Падзеі й камэнтары


Санкцыі прыпыняцца яшчэ на год 13.11.2009 слухаць 2,18 MB

Эўразьвяз хоча даць беларускаму рэжыму яшчэ адзін шанец і прадоўжыць яшчэ на год прыпыненьне візавых санкцыяў у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў высокага рангу.

Польскае радыё даведалася, што Швэцыя, якая кіруе працамі ЭЗ у бягучым паўгодзьдзі, хоча, каб гэтае рашэньне было прынятае ў бліжэйшы панядзелак падчас сустрэчы кіраўнікоў дыпляматый краін ЭЗ. Гэты запіс ужо знаходзіцца ў праекце пратаколу сустрэчы. З Брусэля перадае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка.

Бэата Пламэцка: Паводле інфармцыі, якую атрымала Польскае радыё, ніводная краіна не пратэставала супраць гэтай прапановы. У выпадку прыняцьця прапановы прадстаўнікі беларускага рэжыму на чале з Аляксандрам Лукашэнкам цягам наступнага году змогуць наведваць краіны Эўрапейскай супольнасьці. ЭЗ сьцьвярджае таксама, што ацяпленьне кантактаў на лініі Брусэль-Менск не дало спадзяваных вынікаў. Хаця беларускі рэжым высылаў пазытыўныя сыгналы, у прыватнасьці, вызваліў палітзьняволеных і дазволіў выхад некалькіх апазыцыйных газэтаў, але не пагаджаецца на далейшую адлігу. Таму ЭЗ пакуль поўнасьцю не адмяняе санкцыяў і папярэджвае, што яны могуць быць абвостраныя ў выпадку, калі правы чалавека ў Беларусі будуць парушацца.

Пляны адносна прадаўжэньня тэрміну прыпыненьня санкцыяў пазытыўна ацэньвае Эўрапейскі парлямэнт.

Старшыня дэлегацыі ЭП па стасунках зь Беларусьсю Яцэк Пратасевіч перакананы ў тым, што беларускі рэжым павінен атрымаць ад Эўропы яшчэ адзін шанец, тым больш, што Менск пачаў паступова мяняць тон у размовах.

Яцэк Пратасевіч: Увесь час у Беларусі няма прагрэсу ў вельмі важных галінах, як дэмакратыя ці свабода слова. Тым ня менш, у сувязі з эканамічнымі праблемамі, недахопам фінансавых сродкаў і пастаяннай запазычанасьцю цяпер пераважна на Захадзе, беларускія ўлады зь вялікай цяжкасьцю, але паступова пачынаюць прызнаваць рацыю аргумэнтам, якія ідуць з Захаду, што неабходна нешта мяняць.

Сёньня ў Эўрапейскім парлямэнце быў прадстаўлены рапарт Міжнароднай асацыяцыі журналістаў, прысьвечаны свабодзе слова ў Беларусі. З дакумэнту вынікае, што назіраецца нязначнае паляпшэньне, але надалей сытуацыя са свабодай СМІ ў Беларусі далёкая ад дэмакратычных стандартаў, сказаў у інтэрвію Польскаму радыё адзін з аўтараў рапарту Марк Грубэр.

Марк Грубэр: Яшчэ некалькі гадоў таму незалежныя журналісты былі зьбіваныя, а нават забіваныя. На іх рэдакцыі адбываліся напады сілавых структураў. Цяпер ужо такія экстрымальныя выпадкі не здараюцца. Аднак надалей недзяржаўныя СМІ ня маюць свабоды дзейнасьці.

Эўразьвяз спадзяецца, што ў будучыні сытуацыя ў Беларусі палепшыцца, таму вырашана прадоўжыць прыпыненьне санкцыяў толькі на 12 месацаў. А гэта азначае, што ЭЗ будзе манітараваць сытуацыю ў Беларусі й праз год, у кастрычніку, вернецца да разгляду беларускага пытаньня.

Упершыню візавыя санкцыі былі ўведзены ў 2004 годзе ў дачыненьні да чатырох беларускіх чыноўнікаў, да  2006 году сьпіс неўязных чыноўнікаў павялічыўся да 41 чалавека.

У кастрычніку 2008 году кіраўнікі дыпляматый краін ЭЗ прыпынілі на паўгоду дзеяньне санкцыяў у дачыненьні да 36 асобаў з гэтага сьпісу. У ім засталіся пяць асобаў, якіх Эўрапейская супольнасьць падазрае ў тым, што спрычыніліся да зьнікненьня палітычных апанэнтаў беларускага прэзыдэнта: гэта экс-міністры ўнутраных справаў Юры Сівакоў і Ўладзімер Навумаў, былы дзяржсакратар Савета бясьпекі Віктар Шэйман і камандзір „эскадронаў сьмерці” Дзьмітры Паўлічэнка. У сьпісе ёсьць таксама старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, якую Эўропа абвінавачвае ў фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году.

У сакавіку бягучага году санкцыі былі прыпыненыя яшчэ на 9 месяцаў. Брусэль абяцае Менску поўную адмену візавых санкцыяў у выпадку паляпшэнья сытуацыі ў пяці галінах грамадзкага й палітычнага жыцьця. У прыватнасьці, гэта рэформа выбарчага заканадаўства, гарантыя свабоды аб'яднаньняў, стварэньне спрыяльных умоваў для дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў, свабода прэсы, а таксама пашана правоў і свабодаў грамадзянаў.


КР


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone