Вакол сьвету


Запрашаем у Польшчу 13.11.2009

Чорштын (Czorsztyn) - гэта вёска ў 110 кілямэтрах на поўдзень ад Кракава, разьмешчаная на мяжы паміж гарамі Пяніны й Горцэ (Pieniny i Gorce). Чорштын славуты найперш замкам. Найстарэйшыя ягоныя часткі датуюцца паловай XІІ стагодзьдзя.

 

У ім пабывалі славутыя асобы, у тым ліку каралі Казімір Вялікі, Уладысляў Ягайла, каралева Ядзьвіга.

У канцы XVІІІ стагодзьдзя замак згарэў ад удару маланкі. І толькі праз сто гадоў пачаліся рэстаўратарскія работы, якія, дарэчы, працягваюцца й сёньня. Сучасным уладальнікам замку зьяўляецца Пянінскі нацыяльны запаведнік. Замак не адноўлены да такой ступені, каб можна там было наведваць пакоі. Гэта, лепш сказаць, дагледжаныя руіны, у якіх адчуваецца подых гісторыі.

З назіральнай тэрасы замку ў Чорштыне ўбачым прыгожую панараму Чорштынскага возера, горы Татры й запаведнік „Зялёныя скалы”.

У асеньне-зімовы час, ад кастрычніка да красавіка, руіны замку адчыненыя для турыстаў ад 10 да 15 гадзіны, акрамя панядзелкаў, а ад траўня да верасьня замак можна наведваць кожны дзень ад 9 да 18. Няварта туды зьбірацца на Каляды, на Новы год, і на Вялікдзень, бо ў гэтыя сьвяты замак не працуе.

Побач з замкавай гарой на Чорштынскім возеры знаходзіцца невялічкі порт. Адсюль на караблі можна адправіцца на другі бераг і наведаць замак у Нядзіцы (Niedzica), гісторыя якога сягае XІV стагодзьдзя. Гэты аб’ект знаходзіцца ў намнога лепшым архітэктурным стане, чым чорштынскі замак. У Нядзіцы ёсьць цікавы музэй. У ім, між іншым, рыцарская заля, утрыманая ў стылі эпохі, у падвале -  заля катаваньняў з захаванымі прыладамі для жудасных допытаў. У ёй, паводле легенды, трымалі ў зьняволеньні народнага героя, абаронцу бедных горца Яносіка.

Замак у Нядзіцы маляўніча ўзвышаецца на вапняковых скалах над чорштынскай плацінай, а пэйзажы з гэтага месца проста ашаламляюць прыгажосьцю. 

Замак у Нядзіцы мае сваю таямніцу й схаваны скарб.

Легенда сягае XVІІІ ст. і зьвязная з прынцэсай інкаў, якая называлася Ўміна. У Нядзіцу Ўміну прывёз яе бацька Сэбастыян Бэрзэвіц. У маладосьці Сэбастыян выехаў у Пэру й там ажаніўся з прынцэсай з роду інкаў. У іх нарадзілася дачка Ўміна, якая выйшла замуж за правадыра інкаў Тупак Амару. Зяць Сэбастыяна ўзначаліў паўстаньне карэннага насельніцтва Пэру супраць гішпанскіх калянізатараў, а пасьля паразы сям’і Сэбастыяна Бэрзэвіца прыйшлося хавацца ад помсты гішпанцаў у Нядзіцы. Аднак беспасьпяхова. Тупак Амару і Ўміна былі забіты.

З таго часу па замку блукае ненатуральнага росту Белая Мара – гэта дух Уміны. Паводле легенды, Уміна спачывае дзесьці ў замку ў срэбнай труне, а ў труне - дакумэнт, у якім запісана, дзе схаваны скарб інкаў, які яны прывезьлі з сабой у Нядзіцу.

Дагэтуль ні срэбраная труна, ні скарб ня знойдзены. 

Замак у Нядзіцы зьяўляецца сёньня адным з найпрыгажэйшых і найбольш вядомых турыстычных аб’ектаў у Польшчы.

Я. С.

Фота www.flog.pl


 


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone