Гісторыя, якая базуецца на хлусьні, ня можа спрыяць паяднаньню. Да такой высновы адзінагалосна прыйшлі інтэлектуалы, якія прымалі ўдзел у польска-расейскім круглым стале на тэму тоеснасьці, памяці й гістарычнай палітыкі, чытаем у выданьні „Gazeta Wyborcza”.
Больш за год Фундацыя „Прэс-цэнтар для краін Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы” ладзіць дэбаты польскіх і расейскіх інтэлектуалаў, якія адбываюцца па-за галоўнай плыньню палітычных адносінаў. Таксама ня маюць нічога супольнага з працамі групаў па вырашэньні складаных пытаньняў ці польска-расейскага Форуму грамадзянскага дыялёгу.
- Мы - незалежныя, і мэтанакіравана пасадзілі пры адным стале прадстаўнікоў лібэральнай інтэлігенцыі з абедзьвюх краінаў, каб яны мелі магчымасьць падыскутаваць пра ўсё тое, што нас аб’ядноўвае й дзеліць, -сказаў Стэфан Браткоўскі, старшыня фундацыі й арганізатар дэбатаў.
Зладжаная ў выходныя сустрэча была трэцяй па ліку й датычыла мінулага.
- Як палякі, так і расейцы маюць даволі моцнае пачуцьцё нацыянальнай тоеснасьці, а гэта можа быць адной з прычынаў непаразуменьня, - лічыць прафэсар сацыялёгіі Эдмунд Унук-Ліпіньскі. На яго думку, ня будзе згоды ў пытаньнях узаемнай памяці, калі людзі ня будуць свабодна й у духу праўды гаварыць пра дзьве балючыя для палякаў гістарычныя падзеі: 17 верасьня 1939 году й катынскае злачынства. Прафэсар Ліпіньскі дадаў, што зьмена расейскай пазыцыі будзе даволі складанай, паколькі „рэвізія праўды даволі часта патрабуе рэвізіі тоеснасьці”, да якой Расея пакуль што не гатовая, і надалей будуе сваю тоеснасьць на міце перамогі СССР у Другой сусьветнай вайне.
Расейскі прафэсар сацыялёгіі Ігар Клямкін зазначыў, што такая рэвізія будзе магчымай толькі тады, калі Расея стане дэмакратычнай краінай. Ён зазначыў, што для сёньняшняга расейскага ўраду падзеі 1939 году не зьяўляюцца гістарычнымі фактамі, якіх трэба саромецца.
- Нашыя палітычныя эліты перкакананыя ў тым, што калі мы перамаглі ў вайне, то ня трэба мець ніякага пачуцьця віны, - падсумаваў Ігар Клямкін.
У польска-расейскіх адносінах існуе шмат стэрэатыпаў, якія трэба пераламаць, падсумавалі удзельнікі круглага стала на тэму тоеснасьці, памяці й гістарычнай палітыкі, які адбыўся ў Варшаве, а тэму апісала „Gazeta Wyborcza”.
Аўстралія просіць прабачэньне за пакуты брытанскіх дзяцей, паведамляе „Rzeczpospolita”.
Урад у Канбэры перапросіць брытанскіх эмігрантаў, якія, будучы дзецьмі, былі прымусова вывезеныя ў Аўстралію. Лёндан не сьпяшаецца з выкананьнем падобнага жэсту.
Ад 1929 да 1967 году больш за 150 тысяч брытанскіх дзяцей былі вывезеныя ў Канаду, Аўстралію, Новую Зэляндыю й ПАР. Перасяленьні адбываліся з мэтаю папаўненьня былых ангельскіх калёніяў „добрым генэтычным матэрыялам” і зьняцьця празьмернага цяжару з ангельскай сацыяльнай сыстэмы. Праграма ахоплівала дзяцей-сіротаў і дзяцей з бедных сем’яў, аддадзеных у прытулкі.
Чарговыя ўрады пераковалі, што за акіянам дзяцей чакае лепшае будучае. Аднак, нават у новых месцах дзеці траплялі ў прытулкі, альбо былі таннай працоўнай сілай на фэрмах. Большасьць зь іх не атрымала нават пачатковай адукацыі, за тое часта былі ахвярамі фізічнага й сэксуальнага насільля.Дзецям гаварылася, што іх бацькі памерлі, а бацькам - што дзяцей усынавілі новыя сем’і.
7 тысяч прымусовых перасяленцаў надалей жыве ў Аўстраліі й патрабуе, каб урады ў Лёндане й Канбэры папрасілі ў іх прабачэньня.
Аўстралійскі прэм’ер-міністар Кэвін Руд абяцаў, што сёньня падчас афіцыйнай цырымоніі ў парлямэнце перапросіць за пакуты сіротаў, якія былі ў дзіцячых дамах ад 1930 па 1970 гады. Аднак яны ў першую чаргу чакаюць на жэст з Лёндану. Гордан Браўн заявіў, што перапросіць, але невядома, калі. Значная колькасьць ахвяраў перасяленьня, акрамя слова „прабачце”, жадае высокіх кампэнсацыяў, паведамляе „Rzeczpospolita”.
У Белградзе памёр патрыярх Павел, які ачольваў Сэрбскую праваслаўную царкву падчас Балканскіх войнаў у 90-х гадох, інфармуе „Dziennik Gazeta Prawna” . Іерарху было 95 гадоў. Ягоныя крытыкі закідвалі, што ён ня здолеў затрымаць часткі радыкальных праваслаўных сьвятароў перад далучэньнем да хвалі сэрбскага нацыяналізму, скіраванай супраць каталіцкіх харватаў і мусульманскіх басьнійцаў, напісаў „Dziennik Gazeta Prawna”
КР