Абаронца грамадзянскіх правоў Польшчы падасьць заяву ў пракуратуру ў справе занядбаньняў міністра аховы здароўя Эвы Копач у барацьбе з пандэміяй грыпу A/H1N1. Паводле Януша Каханоўскага, урад, адмаўляючыся ад пакупкі вакцыны супраць сьвінога грыпу, не прадпрыняў эфэктыўных крокаў у гэтай справе.
Я. Каханоўскі: Адсутнасьць эфэктыўных дзеяньняў з боку польскага ўраду павінна выклікаць маю абгрунтаваную занепакоенасьць як абаронцы правоў чалавека. Адмова ўвесьці прафіляктычныя сродкі, а таксама сродкі, якія абмяжоўваюць эпідэмію грыпу, могуць стаць небясьпечным як для польскага народу, так і для іншых чальцоў Эўразьвязу.
Паводле Януша Каханоўскага, ёсьць некалькі чыньнікаў, якія павінны пераканаць урад у слушнасьці пакупкі вакцыны. Сярод іх абаронца грамадзянскіх правоў назваў сытуацыю ва Ўкраіне й дакумэнт Эўрапейскай камісіі, у якім напісана, што вакцына супраць віруса A/H1N1 зьяўляецца найбольш эфэктыўным лекам супраць эпідэміі.
Януш Каханоўскі таксама зазначае, што Сусьветная арганізацыя здароўя абвесьціла пандэмію сьвінога грыпу. Прышчэпкі зробленыя каля 100 мільёнам чалавек, між іншым, у ЗША, Канадзе й Кітаі. Яшчэ на мінулым тыдні абаронца грамадзянскіх правоў папрасіў міністра аховы здароўя Эву Копач сустрэцца ў справе эпідэміялягічнай бясьпекі. Да гэтага часу ён не атрымаў адказу.