Падзеі й камэнтары


Расейскі прэзыдэнт не ўзгадаў СБіРу 13.11.2009 слухаць 2,31 MB

Дзьмітры Мядзьведзяў у сваім пасланьні да Фэдэральнага сходу ні слова не сказаў пра Беларусь і пра саюзную інтэграцыю зь беларусамі. А нагода была добраю - літаральна праз тры тыдні споўніцца 10 гадоў Саюзнай дзяржаве Беларусі й Расеі.

Расейскі прэзыдэнт сапраўды не зьвярнуў ніякой увагі на Саюзную дзяржаву. Гаворка вялася ў асноўным пра патрэбу мадэрнізацыі краіны. Прэзыдэнт задаў новы курс - на пераадольваньне спазьненьняў у разьвіцьці Расеі.

Беларускія СМІ аднак хутка заўважылі, што Дзьмітры Мядзьведзеў не ўзгадаў Беларусі й Саюзу зь ёю, які будуецца ўжо 10 гадоў. Беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што няварта гэтым моцна пераймацца, паколькі расейскі кіраўнік не ўзгадаў амаль ніводнай краіны, таму Беларусь ня стала выключэньнем.

Расейскі палітоляг Андрэй Суздальцаў зазначае, што ў падобных выступах кожнае слова на вагу золата й вельмі добра прадуманае. На думку спэцыяліста, тое, што ў прамове не прагучала нічога пра Саюзную дзяржаву, азначае, што інтэграцыя Расеі й Беларусі непэрспэктыўная.

А. Суздальцаў: Яна непэрспэктыўная не па прычыне канфлікатаў паміж кіраўніцтвам абедзьвюх краін, а таму, што ў нас розныя структуры кіраваньня дзяржавамі. У Беларусі пры ўладзе знаходзіцца першы прэзыдэнт на трэцім тэрміне, а ў Расеі трэці прэзыдэнт на першым тэрміне. Тут ёсьць нестыкоўка, таму Расея нічога не чакае ад Беларусі, а таксама нічога не зьбіраецца ўкладваць у гэтыя адносіны. Такі галоўны сэнс прамовы.

Палітоляг кажа, што ў працэсе стварэньня Саюзнай дзяржавы аказалася, што яе пабудаваць нерэальна. Андрэй Суздальцаў параўнаў стварэньне Саюзнай дзяржавы са звычайнай будоваю.

А. Суздальцаў: Расея інвэставала ў гэты дом. Атрымлівалася, што адзін будаваў, а другі выносіў з гэтай будовы. Аляксандар Лукашэнка, канечне, кажа, што ў тармажэньні вінаватая Расея. Але ён забывае, што Расея плаціла за гэтую інтэграцыю сваімі рэсурсамі. Беларускі бок ня траціў на інтэграцыю нічога, ён толькі атрымліваў. Расеі гэта надакучыла. Мы ведаем, што нават у Адміністрацыі беларускага прэзыдэнта добрым тонам лічыцца называць Расею " сыравінным дадаткам". У Крамлі аб гэтым дасканала ведаюць. Навошта тады гуляць у такія гульні? Расея ж не беларуская калёнія.

Андрэй Суздальцаў зьвяртае ўвагу на факт, што Беларусь мяняе геапалітычны вэктар. Яна ўвайшла ў праграму "Ўсходняе партнэрства". Расея мяркуе, што нельга знаходзіцца адначасова ў двух розных праектах.

А. Суздальцаў: Беларускі бок лічыць, што ён можа так зрабіць. Расея не разумее, чаму Беларусь павінна будаваць інтэграцыю, напрыклад, з Саакашвілі ці з Польшчаю. Расея не разумее, а Беларусь пэўна лічыць, што можа ўсіх абмануць. Менск аднак гэта робіць нязграбна і ўсё відаць. Таму сытуацыя стала мёртваю.

Андрэй Суздальцаў прагназуе ў будучым рынкавыя адносіны паміж Беларусьсю й Расеяй. Беларусь стане такім жа партнэрам Расеі, як і кожная дзяржава. Гэта ўдарыць фінансава па Менску, але гэта будзе цана за сувэрэнітэт.

Алена Пытэль


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone