Падзеі й камэнтары


Невядомая гісторыя: міты й факты 14.11.2009 слухаць 3,96 MB

У Варшаве адбыўся паказ трохсэрыйнага дакумэнтальнага фільму “Беларусь пад нямецкай акупацыяй”. Рэжысэр кінастужкі – Антось Цялежнікаў, зьнята карціна тэлеканалам “Белсат”.

Дакумэнтальная карціна ўражвае. Па-першае, таму, што зроблена на падставе гістарычнай працы Юры Туронка – беларускага гісторыка, які жыве ў Варшаве, і які шмат гадоў займаецца дасьледаваньнем гісторыі Беларусі часоў Другой сусьветнай вайны й зьяўляецца спэцыялістам у згаданай галіне. Па-другое, дакумэнтальны фільм паказвае гістарычныя падзеі тых часоў у як мага аб’ектыўным сьвятле. Для прыкладу, глядач бачыць ня толькі злачынствы, зьдзейсьненыя гітлераўцамі, але й забойствы мірных жыхароў партызанамі.
Адным з галоўных герояў фільму зьяўляецца перакладчык і літаратар, вядомы польскі дыктар і пазаштатны супрацоўнік Беларускай службы Польскага радыё Часлаў Сэнюх. Ён нарадзіўся ў міжваенны пэрыяд на Наваградчыне, на тэрыторыі тагачаснай Польшчы. Лічыць сябе палякам, хоць вельмі цесна зьвязаны зь Беларусьсю. У прыватнасьці, у гады акупацыі ён быў чальцом Саюзу беларускай моладзі, які ў савецкай гістарыяграфіі акрэсьліваецца калябарацыйным. Насамрэч, многія хлопцы й дзяўчаты ўступалі ў СБМ таму, што былі беларускімі патрыётамі, уступалі на хвалі пэўнага нацыянальнага адраджэньня, якое ў корань выразалася бальшавікамі. Часлаў Сэнюх зазначае, што не спадзяваўся, што калі-небудзь паўстане такі фільм.

Пра Другую сусьветную вайну існуе шмат мітаў, якія ўбіваліся ў галовы беларусаў цягам дзесяцігодзьдзяў, убіваюцца й сёньня. Падчас прэзэнтацыі фільму “Беларусь пад нямецкай акупацыяй” Часлаў Сэнюх абвергнуў яшчэ адзін гістарычны міт, а менавіта: пасьля таго, як Заходнюю Беларусь у 1939 годзе заняла Чырвоная Армія, пачаліся савецкія парадкі. У выніку людзям у вочы заглянуў голад, часта задаралася нястача ежы, хоць у часы Польшчы насельнікі мелі, што паставіць на стол. Калі ж у Беларусь прыйшлі немцы, зноўку зьявіліся харчы, людзі мелі што есьці. Акупанты далі сялянам зямлю, якая была забрана саветамі, і селянін мог пракарміць ня толькі сябе, але й горад.

Ад сябе асабіста хацеў бы дадаць, што фільм варта паглядзець, а асабліва зь ім павінны пазнаёміцца асобы, якія цікавяцца гісторыяй. Я, як аматар гісторыі, у тым ліку Другой сусьветнай вайны, адкрыў для сябе некаторыя малавядомыя факты.

Валера Саўко

(рэпартаж з прэзэнтацыі ў далучаным гукавым файле)    


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone