Падзеі й камэнтары


Хрысьціяне будуць абараняць крыж 14.11.2009

Каталікі, праваслаўныя й пратэстанты павінны разам выступіць супраць рашэньня Трыбуналу правоў чалавека ў Страсбурзе. Да гэтага заклікаюць грэкі.

Гаворка ідзе пра нядаўняе рашэньне Трыбуналу, які прызнаў, што прысутнасьць крыжоў у італьянскіх школах пярэчыць прынцыпу свабоды сумленьня вучняў і бацькоў, а таксама парушае права апошніх выхоўваць дзяцей згодна з уласным сьветапоглядам.

Газэта „Rzeczpospolita” піша, што рашэньне Трыбуналу выклікала агромную незадаволенасьць хрысьціянаў у цэлым сьвеце, а асабліва ў Эўропе. У пятніцу Праваслаўная царква ў Грэцыі заклікала ўсіх эўрапейскіх хрысьціянаў аб’яднацца супраць рашэньня Трыбуналу й разам змагацца за крыж. Паводле грэкаў, у абліччы такіх крокаў няверуючага сьвету пратэстанты, каталікі й праваслаўныя павінны забыцца пра ўзаемныя прэтэнзіі й тэалягічныя спрэчкі.

Праваслаўная царква ў Грэцыі зазначае, што на пачатку хрысьціяне павінны скласьці апэляцыю на рашэньне Трыбуналу, якое зьяўляецца „парушэньнем свабоды веравызнаньня”. „Ня толькі меншасьці маюць права, большасьць таксама іх мае. Каталікі маюць рацыю, калі кажуць, што карані Эўропы вырасьлі з хрысьціянства”, – сказаў кіраўнік грэцкай царквы архіепіскап Геранім ІІ. „Зоркі футболу й эстрады не заменяць маладым людзям Хрыста”, – казаў епіскап Нікалас.

Паводле іх, атэістычныя групоўкі ў цэлай Эўропе ўспрымуць рашэньне Трыбуналу ў Страсбурзе як прэцэдэнт і будуць патрабаваць зняцьця крыжоў з усіх будынкаў у іх краінах. Менавіта так адбылося ў Грэцыі, дзе арганізацыя „Хэльсінскі маніторынг” заклікала зьняць хрысьціянскія сымбалі з будынкаў судоў і школаў. У гэтым дапамогуць прафсаюзу зь лібэральнымі поглядамі.

Ініцыятыву грэцкай царквы падтрымаў праваслаўны епіскап уроцлаўскі й шчэцінскі Ярэмій. „Цягам апошніх дзьвюх дэкадаў адбылося вельмі шмат пазытыўных кантактаў паміж праваслаўнымі, каталікамі й пратэстантамі. Пра гэтую супрацу асабліва не гаворыцца, але кантакты паміж сьвятарамі й звычайнымі вернікамі рэгулярныя. Рашэньне Трыбуналу можа гэтае супрацоўніцтва зблізіць”, - казаў архіепіскап.

Каталікі, зь якімі размаўлялі журналісты газэты „Rzeczpospolita”, пазытыўна паставіліся да прапановы царквы. „Крыж зьяўляецца агульным сымбалем для ўсіх хрысьціянаў. У абліччы атакі на крыж розьніцы паміж веравызнаньнямі ня маюць значэньня. Тут, у Вялікабрытаніі, мы часта супрацоўнічаем з пратэстантамі ў барацьбе супраць абортаў. Тым больш, мы можам аб’яднацца ў барацьбе за крыж”, – адзначыў Мішэль Акэрман з брытанскай каталіцкай арганізацыі Pro Ecclesia et Pontifice.

Паводле Акэрмана, у Эўропе няверуючы сьвет абвесьціў вайну хрысьціянскай традыцыі. „Мы дайшлі да моманту, калі трэба сказаць „стоп”. Калі цяпер хрысьціяне ня выступяць у абарону крыжа, то яны ня змогуць называцца хрысьціянамі. Засьлепленыя нянавісьцю заатакавалі нашую сьвятасьць. Магчыма, эфэкт іх дзеяньняў будзе адваротным ад заплянаванага. Гэтае рашэньне можа прычыніцца да пагадненьня паміж хрысьціянамі, а разам мы напэўна пераможам”, – казаў Мішэль Акэрман.

У сваю чаргу карэспандэнт Польскага радыё ў Італіі перадае, што ў краіне, асабліва на правінцыі, жыхары ўжо пачалі акцыі ў абарону крыжоў у школах. На рашэньне Трыбуналу зарэагавалі як італьянскія ўлады, так і звычайныя грамадзяне. Італьянская прэса падкрэсьлівае, што крыж зьяўляецца сымбалем ня толькі веры, але й італьянскай нацыянальнай тоеснасьці. 

Апэляцыю на рашэньне Трыбуналу падасьць урад Сільвіё Бэрлюсконі. Біскупы Італіі цешацца гэтай інфармацыяй, але спадзяюцца, што зарэагуюць таксама эўрапейскія ўстановы. Самі італьянцы па-рознаму выказваюць сваё абурэньне. Некаторыя нават вельмі выразна. Пры ўезьдзе ў мястэчка Монтэгрота Тэрмэ каля Падуі жыхары ўсталявалі крыж, а побач паставілі шыльду з напісам: „Мы яго ня зьнішчым”. Дэпутат урадавай партыі „Народ свабоды” паставіў на сваім падворку крыж зь белага мармуру вышынёю 4 мэтры. Бурмістар гарадку Сецадыё пад Алексадрыяй пагражае штрафам у 500 эўра кожнаму, хто паспрабуе зьняць крыж з ратушы. Улады адной з правінцый на поўначы краіны плянуюць у сваім статуце зрабіць запіс пра хрысьціянскія карані.

Крытычна да рашэньня Трыбуналу ў Страсбурзе паставілася й Польшча. Падчас сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці 11 лістапада пра гэта казаў прэзыдэнт краіны Лех Качыньскі: „Ніхто ў Польшчы ня будзе браць пад увагу інфармацыю, што ў школах нельга вешаць крыжы. Няварта на гэта разьлічваць”.

У Трыбунал па правах чалавека зьвярнулася італьянка фінскага паходжаньня. 7 гадоў таму яна патрабавала ў дырэкцыі школы, у якую хадзілі яе два сыны, каб у клясах былі зьнятыя крыжы. Яна аргумэнтавала, што так павінна стацца ў імя нерэлігійнага характару Італіі. Суды розных інстанцыяў не прызнавалі жанчыне рацыі. Паводле іх, крыж зьяўляецца сымбалем гісторыі й культуры Італіі, а таму й часткаю нацыянальнай тоеснасьці. Аднак Трыбунал у Страсбурзе вырашыў інакш і загадаў заплаціць жанчыне 5 тысяч эўра кампэнсацыі за маральную шкоду.

 


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone