Першая ахвяра сьвінога грыпу ў Польшчы – зазначае “Gazeta Wyborcza”. У пятніцу вечарам у інфэкцыйным шпіталі ў Гданьску ў выніку запаленьня лёгкіх памёр 37-гадовы мужчына, у якога раней быў здыягназаваны вірус A/H1N1.
У чацьвер мужчына быў дастаўлены ў Гданьск з раённага шпіталя ў гарадку Пуцк, дзе лячыўся 5 дзён. З моманту прыбыцьця ў гданьскую больніцу хворы знаходзіўся ў вельмі цяжкім стане, ляжаў на аддзеле інтэнсіўнай тэрапіі, дыхаў пры дапамозе расьпіратара. Лекары давалі хвораму антывірусны прэпарат “Таміфлю”, аднак, на жаль, высілкі мэдыкаў не прынесьлі рэзультату. Паводле ўрачоў, на сьмерць пацыента ўплыў мелі ня толькі ўскладненьні, якія зьявіліся ў выніку грыпу, але й агульны стан здароўя мужчыны. У яго, у прыватнасьці, былі праблемы з сардэчна-сасудзістай сыстэмай і пячонкай, а таксама зь нізкім імунітэтам, які не зьвязаны з грыпам, зазначае “Gazeta Wyborcza”.
Санкцыі Эўразьвязу супраць афіцыйнага Менску ня будуць адмененыя, але надалей іх дзеяньне будзе прыпынена да кастрычніка 2010 году, паведамляе “Rzeczpospolita”. Такое рашэньне плянуюць прыняць міністры замежных справаў Эўразьвязу на сустрэчы ў Брусэлі, якая адбудзецца ў панядзелак і аўторак. Фактычна атрымліваецца, што санкцый ня будзе, аднак Эўразьвяз у кожны момант можа прыняць рашэньне аб іх дзеяньні. Газэта прыгадвае, што санкцыі – гэта забарона на ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу Аляксандра Лукашэнкі й некалькіх дзясяткаў чыноўнікаў.
Паводле дэпутата Эўрапарлямэнту Яцэка Пратасевіча, у Беларусі назіраюцца зьмены, але яны не такія, як бы хацелася, таму санкцыі не адменены, а прадоўжаны мараторый на іх дзеяньне.
Паводле рапарту, падрыхтванага Міжнароднай журналісцкай фэдэрацыяй, у Беларусі надалей абмяжоўваецца свабода слова. Паводле старшыні арганізацыі Марка Грубэра, у Беларусі можна адчыніць незалежную газэту, толькі яна ня трапіць у кіёскі. Можна таксама заснаваць радыё ці тэлебачаньне, але нельга ўмешвацца ў палітыку, зазначае Марк Грубэр. Яцэк Пратасевіч гаворыць, што ў Беларусі надалей абмежаваная дзейнасьць палітычных партый і няўрадавых арганізацый, а выбарчае заканадаўства не выконвае дэмакратычных стандартаў. Акрамя таго, зьявіліся праблемы свабод для нацыянальных меншасьцяў. Нядаўна беларускі парлямэнт прыняў папраўкі ў закон аб мовах. Згодна зь ім, у беларускіх школах можна вывучаць польскую мову, але толькі па дазволу Міністэрства адукацыі. Раней пра гэта вырашалі мясцовыя ўлады. А нядаўна віцэ-міністар адукацыі Беларусі Аляксандар Жук сказаў, што ў краіне не плянуецца стварэньня спэцыяльных школаў для нацменшасьцяў. Пратэст па гэтаму пытаньню выказаў амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін. У сувязі з гэтым Міністэрства адукацыі заявіла, што новыя правілы ня тычацца польскіх школаў у Горадні й Ваўкавыску, якія ўжо існуюць.
Тым часам кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімір Макей адклікаў заплянаванае на ўчора паседжаньне Грамадзка-кансультацыйнай рады, у склад якой уваходзяць і прадстаўнікі апазыцыі. На паседжаньні плянавалася агаварыць праект зьменаў у выбарчае заканадаўства, каб увесьці ў яго зьмены, якіх патрабуюць ад Менску Эўрапейскі Зьвяз і Арганізацыя па супрацоўніцтву й бясьпецы ў Эўропе, паведамляе штодзёнка “Rzeczpospolita”.
Сёньня ў Польшчы адзначаецца прафэсійнае сьвята дыпляматаў – Дзень замежнай службы. З гэтае нагоды Міністэрства замежных справаў Польшчы праводзіць Дзень адчыненых дзьвярэй, паведамляе газэта “Życie Warszawy”. Кожны жадаючы можа наведаць галоўны будынак зьнешнепалітычнага ведамства ў Варшаве, пабываць у кабінэтах, у тым ліку ў службовым кабінэце міністра Радаслава Сікорскага. Акрамя таго, дыпляматы раскажуць гасьцям шмат цікавага, зьвязанага з дыпляматычным жыцьцём. Для прыкладу, як выбраць адпаведную вопрактку ў залежнасьці ад мерапрыемства, ці як сябе весьці падчас афіцыйных урачыстасьцяў. Спэцыялісты таксама пазнаёмяць, як правільна запрашаць гасьцей, як накрываць і падаваць да стала, а таксама як есьці “цяжкія” стравы, напрыклад, амары ці крабы, паведамляе “Życie Warszawy”.
ВС