14 лістапада 1918 году быў абраны першы прэзыдэнт Чэхаславацкай Рэспублікі Томаш Масарык.
Томаш Масарык быў адным са знакамітых палітычных і культурных дзеячоў тагачаснай Чэхіі, якая ўваходзіла ў склад Аўстра-Вэнгерскай імпэрыі. Мэтай палітычнай і культурнай дзейнасьці Масарык ставіў адбудаваньне Чэскай дзяржавы. У канцы ХІХ стагодзьдзя чэская інтэлігенцыя падзялялася на два рухі “старачэхаў” і “младачэхаў”. „Старачэхі” дыстансаваліся ад радыкальнай барацьбы за незалежнасьць і імкнуліся да абуджэньня чэхаў, адбудаваньня чэскага духу, які быў моцна згерманізаваны, шляхам навуковай дзейнасьці.
„Младачэхі”, у тым ліку Масарык, лічылі, што без канкрэтнай нацыянальнай прапаганды й дзейнасьці адрадзіць дзяржаву ня ўдасца. Пры яго ўдзеле ў 1891 годзе была адчынена Чэская акадэмія навук. Адчыняліся чэскія школы й гэтак далей. У 1887 годзе Масарык пачаў выдаваць часопіс “Час”, які стаўся цэнтрам арганізацыі, што называлася “Чэская мафія”. Гэта было тайнае таварыства, мэтай якога было захаваньне чэскіх нацыянальных каштоўнасьцяў. Потым, ужо пасьля атрыманьня незалежнасьці, з гэтай арганізацыі рэкрутаваліся кіраўнікі новай дзяржавы. Пра Масарыка казалі, што ён быў першы з часоў Яна Гуса, хто мог разварушыць “чэскае балота”.
Пасьля пачатку Першай сусьветнай вайны Масарык пачаў арганізаваць рух за нацыянальную незалежнасьць. Ён і ягоныя паплечнікі паехалі ў Парыж і там заснавалі Чэскую Нацыянальную Раду. Масарык зрабіў шмат, каб урэшце эўрапейскія краіны зразумелі, што існуюць такія народы, як чэхі й славакі. Менавіта ў выніку ягонай дзейнасьці сталася Пітсбурская дамова аб аб’яднаньні Чэхіі й Славакіі, а ўжо 28 кастрычніка 1918 году была абвешчана Чэхаславацкая Рэспубліка, а Масарык стаўся першым яе прэзыдэнтам.
Томаш Масарык заставаўся на гэтай пасадзе да 1935 году й быў вельмі паважаны чэхамі. Яго называлі “таціначак” (бацька). У сваёй палітычнай дзейнасьці Масарык заўсёды абапіраўся на прынцып “этычнай палітыкі”. “Палітыку, - казаў ён, - як і ўсё, што мы робім, неабходна ацэньваць, з пункту гледжаньня этыкі”.
Памёр Томаш Масарык у 1937 годзе.
Павал Усаў