Як мы ўжо паведамлялі ў нашых перадачах, прэзыдэнты Польшчы й Летувы дамаўляюцца пра сумеснае адзначэньне знамянальнай таксама для беларускай гісторыі даты - 600 гадоў з дня перамогі войскаў Польскага Каралеўства й Вялікага Княства Літоўскага над Тэўтонскім ордэнам. Надоечы, падчас візыту ў Польшчу прэзыдэнта Летувы Даліі Грыбаўскайтэ, ішла гаворка пра сумесныя пляны падрыхтоўкі юбілею Грунвальдзкай бітвы. Дарэчы, Сойм Летувы абвесьціў 2010 год Годам Грунвальдзкай бітвы.
Змаганьне 15 ліпеня 1410 году мае непасрэднае дачыненьне да беларускай гісторыі. Сярод 40 харугваў войскаў ВКЛ 28 былі зь беларускіх земляў. Таму й беларусы павінны шырока адзначаць гэтую гадавіну. Найлепш было б, каб у беларускіх гарадах, асабліва ў сталіцы, быў помнік, плошча ці вуліца Грунвальдзкай перамогі. Але ўлады на прапанову аргкамітэту па сьвяткаваньні ўгодкаў адказалі, што да гэтага няма падставаў - гаворыць мастак Мікола Купава.
М. Купава: Мы хацелі, каб у сталіцы быў збудаваны адпаведны гэтай падзеі помнік. І помнікі ў такіх гарадах, як Берасьце, Горадня, і нейкія знакі ў тых месцах, адкуль пайшлі харугвы на Грунвальд. Вядома, напрыклад, што ў Віцебску зьбіраюцца гэта зрабіць мясцовыя ўлąды. А нам тут сказалі, што "нецелесообразно" помнік рабіць. Будзем адзначаць наш грандыёзны юбілей нейкай паштоўкай ці канцэрт зладзяць... Помнік не ў паветры быў бы. Мы прапаноўвалі, напрыклад, праспэкт назваць імём Вітаўта, ці плошчу, скажам, Месьнікяна (у Беларусі вядомага як Мяснікоў – рэд.) - колькі яна будзе мазоліць вочы? Няхай была б Грунвальдзкай перамогі плошча. Але гэтага ня робіцца. Таму беларуская нацыя будзе ізноў дзесьці там таўчыся ў задніх шэрагах. А астатняе - гэта тое, што мы можам самі зрабіць, як мы зрабілі выставу па міленіюму (Літвы). Мастакі працуюць, без аплаты. Гэта творчасьць, якая ідзе ад душы, патрэбная й самому мастаку.
Меркаваньнем старшыні аргкамітэта па святкаваньні ўгодкаў бітвы, беларускія ўлады далучацца да іншых краінаў і запрапануюць свой уклад у адзначэньне вялікай даты, хаця пакуль што няма канкрэтных плянаў. Са свайго боку беларусы хацелі б на месцы, на Грунвальдзкім полі ў сёньняшняй Польшчы, сьвяткаваць гадавіну перамогі над крыжакамі, паколькі гэтая важная падзея адкрыла іх продкам шлях у Эўропу - нагадвае прафэсар гісторыі Анатоль Грыцкевіч.
А. Грыцкевіч: Пакуль афіцыйныя ўлады Беларусі яшчэ не ўзяліся за гэтую тэму, хаця мяркую, што яны гэта зробяць, каб быць побач з Польшчай і Летувой. Але пакуль ніякай згоды няма, а наш аргкамітэт рыхтуе цэлы шэраг мерапрыемстваў на наступны год. Можа нам удасца пабыць улетку ў Польшчы, на месцы бітвы, удзельнічаць у гэтым. Гэтая перамога для Беларусі мела вялікае значэньне. Па-першае, быў разгромлены галоўны вораг, зь якім змагаліся два стагодзьдзі, па-другое, былі адчыненыя праз рэкі брамы ў Эўропу, асабліва праз заходнюю Дзьвіну й празь Нёман. Пачаўся гандаль, сувязь зь іншымі краінамі.
Мы спрабавалі даведацца, якія пляны мае беларускае Міністэрства культуры ў сувязі з гадавінай Грунвальдзкай бітвы. Ніхто ня быў у стане адказаць на гэтае пытаньне адназначна. Толькі прадстаўнік дэпартамэнту па кінематаграфіі Міністэрства культуры распавёў нам, што рыхтуецца сумесны кінапраект з уладамі Летувы, але пакуль што невядома, ці фільм будзе зьняты, паколькі прапановы, прысланыя летувісамі, не адказваюць беларускаму боку. Беларускія ўлады далучацца да сьвяткаваньня, але падрабязнасьцяў няма - адзначае Мечыслаў Фяткевіч.
М. Фяткевіч: На мой погляд, далучацца, але пакуль што няма такога дакумэнту, які б абавязаў усіх рабіць нейкую справу. Магчыма, адбудуцца перамовы зь летувіскім бокам - сцэнарыстам, прадусэрам. Мы ня ведаем, на якіх умовах будзе стварацца фільм, на якой базе. Пляны ёсьць, сцэнар яны (летувісы) нам ужо даслалі, але ён ня вельмі нас задавальняе. Пакуль нельга сказаць адназначана, што фільм будзе створаны.
Амбасадар Летувы ў Беларусі Эдмінас Багдонас прапанаваў беларускім уладам сумесна сьвяткаваць 600-годзьдзе перамогі пад Грунвальдам, але цяжка сабе ўявіць, каб раптоўна ўлады кардынальна зьмянілі свой курс і вырашылі не абмяжоўвацца толькі павярхоўнымі праявамі адначэньня накшталт паштовак ці навуковых канфэрэнцый у асяродзьдзі вузкіх спэцыялістаў. Хаця для беларусаў важная кожная згадка пра гістарычную падзею, якая дазволіла б ім адчуваць гонар за сваіх продкаў. І юбілей перамогі над крыжакамі зьяўляецца для гэтага цудоўнай нагодай.
Н. Г.