпы, - лічыць Кара Шрупэр з Унівэрсытэту Duke.
Характэрнае сабакам умельства разуменьня можа быць вынікам пастаяннай эвалюцыі. Навукоўцы з Унівэрсытэту Duke вырашылі праверыць разумовыя здольнасьці сабакаў. З гэтай мэтай яны дасьледавалі каля 300 сабакаў, у прыватнасьці, іхнія магчымасьці пазнаньня й хуткасьць рэакцыі.
Эвалюцыя хатніх сабакаў - гэта складаная зьява, на якую, апрача эвалюцыі, паўплываў таксама гэтак званы чалавечы фактар. Гаворка ідзе пра тое, што цягам многіх гадоў людзі прычыняліся да ўзьнікненьня новых пародаў сабакаў.
Праўдападобна, 100 тысячаў гадоў таму звычайны воўк прайшоў рашучыя перамены й пачаў жыць у чалавечым асяродзьдзі, пераўтвараючыся ў пастырскага сабаку. Каля 15 тысячаў гадоў таму памяняўся кшталт сабачай сківіцы, зьменшыліся ягоныя зубы. Цягам часу сабакі станавіліся ўсё меншымі й больш залежнымі ад чалавека.
Кароткі сон – лішняя вага
Асобы, якія мала сьпяць, хутчэй таўсьцеюць, - да такой высновы прыйшлі італьянскія спэцыялісты, якія займаюцца расстройствам сну.
Паводле іх, парушэньне натуральнага рытму дня й начы можа выклікаць гарманальныя зьмены, якія прычыняюцца да павелічэньня апэтыту.
Аказваецца, што цягам апошніх 10 гадоў сярэднестатыстычная вага дарослага італьянца павялічылася на 1,5%. У гэтым часе начны адпачынак скараціўся з 8 да 7 гадзінаў.
Пастаяннае недасынаньне спрыяе парушэньням мэтабалізму, а кароткія дрымоты цягам дня не кампэнсуюць доўгага сну ўначы. Апрача таго, экспэрты лічаць, што перапынены й неспакойны сон можа прычыніцца да ўзьнікненьня цукровага дыябэту.
Вынікі дасьледаваньняў сьведчаць пра тое, што адна трэцяя італьянцаў пакутуе ад часовай бяссоньніцы, падчас калі ў 15% грамадзянаў (каля 9 мільёнаў асобаў) згаданае недамаганьне мае хранічны характар.
Здымкі: pl.wikipedia.org
А.З.