Пра гэта размаўляюць у Польшчы


Два гады ўраду Дональда Туска 14.11.2009

16 лістапада мінае 2 гады працы ўраду польскага прэм'ер-міністра Дональда Туска. Рада міністраў была пакліканая й склала прысягу 16 лістапада 2007 году. 24 лістапада кааліцыйны ўрад партый Грамадзянская плятформа (PO) й Польская сялянская партыя (PSL) атрымаў вотум даверу ад Сэйму Польшчы.

За дзень да гэтага прэм'ер Дональд Туск выступіў з прамоваю, у якой паабяцаў, між іншым, паніжэньне падаткаў, павышэньне заробкаў настаўнікам і працаўнікам мэдычных службаў, завяршэньне пэнсійнай рэформы, барацьбу з карупцыяй, а таксама зьмяншэньне беспрацоўя.

Цяпер розныя палітычныя сілы й экспэрты ацэньваюць два гады працы й рэалізацыю дадзеных урадам Дональда Туска абяцаньняў.

Галоўным посьпехам Грамадзянскай плятформы пасьля двух гадоў зьяўляецца рост падтрымкі з боку палякаў - падкрэсьлівае маршалак Сэйму Браніслаў Камароўскі. Ён дадае, што гэты ўрад зьяўляецца, бадай, адзіным, які пасьля двух гадоў мае большую падтрымку, чым у дзень выбараў. Паводле Браніслава Камароўскага, высокую ацэнку ўрад заслужыў дзякуючы замежнай палітыцы і ўзмацненьню пазыцыі Польшчы ў міжнародных структурах. Ёсьць таксама й посьпехі ва ўнутранай палітыцы.

Б. Камароўскі: Варта назваць, хоць не да канца рэалізаваную, рэформу службы аховы здароўя. А не была яна рэалізаваная па прычыне вэта прэзыдэнта. Назаву таксама цяжкую й рызыкоўную рэформу пэнсійнай сыстэмы. Гаворка ідзе пра пераход на ранейшую пэнсію. Я высока ацэньваю пасьлядоўныя зьмены, якія праводзіла Міністэрства адукацыі. Гэтыя зьмены набліжаюць польскую сыстэму адукацыі да больш сучасных мэтадаў на Захадзе.

У меркаваньні палітыка Грамадзянскай плятформы, да посьпехаў ураду Туска можна залічыць вырашэньне складаных справаў, якія ўрад атрымаў у спадчыну ад папярэдняй улады.

Б. Камароўскі: Я маю на ўвазе агромную заангажаванасьць у выратаваньне польскіх суднаверфяў, якія павінны былі вярнуць грошы, атрыманыя ад Эўрапейскай камісіі. Таксама ўраду ўдалося пазьбегнуць штрафаў за дрэннае прызначэньне гэтых грошай, да чаго прывёў папярэдні ўрад.

У сваю чаргу сацыёлягі ацэньваюць два гады кіраваньня ўраду Дональда Туска наступным чынам: добрае адміністраваньне й вельмі слабое кіраваньне. Яны зьвяртаюць увагу на тое, што ўрад спраўляецца з часовымі праблемамі, але складанасьці зьяўляюцца ў моманце, калі трэба праводзіць рэформы.

Прафэсар Яцэк Раціборскі з Варшаўскага ўнівэрсытэту кажа, што кааліцыя Грамадзянскай плятформы й Польскай сялянскай партыі настаўленая на часовыя эфэкты, а не на канстытуцыйную палітыку.

Я. Раціборскі: Рэформа службы аховы здароўя не ўдалася, але можна сказаць, што была спроба. Калі казаць пра канстытуцыйную палітыку, то трэба ўзгадаць новае бачаньне працы дзяржаўных СМІ. У выніку мы бачым хаос, рэформа не ўдалася й завершылася шкоднымі рашэньнямі для мэдыяў. Таксама застаецца нявырашаная праблема пэнсійнага ўзросту. Бачна, што ўрад ня ўзяўся за цяжкія справы, яны адсунутыя на бок.

Прафэсар Раціборскі зазначае, што посьпехам кааліцыі зьяўляецца факт, што яна не распалася.

А вось сацыёляг прафэсар Анджэй Рыхард з Польскай акадэміі навук менш крытычна ставіцца да ўраду Дональда Туска. Ён дацэньвае, што ўрад зьмяніў палітычную атмасфэру ў Польшчу. Аднак ён таксама заўважае, што сур'ёзных рэформаў праведзена не было.

А. Рыхард: Калі б у прэзыдэнцкім палацы адбыліся палітычныя зьмены, калі б прэзыдэнтам стаў чалавек з падобнымі поглядамі да дзейнага ўраду, то ўрад страціў бы галоўны аргумэнт, якім карыстаецца, а менавіта, што прэзыдэнт перашкаджае зрабіць многія рэчы. Прэзыдэнт не тармазіў бы розных прапановаў ураду. Гэта быў бы дасканалы й вельмі моцны тэст для ўраду, ці ёсьць у ім гэтая рэфарматарская здольнасьць.

Найбольш экспэрты крытыкуюць Міністэрства здароўя. Яны нагадваюць, што два гады таму Дональд Туск абяцаў павелічэньне сродкаў на працу службы аховы здароўя, на зарплаты лекарам і мэдсёстрам. Большасьць экспэртаў мяркуе, што міністар Эва Копач не пануе над справамі аховы здароўя ў краіне.

Найлепшым, паводле публіцыста Януша Раліцкага, зьяўляецца ва ўрадзе Дональда Туска міністар фінансаў Яцэк Растоўскі. Абраная міністрам палітыка эфэктыўна абараніла Польшчу ад наступстваў сусьветнага эканамічнага крызысу.

Я. Раліцкі: Гэтага ў нас не дацэньваюць. Але Польшча нейкім шчасьцем, якога ніхто ня мог прадбачыць, дасягнула сапраўднага посьпеху. Яна не паддалася найбуйнейшаму крызысу пасьля Другой сусьветнай вайны. Палітыка міністра Растоўскага, хоць шматразова крытыкаваная, аказалася станоўчай. Мы маем пазытыўны рост валавага ўнутранага прадукту, як адзіная краіна ў Эўразьвязе.

Палітолягі зазначаюць, што посьпехам ураду зьяўляецца таксама ўвядзеньне прафэсійнага войска, вывад польскіх жаўнераў зь Іраку, а таксама падпісаньне Лісабонскага трактату.

Сярод абяцаньняў, якія два гады таму даваў прэм'ер-міністар, не дачакаліся рэалізацыі паніжэньне падаткаў і ўвядзеньні лінейнага падатку.

Сам Дональд Туск да сваіх посьпехаў залічвае пэнсійную рэформу. Яна значна зьменшыла колькасьць прафэсій, якія могуць перайсьці на ранейшую пэнсію. Паводле прэм’ера, урад узяўся за справы, якія не хацелі вырашаць папярэднія ўрады.
 
 А.П.


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone