Здарылася ў Беларусі


Беларускі Эўрапейскі форум пройдзе ў ДК МАЗ 12.11.2009 слухаць 1,72 MB

Менш за 2 дні засталося да пачатку Беларускага Эўрапейскага форуму, які пройдзе ў Менску. Асноўнае пытаньне, якое трывожала арганізатараў і ўдзельнікаў: дзе дакладна адбудзецца мерапрыемства, ужо вырашана. Беларускі Эўрапейскі форум адбудзецца ў Доме культуры Менскага аўтамабільнага заводу МАЗ.

Пра наяўнасьць залі для правядзеньня форуму стала вядома ў сераду. Намесьніку старшыні Руху “За Свабоду” Юрасю Губарэвічу, сябру аргкамітэту па правядзеньні форуму, патэлефанаваў чыноўнік зь Менгарвыканкаму, адказны за масавыя мерапрыемствы, і паведаміў, што было прынята станоўчае рашэньне аб выдзяленьні залі Дому культуры Менскага аўтазаводу.

Юрась Губарэвіч: Якраз мы знаходзімся ў будынку ДК МАЗ і размаўляем з асобамі, адказнымі за гук і відэатрансьляцыю. Мы вырашаем тэхнічныя моманты, зьвязаныя з правядзеньнем мерапрыемства. Таксама ідзе падрыхтоўка прыезду дэлегатаў, абзваньваюцца асобы. Канечне, усё гэта даводзіцца рабіць у экстрэнным рэжыме, паколькі мы атрымалі дазвол літаральна на некалькі дзён перад правядзеньнем мерапрыемства. Аднак я лічу, што мы з большага справімся з гэтай задачай і большасьць дэлегатаў і гасьцей будзе паведамлена аб часе й месцы правядзеньня. Канечне, ёсьць шмат тэхнічных накладак, але мы спадзяемся, што падчас форуму ўсё будзе працаваць так, як мы задумалі.

Сябры аргакіматэту ўжо аформілі дамову на  арэнду памяшканьня. Плянуецца, што ў Беларускім Эўрапейскім форуме прыме ўдзел блізу тысячы дэлегатаў і гасьцей. Сябра Руху “За Свабоду” Аляксандар Лагвінец паведаміў Польскаму радыё, што свой удзел ужо пацьвердзілі шэраг дэпутатаў Эўрапарлямэнту й дэпутаты нацыянальных парлямэнтаў эўрапейскіх краінаў.

Аляксандар Лагвінец: Будзе віцэ-старшыня ЭП Карын Вотман-Коль, будзе віцэ-сьпікер польскага Сэнату Польшчы Зьбігнеў Рамашэўскі, будзе старшыня Дэлегацыі ЭП па стасунках зь Беларусьсю Яцэк Пратасевіч. Будуць таксама дэпутаты нацыянальных парлямэнтаў Летувы й Нямеччыны, а таксама эўрадэпутат ад Латвіі. Форум наведае таксама старшыня Фундацыі ім. Робэрта Шумана з Францыі Жан-Дамінік Жулен. Мы будзем мець відэапасланьне старшыні ЭП Ежы Бузэка да ўдзельнікаў Беларускага Эўрапейскага форуму. Мы ўжо атрымалі ад яго вельмі цёплы ліст. Падрыхтоўка ідзе, і мы спадзяемся, што ўсё адбудзецца вельмі добра. Адзінае, што існуюць вонкавыя чыньнікі, якія ад нас не залежаць. Ёсьць таксама праблема эпідэміі грыпу. Невядома, колькі чалавек зможа прыехаць, але ў кожным выпадку мы заплянавалі мерапрыемства, мы мэтанакіравана да яго ішлі, і мы яго будзем праводзіць.

Асноўныя арганізацыйныя пытаньні ўжо амаль вырашаныя, цяпер трэба рэалізаваць асноўныя ідэі форуму, дадае Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч: Асноўная мэта форуму – прадэманстраваць, што ў Беларусі ёсьць пэўныя грамадзкія сілы, якія стаяць на шляху інтэграцыі Беларусі з ЭЗ й супрацоўніцтва Беларусі з Эўропай. Ёсьць шырокая падтрымка гэтай мэты. Таксама мы зьбіраемся прыняць на форуме пэўныя дакумэнты й адпаведны плян дзеяньняў, якія, на нашую думку, дазволяць узмоцніць гэтыя працэсы Беларусі з ЭЗ.

Беларускі Эўрапейскі форум пройдзе ў Менску 14 лістапада 2009 году ў Доме культуры Менскага аўтамабільнага заводу. Арганізатарам мерапарыемства зьяўляецца Рух “За Свабоду”. Пра ўдзел прадстаўнікоў афіцыйных уладаў у Беларускім Эўрапейскім форуме пакуль што нічога невядома.

Караліна Русіновіч


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone