Грамадзка-кансультацыйная рада пры Адміністрацыі прэзыдэнта прыпыніла дзейнасьць. Пра гэта заявіў у чацьвер кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей. Ён намерваецца правесьці пэрсанальныя кансультацыі зь сябрамі рады пра далейшыя магчымасьці й парадак працы структуры. Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве кіраўніка Адміністрацыі беларускага прэзыдэнта, якую распаўсюдзілі СМІ.
На пятніцу 13 лістапада было заплянавана чарговае паседжаньне Грамадзка кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Увечары 12 лістапада паявілася інфармацыя пра прыпыненьне ейнай дзейнасьці. Сябры рады былі паінфарнаваныя пра гэта па электроннай пошце.
Кіраўніку Адміністрацыі прэзыдэнта не падабаюцца напады на Раду з боку некаторых апазыцыйных дзеячаў. А напярэдадні пасяджэньня па зьменах у выбарчым заканадаўстве яны набылі „асабліва разьвязны характар”.
"З улікам выступленьняў асобных апазыцыйных дзеячаў, што зьявіліся ў СМІ, сярод якіх ёсць і члены ГКР, што нібыта яна зьяўляецца "бутафорскай" і "дэкляратыўнай структурай", лічу неабходным зрабіць наступную заяву. ГКР стваралася не пад палітычную каньюнктуру, а для рэальнай працы. Улада, палічыўшы, што любое меркаваньне павінна быць пачутае й ніводная ідэя, якая можа прынесьці карысьць краіне, не павінна быць упушчаная, сьвядома пайшла насустрач пажаданьням шэрагу вядомых грамадзкіх дзеячаў. Зьяўленьне ГКР стварыла мэханізм рэальнага дыялёгу людзей, якія прытрымліваюцца розных пунктаў гледжаньня", — гаворыцца ў заяве.
„Калі б улада й апазыцыя заўсёды й ва ўсім пагаджаліся адна з адной, то ўлада перастала б быць уладай, а апазыцыя — апазыцыяй”, — завяршае зварот Уладзімер Макей.
Сябры рады зьдзіўленыя такой хадой падзеяў. Старшыня Беларускага Хэльсінскага камітэту Алег Гулак ня можа адназначна сказаць, чым дакладна абгрунтоўвалася рашэньне Ўладзімера Макея.
Алег Гулак: Прыведзеная матывацыя не зусім пераконвае. Я думаю, час пакажа, у чым была рэальная прычына. Разам з паведамленьнем аб прыпыненьні дзейнасьці мы атрымалі інфармацыю пра вынікі дзейнасьці рады. Там крок па кроку падсумаваная ўся дзейнасьць, у прыватнасьці падрыхтоўка і даручэньні ў міністэрствы й ведамствы законапраектаў, інфармацыя па антыкрысызных мерах, па пэнітэнцыярнай сыстэме. Ёсьць інфармацыя аб даручэньні, але вынікаў пакуль што няма. Аднак карысьць ад гэтай рады, я думаю, была.
Іншы сябра Рады, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў зьвязвае прыпыненьне дзейнасьці структуры з паседжаньнем ЭП, якое адбудзецца ў бліжэйшы панядзелак, і на якім будзе вырашацца лёс візавых санкцыяў у дачыненьні да некаторых беларускіх чыноўнікаў.
Алег Трусаў: У сувязі з гэтым робяцца самыя розныя дзеяньні, каб зьвярнуць на сябе ўвагу. З аднаго боку, рэгіструюць ЭРБ і даюць памяшканьне Мілінкевічу, зь іншага боку, прыпыняюць дзейнасьць рады. Тут існуе нюанс: на радзе павінны былі абмяркоўвацца зьмены выбарчага заканадаўства. Але гэтых зьменаў на паперы ніхто ня бачыў, нам павінны былі гэтыя паперы раздаць. А паколькі ідзе толькі размова, вырашана гэтых папераў нікому не паказваць, каб пачакаць на 16 лістапада. Ад гэтага будзе залежаць, якія зьмены будуць унесеныя ў Выбарчы кодэкс. Я думаю, што ўсё гэта зьвязана з датай 16 лістапада.
Рада правяла тры паседжаньні, чацьвёртае плянавалася правесьці ў пятніцу. Алег Трусаў дадае, што можа вялікай карысьці гэтая структура й не прынесла, але вялікай шкоды таксама не зрабіла.
У такім выпадку паўстае пытаньне, навошта было прыпыняць дзейнасьць структуры, якая задавальняла як прадстаўнікоў афіцыйных уладаў, так і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці. На думку палітоляга Валера Карбалевіча, такі крок з боку кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта можна патлумачыць гульнёй, якую вядзе беларускае кіраўніцтва ў адносінах з Эўразьвязам.
Валер Карбалевіч: Улада вельмі хоча падтрымаць нейкі балянс, які, з аднаго боку, сьведчыў бы пра жаданьне Беларусі ісьці насустрач Эўропе, а зь іншага боку, ня сьведчыў пра тое, што Беларусь паддалася й пайшла на саступкі. З аднаго боку, Лукашэнка ўвесь час заяўляе, што ня пойдзе на саступкі, ня будзе выконваць патрабаваньняў ЭЗ. І рашэньне Макея сьведчыць пра гэтую тэндэнцыю. Зь іншага боку, беларускія ўлады рэальна робяць пэўныя саступкі: гэта й зьмены ў выбарчым заканадаўстве, гэта й прадстаўленьне карпункту ЭРБ. Усё гэта й зьяўляецца балянсам, які беларускія ўлады хочуць падтрымліваць.
Грамадзка кансультацыйная рада пры Адміністрацыі прэзыдэнта была створаная ў студзені бягучага году. Яе ўзначаліў кіраўнік Адміністрацыі Ўладзімер Макей, а ў склад структуры ўвайшлі прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў і апазыцыі, сярод іх Станіслаў Багданкевіч, Леанід Заіка, Уладзімер Нісьцюк ды іншыя асобы. Адмовіўся толькі лідэр Руху „За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч.
Гэта быў плённны час па стварэньні падобнага роду структураў, паколькі тады паўсталі рады ў галіне СМІ, культуры й эканімікі.
Прадстаўнікі беларускіх уладаў на міжнародных сустрэчах прадстаўлялі факт стварэньня гэтых радаў у якасьці аднаго з крокаў на шляху дэмакратызацыі.
Караліна Русіновіч