Падзеі й камэнтары


Паміж радкоў беларускіх СМІ 14.11.2009

На пачатку тыдня па прэзыдэнцкіх тэлеканалах паказалі нараду Лукашэнкі з кіраўнікамі Цэнтравыбаркаму. Яны быццам бы абмяркоўвалі праўкі ў выбарчае заканадаўства. Насамрэч дыктатар зладзіў чарговы палітычны спэктакль, у якім дэманстраваў дэмакратызацыю выбарчага заканадаўства й адначасова аддаваў загад вэртыкальшчыкам па ўсёй рэспубліцы пакінуць тэхналёгію выбараў бязь зьменаў. Тут і заклік прызначыць месцы сустрэчы з выбаршчыкамі, і сачыць, каб па-за тымі месцамі кандыдаты ў дэпутаты не сустракаліся зь людзьмі. Тут і заклік сачыць за захаваньнем стабільнасьці, каб пасьля выбараў палітычная сытуацыя не зьмянілася. Выступ прэзыдэнта быў тоесны таму выступу, які Лукашэнка зрабіў напярэдадні папярэдніх выбараў у парлямэнт. “Наша Ніва” так падсумавала вынікі абмеркаваньня закона аб выбарах у прэзыдэнта: “Лукашэнка выхаласьціў зьмены ў выбарчае заканадаўства. Перамога на выбарах застанецца загадзя гарантаванай таму, хто іх арганізуе”.

А напрыканцы тыдня кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Макей прыпыніў дзейнасьць Грамадзка-кансультацыйнай рады пры прэзыдэнце. Чарговае паседжаньне рады мусіла адбыцца ў верасьні, на ім плянавалася абмеркаваць выбарчае заканадаўства. Макей не праводзіў паседжаньня ў верасьні, у кастрычніку, аж покуль Лукашэнка не сказаў сваё слова аб законе па выбарах. Нарада з абмеркаваньнем закона пасьля выступу ўладара ўсіх законаў на Беларусі была б зьнявагаю дыктатара. Хто ж дазволіць пасьля слова найвышэйшага ўладара яшчэ пярэчыць яму?

І вось Макей забіў сацяльна-палітычные-дзіця, якое сам і нарадзіў. Аргумэнты Макея смешныя й забаўныя. Ён піша ў “Савецкай Беларусіі” за 13 лістапада, што прыпыніў дзейнасьць рады таму, што ейныя чальцы востра крытыкавалі дзейнасьць рады, называючы яе “бутафорскай”.

Такім чынам усім стала ясна, што выбары ў мясцовыя саветы ўвесну й выбары прэзыдэнта пройдуць па старым сцэнары: у мясцовыя рады ня трапіць ніводзін прадстаўнік беларускіх дысыдэнтаў, яны будуць трапляць у міліцэйскія пастарункі і ў бсзпрацоўныя пасьля звальненьняў з працы. Урэшце Лукашэнка прызнаецца, што яму напісалі 99%, а ён распарадзіўся перапісаць вынікі выбараў, крыху паменшыўшы лічбы.

Напрыканцы тыдня, акрамя Макея, адзнакі некаторым лідэрам апазыцыі пачалі даваць і штатныя ідэолягі. Так, былы пастаянны аўтар незалежнай газэты “Народная воля” Оргіш, які бэсьціў апазыцыю з газэты Сярэдзіча, зноў размалаціў ушчэнт лідэраў апазыцыі ў “Савецкай Беларусіі” за 13 лістапада. У сваім артыкуле Оргіш дэкляруе ўмовы, на якіх прадстаўнікі апазыцыі змогуць стаць сыстэмнай апазыцыяй: яны, па Оргішу, мусяць даказаць кіруючай эліце, што захаваюць яе інтарэсы. Оргіш раіць лідэрам апазыцыі  наладзіць стасункі з кіруючымі элітамі краіны й перайсьці ад стратэгіі, накіраванай на карэннае руйнаваньне існуючай сыстэмы, на стратэгію ўточваньня ў яе. Інакш, робіць выснову Оргіш, актывістам апазыцыі не дапаможа трапіць ва ўладу (дэпутаты) нават зьменены Выбарчы кодэкс. Вось дык устаноўка! А навошта тады закон, калі вынікі выбараў залежаць ад дамовы з уладатрымальнікамі й станоўчай адзнакі паводзінаў? 

У чацьвер у Нацыянальнай бібліятэцы Менску пачаўся інвэстыцыйны форум. Дыктары прэзыдэнцкіх тэлеканалаў узахлёб паведамлялі пра рэкордную колькасьць удзельнікаў, што ажно месцаў не хапіла, і госьці стоячы слухалі кіраўнікоў беларускага ўраду. Віцэ-прэм’ер Кабякоў настойліва прасіў прынесьці гасьцям крэслы, але іх так і не прынесьлі. Вось гэтая адсутнасьць крэслаў і стала сымбалем форуму. Кабякоў абяцаў у наступным годзе правесьці форум у Палацы Рэспублікі. Твар у прэм’ер-міністра, што сядзеў у прэзыдыюме, быў такі, які бывае на хаўтурах, калі перад вамі ў труне нябожчык. Твар Сідорскага на адкрыцьці форуму стаў тварам прамыслова-эканамічнага стану Беларусі.

У. Падгол


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone